Лаяльных засталося на тры дні?
Палата прадстаўнікоў не перастае здзіўляць. Не, мы звыклі, канешне, што яны штампуюць законы па загадзе, але іх жа трэба хаця б чытаць? І тут раптам атрымалася, што «пчолы супраць мёду». Інакш я не разумею, чаму яны падпісалі смяротнае пакаранне для саміх сябе.
Канешне, размова ідзе пра новы законапраект, прыняты ў першым чытанні, згодна з якім за дзяржаўную здраду для дзяржслужбоўцаў і вайскоўцаў прадугледжваецца смяротнае пакаранне. У гэтым законапраекце здзіўляе ўсё, і таму, калі пра яго даведаліся, адразу ўзрушылася экспертная супольнасць.
Па-першае, таму, што ў абгрунтаванні гэтага закона сказана, што такі від пакарання выступае як «стрымліваючая мера». Між тым, праваабаронцамі даўно даказана, што смяротнае пакаранне не выступае стрымліваючым фактарам для злачынцаў. Таму што, як правіла, такія злачынствы здзяйсняюцца «эмацыйна», а не рацыянальна, і чалавек у гэты момант не супастаўляе свае дзеянні з магчымай мерай пакарання. Тым не менш, можа быць, на думку парламентароў, «дзяржаўная здрада» ёсць учынкам рацыянальным? Але цяпер гэтае паняцце выкарыстоўваецца да месца і не да месца. І таму цяжка камусьці будзе ўсвядоміць, што ён здзяйсняе менавіта «здраду».
Па-другое — менавіта вось гэтае «да месца і не да месца». У дзяржаўнай здрадзе цяпер абвінавачваюць каго заўгодна. Напрыклад, у «здраду дзяржаве» публічна абвінавачвалі Святлану Ціханоўскую. Калі хто не памятае, то нагадаю, што Святлана Георгіеўна да таго, як пайшла ўслед за мужам у прэзідэнты, была настаўніцай англійскай мовы і хатняй гаспадыняй — «смажыла катлеты» (памятаеце, чаму з яе кпілі?) А таму не мела доступу ані да якіх дзяржаўных таямніцаў і сакрэтаў, і да дзяржавы ўвогуле. Як і чым яна магла «здрадзіць дзяржаве» — дагэтуль незразумела.
З другога, зноў жа, вынікае «па-трэцяе». Калі смяротная кара за здраду дзяржаве прадугледжваецца для дзяржслужбоўцаў і вайскоўцаў, то дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія галасуюць гэты законапраект, самі і ёсць дзяржслужбоўцы. І прагаласаваць за смяротную кару адносна саміх сябе — гэта фенаменальна.
Для чаго ўвогуле з’явілася гэтае ўзмацненне заканадаўства? Падаецца, гэта яшчэ адзін «трывожны званочак» для грамадства. Палітолаг Валерый Карбалевіч, адзначаючы, што «здраду дзяржаве» цяпер павесіць проста і на любога, напісаў, што гэта ізноў «траўма 2020-га». Аднак насамрэч больш цікава выказаўся тэлеграм-канал «Рэфлексіі і рэакцыі».
«Мы бачым шмат бакоў у бягучых падзеях, у нейкія пагружаныя больш дэталёва, у нейкія менш. У кожнага свой фокус і свае крыніцы інфармацыі, але тым не менш гэта не адмяняе факту: супернічаюць тут сістэмы адкрытыя і закрытыя. Пакуль усё абмяркоўваюць касякі офіса Ціханоўскай нават у дробязях, зусім незразумелым застаецца, што адбываецца ўнутры рэжыму… Асобных зліваў шмат, а суцэльную карціну намаляваць праблематычна — самыя галоўныя цэнтры прыняцця рашэнняў зачыненыя наглуха і непублічныя, усё смецце, якое можа заставацца пад дываном — там застаецца. Таму псіхалагічна сітуацыя ўспрымаецца наступным чынам: "У нас усё горш і горш, а яны як былі маналітам, так і засталіся". Хоць, вядома ж, гэта не можа быць праўдай — проста калі гэтага не відаць, гэта не значыць, што гэтай трансфармацыі няма… Але тое, што рэжым у Беларусі (пакуль не ў Расіі) рыхтуецца да найгоршых сцэнароў, прыкладна навявае на думкі аб тым, як выглядае закрытая частка карціны».
