Беларускі Нацбанк вырашыў выключыць еўра са складу кошыка замежных валют

З сённяшняга дня, 12 снежня, у беларускім валютным кошыку не будзе еўра. Тлумачыцца гэта тым, што змянілася структура беларускага знешняга гандлю

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__5__logo.jpg

Нацбанк Беларусі вырашыў выключыць еўра са складу кошыка замежных валют. Пра гэта паведамляе прэс-служба рэгулятара. «Праўленнем Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне пра выключэнне з 12 снежня 2022 года еўра з пераліку валют, якія ўваходзяць у склад кошыка замежных валют, і ўсталяванні вагаў валют пры разліку кошту кошыка на наступных узроўнях: для расійскага рубля – 60%, долара ЗША – 30%, кітайскага юаня – 10%», — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што ў 2022 годзе назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя павелічэння аб'ёмаў знешняга гандлю Рэспублікі Беларусь з краінамі ЕАЭС, перш за ўсё Расійскай Федэрацыяй, а таксама Кітайскай Народнай Рэспублікай. Адначасова адбываецца пашырэнне выкарыстання нацыянальных валют гандлёвых партнёраў пры ажыццяўленні знешнеэканамічных плацяжоў. Пры гэтым на фоне скарачэння тавараабароту з краінамі Еўрапейскага Саюза разлікі ў еўра зменшыліся.

«У гэтых умовах змянілася структура гандлёвых аперацый у ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа». Адбылося павелічэнне аб'ёму здзелак з расійскім рублём і іх долі ў агульным аб'ёме біржавых таргоў пры адначасовым зніжэнні аб'ёму і ўдзельнай вагі аперацый з еўра. У сувязі з гэтым прынята рашэнне аб выключэнні з 12 снежня 2022 года еўра з пераліку валют, якія ўваходзяць у склад кошыка замежных валют», — тлумачыцца ў прэс-рэлізе.

Пры гэтым правядзенне таргоў еўра ў ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа» працягнецца, а афіцыйны курс беларускага рубля да еўра будзе ўсталёўвацца на падставе інфармацыі аб крос-курсе еўра да долара ЗША на міжнародных фінансавых рынках.

Нагадаем, кітайскі юань упершыню з’явіўся ў беларускім кошыку замежных валют нядаўна — 15 ліпеня 2022 года. Тады кошык пачаў выглядаць такім чынам: расійскі рубель — 50%, долар — 30%, еўра — 10%, кітайскі юань — 10%.

Паводле «Люстэрка», АФН