У Беларусі з XVI стагодзьдзя забівалі за дзяржаўную здраду. А дзе яшчэ за гэта пазбаўлялі жыцьця?

Рэжым хоча ўвесьці сьмяротнае пакараньне для дзяржаўных службоўцаў і супрацоўнікаў сілавых структураў за тое, што ён палічыць дзяржаўнай здрадай. Што ж, так спрабавалі захаваць сваю ўладу ўва ўсе часы і ў розных краінах. Але ці атрымалася?

hrecyja_rym.jpg

Старажытны Эгіпет

У Старажытным Эгіпце злачынствы супраць дзяржавы і фараона лічыліся найбольш страшэннымі. Адзінай мерай пакараньня была сьмерць, незалежна ад сацыяльнага статусу асуджанага. Пакаралі сьмерцю нават набліжаных фараона.

Як сьцьвярджаецца ў Турынскім судовым папірусе, на фараона Рамзэса III быў учынены замах, у выніку якога ён памёр і адышоў у іншы сьвет. Ужо адтуль, мяркуючы па запісах у папірусе, ён зьвярнуўся з настаўленьнем да судзьдзяў, якія разглядалі справу аб замаху.

ehipet.jpg

Змова супраць Рамзэса III арганізавала адна зь яго малодшых жонак Ція, нібы спадзеючыся ўзьвесьці на пасад свайго ўласнага сына. Да змовы далучыліся іншыя прадстаўніцы гарэма, а таксама некаторыя вайсковыя кіраўнікі.

Змоўшчыкі былі прысуджаныя да сьмяротнай кары, прычым некаторыя зь іх павінны былі ўчыніць самагубства. Акрамя таго, перад сьмерцю іх пазбавілі імёнаў і замянілі іх на крыўдныя мянушкі — гэта пазбаўляла іх надзеі на годнае замагільнае жыцьцё.

Наступным фараонам стаў Рамзэс IV у 1156 годзе да нашай эры, чыё ўзыходжаньне на пасад і жадала прадухіліць Ція. 

Старажытная Грэцыя

Легендарны Лікург — заканадаўца Спарты ў ІХ стагодзьдзі да нашай эры вельмі адназначна апісваў, што ён думае пра здраднікаў радзімы. 

likurh.jpg

«Слушна, што пакараньне за іншыя злачынствы прыходзіць пасьля іх, але пакараньне за здраду павінна папярэднічаць распаду дзяржавы. Калі вы прапусьціце зручны момант, калі гэтыя людзі зьбіраюцца зрабіць што-небудзь здрадніцкае супраць сваёй дзяржавы, вы не зможаце атрымаць справядлівасьць ад людзей, якія ўчынілі зло: бо яны становяцца мацнейшымі за пакараньне, магчымае з боку тых, хто пацярпеў крыўду». 

Старажытны Рым

У V ст. да нашай эры «Закон Дванаццаці табліцаў» загадвае, што кожны, хто ўступіў у змову з ворагам супраць дзяржавы або перадаў грамадзяніна ворагу народа, павінны панесьці сьмяротнае пакараньне».

Старажытныя рымляне выкарыстоўвалі мноства жудасных мэтадаў, каб пакараць асуджаных на сьмерць за здраду.

Адзін зь іх, «пакараньне торбай», прадугледжваў зашываньне моцна зьбітага, але ўсё яшчэ жывога абвінавачанага ў скураную торбу разам з шэрагам жывых жывёлаў, часьцей за ўсё пеўня, сабакі, малпы і зьмяі. Потым торбу кідалі ў ваду. 

Адным са спосабаў пакараньня сьмерцю, прызначаным для забойцаў і здраднікаў, было скіданьне іх з высокай скалы. Адзін з уцёсаў Капіталійскага ўзгорка, які выходзіць на Рымскі форум, быў ідэальным для такіх дзеяньняў. Гэтая скала, названая Тарпейскай, мае сваю назву ў гонар знакамітай здрадніцы, якая спрабавала прадаць Рым яго ворагам у абмен на золата. Яе імя было Тарпея, і яна была дачкой Спурыя Тарпея, які кіраваў абаронай Капіталійскага пагорка. Пасьля таго, як яна дазволіла ворагам прайсьці ў Рым, замест таго, каб абсыпаць яе золатам, яны ўдарылі Тарпею шчытом і раздушылі да сьмерці. Легенда кажа, што цела Тарпеі было пахавана пад скалой, якая носіць яе імя, і на працягу шматлікіх стагодзьдзяў пасьля гэтага ўсе сумна вядомыя здраднікі Рыма былі скінуты з Тарпейскай скалы. Лёс, які лічыўся горшым за сьмерць, таму што меў кляймо ганьбы. Пакараньне сьмерцю шляхам скіданьня з Тарпейскай скалы працягвалася да I стагодзьдзя нашай эры, пакуль не было забаронена законам.

