
«У мэтах аказання стрымліваючага ўздзеяння на дэструктыўныя элементы, а таксама дэманстрацыі рашучай барацьбы са здрадай дзяржаве праектам Закона прапануецца ўнясенне змяненняў у санкцыю часткі 2 артыкула 356 КК, якія прадугледжваюць магчымасць прымянення выключнай меры пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання за здраду дзяржаве, учыненай службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца. У гэтай сувязі прыводзяцца ў адпаведнасць таксама артыкулы 58 і 59 КК», — гаворыцца ў праекце.
Варта зазначыць, што беларускія і сусветныя праваабаронцы, якія выступаюць за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі, неаднаразова, са спасылкай на даныя розных даследаванняў паведамлялі — наяўнасць у краіне смяротнай кары не з’яўляецца «стрымліваючым» фактарам ці фактарам прафілактыкі злачынстваў. Наадварот: наяўнасць смяротнага пакарання робіць грамадства больш жорсткім.
Апроч таго, у дыспазіцыю артыкула 369-1 КК уносіцца дадатак «у мэтах устанаўлення адказнасці за распаўсюд заведама ілжывых звестак, якія дыскрэдытуюць Узброеныя сілы, іншыя войскі і воінскія фарміраванні, ваенізаваныя арганізацыі Рэспублікі Беларусь».
«Увядзенне такой прававой нормы будзе з'яўляцца дзейснай прэвентыўнай мерай распаўсюду заведама ілжывай неадпаведнай рэчаіснасці інфармацыі аб беларускай арміі і іншых сілавых структурах», — гаворыцца ў праекце.
Нагадаем, што аналагічныя законы аб «фэйках» у дачыненні да расійскага войска былі прынятыя ў Расіі пасля ўварвання ва Украіну. Расійская ўлада лічыць «фэйкамі» любую крытыку арміі і «спецаперацыі ва Украіне».