«Натуральны адбор наадварот»: грошы атрымліваюць найгоршыя

Мы часта чуем, што беларуская эканоміка, асабліва яе дзяржаўны сектар, залішне закрэдытаваная. Прычым крэдыты гэтыя нярэдка з'яўляюцца праблемнымі ўжо ў момант іх вылучэння: банк, выдаючы пазыку, разумее, што атрымаць грошы назад будзе складана.

_belarus_ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__logo.jpg


Тэлеграм-канал «Нашы грошы» вырашыў паглядзець, як размеркаваліся крэдытныя рэсурсы па розных сектарах эканомікі, каб зразумець, якія грошы ідуць на развіццё, а якія — на падтрыманне ілюзіі стабільнасці.

У пачатку кастрычніка гэтага года сумарная запазычанасць прадпрыемстваў па крэдытах перад беларускімі банкамі складала 42,2 мільярды рублёў. Гэта шмат, але не рэкорд. Напрыклад, у студзені 2022-га паказчык складаў 43,9 млрд. У красавіку ён вырас да 48,9 млрд, але рост быў абумоўлены рэзкім скачком курсу і пераліку валютнага складніку крэдытаў у беларускія рублі.

І вось цяпер, на фоне адносна стабільнага рубля, аб'ём крэдытаў пачаў падаць. Старыя пазыкі працягваюць вяртацца, а вось новыя бяруцца менш, чым раней. Вядома, адбываецца гэта зусім не таму, што адпала патрэба ў крэдытах. Грошы многім прадпрыемствам неабходныя, але яны разумеюць, што аддаваць даўгі будзе няма з чаго: згортваюцца інвестпраекты, скарачаюцца рынкі збыту, адбываюцца парушэнні ў лагістычных і вытворчых ланцужках. Няўпэўненасць у заўтрашнім дні таксама ўплывае на попыт на крэдыты.

У выніку паспяховыя прадпрыемствы цвяроза ацэньваюць свае сілы, і ад крэдытаў адмаўляюцца. А вось датацыйныя прадпрыемствы-зомбі, якія дзясяцігоддзямі смакталі рэсурсы з бюджэту, працягваюць сваю чорную справу.

У выніку атрымліваецца натуральны адбор наадварот: лепшыя, якім у няпросты час патрэбная падтрымка дзяржавы, тонуць. Горшыя, якія прывыклі жыць на датацыі і цягнуць эканоміку на дно, наступствы цяжкіх часоў пакуль адчуваюць менш за ўсіх.

Паглядзім падрабязней, хто ж з'яўляецца галоўным спажыўцом крэдытаў. На графіку відаць, што крыху больш за палову крэдытаў бярэ апрацоўчая прамысловасць. Пра што гаворка? Тут можна ўзгадаць шматлікія «мегапраекты», якія наш урад спрабаваў рэалізаваць, уліваючы грошы ў масавую мадэрнізацыю дрэваапрацоўкі, папяровай вытворчасці, вытворчасці цэменту і будаўнічых матэрыялаў і іншае. Многія з гэтых праектаў аказаліся правальнымі, нярэдка — стратнымі. Вялізныя даўгі вісяць на прадпрыемствах дагэтуль.

На другім месцы — больш за 20% ад усіх крэдытаў — знаходзіцца гандаль. Цалкам лагічна, бо гэтая сфера адна з тых, дзе заўсёды патрэбны крэдытны капітал для развіцця і пашырэння бізнесу. Гандаль нічога не вырабляе, ён закупляе, а потым прадае, і, каб запусціць цыкл, патрэбныя «жывыя грошы».

photo_2022_12_06_12_04_51.jpg


Такая, здавалася б, шырокая сфера, як сельская гаспадарка, займае 7% ад агульнага аб'ёму крэдытаў. І тут важна дадаць, што мы вельмі дрэнна ведаем рэальны стан гэтых крэдытаў. Цалкам магчыма, што немалая частка гэтых грошай «падвісла», і верагоднасць цалкам іх вярнуць невялікая.

Яшчэ адна гучная галіна — будаўнічая — займае ўсяго 2% ад агульнага крэдытнага пірага.

Эканоміка Беларусі вельмі моцна завязаная на транспартна-лагістычным патэнцыяле, але і там таксама крэдытаў няшмат — усяго 4%.

Дарэчы, сярод значных крэдытаатрымальнікаў не бачна IT-сферы, якая да гэтага часу прымудраецца быць драйверам эканомікі. IT практычна цалкам працуе на сваіх інвестыцыях.

Што ў выніку? Усе сферы, якія калі-небудзь выступалі ў ролі драйвераў эканомікі (а гэта і будаўніцтва, і транспарт, і прамысловасць), працавалі і развіваліся, выкарыстоўваючы магчымасці крэдытавання. Цяпер жа крэдытаванне — не заўсёды мэтазгоднае і нават рызыкоўнае. Пры гэтым менавіта нармальнае развіццё гэтых сектараў магло б прывесці эканоміку да хутчэйшага росту.

Але грошы выцякалі, выцякаюць і будуць далей цячы неаслабнай плынню ў бяздонную дзірку напаўжывых дзяржпрадпрыемстваў, якія існуюць толькі для таго, каб, спусціўшы адзін крэдыт, выпрасіць наступны.

Вам гэтыя кіданні нічога з цяперашніх беларускіх рэалій не нагадваюць? Прама дэжавю на ўсіх узроўнях улады.