rym_2.jpg

Абразай вялікасьці (Crimin laesae maiestatis) у рымскім праве лічыліся не толькі замахі на забойства або спробы зрынаньня імпэратара, але і пагрозы, абразьлівыя выказваньні адносна асобы або імя імпэратара, жарты ў ягоны адрас. Гэта таксама ўключала апаганьваньне яго статуі або выявы, ваеннае непадпарадкаваньне кіраўніку, допыты астролягаў і прадказальнікаў аб будучыні імпэратара. Такое злачынства дазваляла прымаць меры без доказаў, без афіцыйнага абвінавачаньня. Яно магло быць устаноўлена на падставе даносу, у тым ліку ад раба.

Гэты закон асабліва выконваўся ў часы імпэратара Тыберыя. За час яго кіраваньня ў Сэнаце было вынесена каля 100 такіх працэсаў, і амаль усе яны канчаліся канфіскацыяй маёмасьці і сьмяротным прысудам або самагубствам абвінавачаных.

Наша Эра

Сярэднявечнае права не ведала панятку нацыянальнай дзяржавы. «Здрадай» лічылася здрада сувэрэну, і ў заканадаўстве шматлікіх краінаў адпаведны склад злачынства называўся «абразай вялікасьці». 

Вялікае Княства Літоўскае

Абраза маястату (ад слова majestas — вялікасьць) — юрыдычны тэрмін часоў ВКЛ, які азначаў замах на дзяржаўную ўладу. Гэта дзяржаўная здрада, замах на гонар і годнасьць вялікага князя, распаўсюд ілжывых, ганебных чутак пра яго. Лічылася цяжкім крымінальным злачынствам, якое ў адпаведнасьці з артыкуламі Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года каралася сьмерцю. Ад крымінальнай адказнасьці вызваляліся асобы, што зрабілі гэта «з глупства або шаленства».

vkl_2.jpeg

Да сучасьнікаў трох Статутаў здрада мела характар відавочнага дзеяньня — як правіла, уцёкаў у варожую дзяржаву. Неабавязкова дзеяньне мусіла быць даведзенае да канца — дастаткова было падрыхтоўкі да яго. Такая сытуацыя мела месца ў 1506 годзе, калі палітычны ўцякач з Крымскага ханства Сахмат разам з паплечнікамі быў абвінавачаны ў намеры вярнуцца на радзіму. Справу разглядаў вялікі князь Аляксандар сумесна з Радай ВКЛ. Сахмата прызналі здраднікам і прысудзілі да зьняволеньня ў Коўні, дзе ён неўзабаве і памёр.

statut_1588_1.jpg

Вялікі розгалас мела здрада нейкага Віктарына, які праз свайго слугу Ястржэмбскага выслаў ліст да Івана Жахлівага ў Маскву. Пасланца злавілі разам з кампраматам. Абодвух абвінавацілі ў здрадзе і аддалі пад суд, які адбыўся ў 1563 годзе ў Вільні на чале з Жыгімонтам Аўгустам. Справу давялі да пакараньня вінаватага, перш за ўсё дзякуючы рэчаваму доказу, якім быў уласнаручна напісаны ліст да Івана Жахлівага.

Віктарын быў пакараны сьмерцю і чвартаваны ў Вільні на рынку, а Ястржэмбскаму, ягонаму служку, адсеклі галаву. Цікава, што ўсе сучасьнікі, якія пісалі пра здрадніка, называлі яго проста Віктарынам, не згадваючы роду, да якога ён належаў. Такая сытуацыя была характэрная для ўсяго пэрыяду аж да падзелаў Рэчы Паспалітай. Тлумачылася гэта тым, што ганебны ўчынак кідаў цень на ўвесь род.

Аднак гісторык Караль Лапатэцкі здолеў высьветліць асобу здрадніка — гэта быў Віктарын Гедройць.

Статут 1588 года.

Да найцяжэйшых злачынстваў адносіліся:

Змова або бунт (як даведзенае да рэалізацыі дзеяньне, так і сам намер), выяўленыя ў форме замаху на ўладу вялікага князя. Найманьне войска з мэтай захопу або дапамогі ў захопе вялікакняскага трону. Уступленьне ў кантакт або перадача якіх-небудзь зьвестак, карысных ворагу, асабіста або пры дапамозе лістоў ці паслоў. Здача замка ворагу. Спрыяньне нападу на землі ВКЛ варожых войскаў.

Усе пералічаныя злачынствы караліся сьмерцю, ганьбаваньнем і канфіскацыяй усёй маёмасьці, а з 1588 года дадаткова ўводзілася сьмяротная кара і ганьбаваньне для паўналетніх сыноў, якія ведалі пра бацькавы намеры.