Чаму гэта «трывожны званочак»? Таму што, як слушна заўважыў палітолаг Павел Усаў, па беларускім заканадаўстве дзяржаўнай здрадай ёсць не толькі шпіянаж і выдача дзяржсакрэтаў, але і такая опцыя, як «пераход на бок ворага падчас вайны або ўзброенага канфлікту».
Карацей, Лукашэнка непакоіцца, што ў выпадку паўнавартаснага ўступлення ў вайну вайскоўцы і чыноўнікі пачнуць масава здавацца ў палон. А ў сітуацыі, калі паўнавартаснае ўступленне ў вайну падтрымліваюць толькі 3% насельніцтва Беларусі, — гэта непазбежна.
Усе каментатары былі зачараваныя азначэннем «смяротнае пакаранне», і выпусцілі з-пад увагі яшчэ пару цікавых момантаў зменаў у Крымінальным кодэксе. А яны вартыя ўвагі.
Так, праектам карэктуецца артыкул 360 КК («дыверсія»). Замест «нанясення шкоды эканамічнай бяспекі і абараназдольнасці» мэтай здзяйснення злачынства будзе лічыцца «прычыненне шкоды эканамічнай і (або) ваеннай бяспецы».
Паміж «нанясеннем» і «прычыненнем», насамрэч, вялікая розніца. «Нанесеная» шкода — гэта тое, што здзейснена і можна падлічыць. А «прычыненая» шкода можа быць вельмі рознай. Таму не выключана, што ў нас замест тысячаў «тэрарыстаў» з’явіцца адначасна тысячы «дыверсантаў». Асабліва калі гэта тычыцца «эканамічнай бяспекі». Самае простае — «дыверсіяй» могуць лічыцца і «заклікі да санкцый», у якіх абвінавачваюць, напрыклад, чальцоў незалежных прафсаюзаў (хоць яны такога і не рабілі, а зусім наадварот).
А яшчэ праектам устанаўліваецца памер штрафу за антыдзяржаўныя злачынствы ў памеры ад 500 да 50 тысяч базавых велічынь, а ў асобныя артыкулы ўводзяць «дадатковае пакаранне ў выглядзе штрафу ў мэтах пазбаўлення матэрыяльных актываў асоб, якія ўчынілі злачынствы».
Бо калі раней штраф быў скіраваны на кампенсацыю прычыненай шкоды — маральнай ці матэрыяльнай, — то цяпер могуць «пазбавіць актываў» проста так, не азіраючыся на нанесеную (а не «прычыненую») злачынствам шкоду. Проста таму, што камусьці прыглянуліся «матэрыяльныя актывы».
Цікава, ці падпадаюць пад гэтае дадатковае пакаранне карупцыйныя артыкулы? Калі так, то наступствы будуць феерычныя. Першае: гэта падштурхоўванне чыноўнікаў да той самай «здрады дзяржаве», бо каму спадабаецца быць абрабаваным? Другое: гэта ўяўна паказвае, што грошы ў дзяржавы скончыліся, калі яна мае намер папаўняць бюджэт аж такім чынам — то-бок, эканоміка «прасядае» сур'ёзна. Трэцяе: можна меркаваць, што «прасяданне» будзе больш істотным, бо паскорыцца вывад капіталу за мяжу. Прычым — чыноўніцкага капіталу, каб да актываў не дабраліся тыя, хто хоча іх пазбавіць. Чацвёртае: нашы ж «дэпутаты» амаль спрэс — «крэпкія хазяйственнікі», і канфіскацыя актываў — гэта да іх...
Вось ужо дзе сапраўды «пчолы супраць мёду»!