Самым вядомым выпадкам Crimen laesae maiestatis у Польскім каралеўстве быў няўдалы замах Міхала Пякарскага на караля Жыгімонта III у 1620 годзе, які выклікаў абурэньне шляхты, якая ганарылася адсутнасьцю забойцаў караля ва ўласнай гісторыі. 

Кітай

У гэтай краіне яшчэ ў сярэднявеччы быў прыдуманы ўласны страшэнны спосаб пакараньня сьмерцю за дзяржаўную здраду і бацьказабойства — Лінг-чы. Ён выкарыстоўваўся аж да 1905 года. Лінг-чы азначае літаральна «сьмерць ад тысячы парэзаў». Ад цела ахвяры адразалі невялікія фрагмэнты, прычым для кожнай часткі цела прызначаўся асобны нож, і працягвалася ўсё гэта вельмі доўга. Сканчвалася разьня ўдарам у сэрца. Ахвяру папярэдне напампоўвалі опіюмам — ці то з міласэрнасьці, ці то каб яна была ў прытомнасьці падчас экзэкуцыі.

kitaj_5.jpg

У наш час Кітай зьяўляецца безумоўным лідэрам па колькасьці сьмяротных выракаў — некалькі тысячаў у год. Дакладныя лічбы сусьветнаму грамадзтву невядомыя. 

Вялікая Брытанія

У Англіі XVI ст. пад дзяржаўную здраду часта падводзілася любое парушэньне асаблівых загадаў караля (напрыклад, асуджэньне шлюбаў Генрыха VIII). У сучаснай Вялікай Брытаніі панятак дзяржаўнай здрады трактуецца надзвычай вузка – як замах на асобу манарха.

ЗША

Калі эўрапейскія пасяленцы прыйшлі ў Новы Сьвет, яны прынесьлі практыку сьмяротнага пакараньня. Першае зафіксаванае пакараньне сьмерцю ў новых калёніях было пакараньне капітана Джорджа Кендала ў калёніі Джэймстаўн у Вірджыніі ў 1608 годзе. Кендал быў пакараны за тое, што быў шпіёнам на карысьць Гішпаніі.

У наш час дзяржаўнай здрадай у ЗША лічыцца вядзеньне вайны супраць іх, альбо далучэньне да ворагаў і аказаньне ім дапамогі. З 1952 года ў ЗША не было ніводнага прысуду за дзяржаўную здраду.

Ізраіль

У Ізраілі сьмяротнае пакараньне ўжывалі двойчы: у 1948 годзе падчас вайны за незалежнасьць быў пакараны за дзяржздраду капітан Мэір Тувіянскі, а ў 1962-м нацысцкі злачынец Адольф Эйхман. Тувіянскі пазьней быў цалкам рэабілітаваны. Сам, праўда, пра гэта не даведаўся. 

Эгіпет

У 2013 годзе зрынутага прэзыдэнта Мухамэда Мурсі пачалі судзіць за дзяржаўную здраду.

mursi_1.jpg

Разам зь ім на лаве падсудных апынуліся сотні людзей, у тым ліку лідэры руху «Браты-мусульмане», да якога належаў і сам Мурсі. Усе яны абвінавачваліся ў змове з «замежнымі арганізацыямі» з мэтай учыненьня тэрарыстычных актаў усярэдзіне краіны. У 2015 годзе быў агучаны прысуд — сьмяротнае пакараньне. Пасьля, у 2016 годзе сьмяротны прысуд быў адменены пад ціскам міжнароднай супольнасьці. Мухамэд Мурсі прысуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня за шпіянаж на карысьць Катара. 17 чэрвеня 2019 года Мурсі страціў прытомнасьць у судзе пасьля слуханьняў, а пасьля і памёр. 

Тайлянд

tajland.jpg

У 2015 годзе распачаўся судовы працэс, падчас якога сьмяротнае пакараньне пагражала чыноўніку за абразу каралеўскай асобы, што прыраўнана да дзяржаўнай здрады. У Тайляндзе дзейнічаюць адны з самых жорсткіх законаў аб абразе яго каралеўскай вялікасьці ў сьвеце. На жаль, лёс абвінавачанага — Мантры Сатангкура — застаўся невядомым.

Пакістан

У 2019 годзе адмысловы суд у Ісламабадзе прысудзіў былога прэзыдэнта краіны Пэрвэза Мушарафа да сьмяротнага пакараньня па справе аб дзяржаўнай здрадзе. У краіне існуе адзіная афіцыйная форма сьмяротнага пакараньня — павешаньне.

Пракуроры вылучылі абвінавачаньне яшчэ ў 2013-м. Увесь гэты час суд слухаў справу, але Мушараф не зьяўляўся на апошніх паседжаньнях, знаходзячыся ў Дубаі, куды яму было дазволена зьехаць на лекаваньне ў 2016 годзе. Там ён і даведаўся пра сьмяротны прысуд. Суд адхіліў права Мушарафа на прыватнага адваката і прызначыў яму дзяржаўных абаронцаў.

muszaraf.jpg

Знаходзячыся пры ўладзе з 2001 па 2008 год, Мушараф увёў надзвычайнае становішча ў Пакістане ў 2007-м. Таксама было прыпыненае дзеяньне канстытуцыі і арыштаваныя суддзі Вярхоўнага суда. Мушараф гэта зрабіў, каб перамагчы апазыцыю. Мушараф пазбавіў яе права на грамадзкія пратэсты. Суд палічыў, што такім чынам Мушараф зьдзейсьніў дзяржаўную здраду.

Зараз у былога прэзыдэнта адна нагода для радасьці — адсутнасьць дамовы аб экстрадыцыі паміж ААЭ і Пакістанам. 

Саудаўская Арабія

У чэрвені 2021 пляменьніка сёмага караля Саудаўскай Арабіі Салмана, прынца Фахда бін Туркі бін-Абд Аль-Азіза, прысудзілі да сьмяротнага пакараньня.

Раней прынц кіраваў саудаўскімі сіламі ў Емэне. Яго абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе. Улады Саудаўскай Арабіі лічаць прынца датычным да арганізацыі антыўрадавага перавароту. Экспэрты лічаць, што да арышту абвінавачанага датычны насьледны прынц Мухамэд ібн Салман Аль Сауд.

Расея

Бальшавікі ў 1918 годзе абвясьцілі здрадай любыя дзеяньні, скіраваныя «супраць інтарэсаў рабоча-сялянскай дзяржавы».

17 сакавіка 2022 года віцэ-сьпікер ніжняй палаты расейскага парлямэнта Барыс Чарнышоў дапусьціў, што пасьля рэфэрэндуму аб аднаўленьні сьмяротнага пакараньня дадзеную меру пакараньня можна прымяняць у дачыненьні да асуджаных за дзяржаўную здраду. Паводле яго словаў, расейцы па сваім культурным кодзе не жадаюць агрэсіі і помсты. Але ёсьць злачынствы, за якія, як лічыць ён, можна вярнуць сьмяротнае пакараньне. 

М'янма

Ваенныя захапілі ўладу ў М'янме ў лютым 2021 года. З тых часоў прынамсі 114 чалавек былі прысуджаныя да сьмяротнага пакараньня.

У чэрвені 2022 года хунта абвясьціла, што пакарае сьмерцю чатырох чалавек, чые апэляцыі былі адхіленыя. У іх ліку былы заканадаўца Фіа Зэя Таў, з партыі зрынутага лідэра М'янмы Аўн Сан Су Чжы і актывіст К'яў Мін Ю, якія былі прысуджаныя да сьмяротнага пакараньня ваенным трыбуналам у студзені 2022 года па абвінавачваньні ў дзяржаўнай здрадзе і тэрарызьме. 

m_janma.jpg

Выкарыстаньне сьмяротнага пакараньня адбывалася разам з пазасудовымі забойствамі вайскоўцамі мірных жыхароў, якія зараз ацэньваюцца ў амаль 2000 загінулых, у тым ліку падчас масавых забойстваў, разгонаў пратэстоўцаў і авіяўдараў па грамадзкіх месцах. 

Армэнія

armenija.jpg

1 верасьня 2022 года генпракурор Армэніі прапанаваў караць за здраду сьмяротным пакараньнем. Пытаньне, як падкрэсьлілі ў пракуратуры, набыло асаблівую актуальнасьць падчас і пасьля 44-дзённай Арцахскай вайны супраць Азэрбайджану. Генпракуратура адзначыла, што прыйшла да высновы, што Армэнія не мае наўпроставых міжнародна-прававых абавязкаў адносна абсалютнай забароны на пакараньне сьмерцю. Забарона прапісаная ў канстытуцыі краіны.

Аднак генпракуратура дадае, што ў той жа час, паводле іншага артыкула канстытуцыі Армэніі, падчас надзвычайнага або ваеннага становішча асноўныя правы і свабоды чалавека і грамадзяніна могуць быць ва ўсталяваным законам парадку часова прыпыненыя або падвергнутыя абмежаваньням настолькі, наколькі гэтага патрабуе сытуацыя. Нагадаем, адмена сьмяротнага пакараньня была адной з умоваў для ўваходжаньня Армэніі ў Раду Эўропы. 

Дантэ

Дантэ ў «Боскай Камедыі» зьмясьціў здраднікаў у апошнім, 9-м, коле пекла, прызначаным для самых жудасных злачынцаў. Душы здраднікаў радзімы знаходзяцца там. 

vozera_kacyt.jpg

У яго творы іх грызе адразу трыма сваімі пашчамі бацька зла Люцыпар.