Карбалевіч: Аўтарытарны рэжым перарастае ў таталітарны, сітуацыя будзе толькі пагаршацца

Для Лукашэнкі вельмі важна, каб дзяржаўны апарат быў маналітны, адзіны: лаяльнасць дзяржапарату — залог утрымання ўлады.

_000026__logo.jpg

У Беларусі хочуць увесці смяротнае пакаранне за здраду дзяржаве і шпіянаж.

7 снежня Палата прадстаўнікоў у першым чытанні ўжо ўнесла змяненні ў частку 2 артыкула 356 Крымінальнага кодэкса, згодна з якімі вайскоўцам і дзяржаўным службоўцам за здраду дзяржаве і шпіянаж пагражае смяротнае пакаранне. Гэтым разам крымінальную дубінку падрыхтавалі не для палітычных праціўнікаў, а для саюзнікаў: чыноўнікаў і вайскоўцаў.

Чым гэта тлумачыцца? Спыталі ў палітычнага аглядальніка Валерыя Карбалевіча.

— Нават ва Украіне ва ўмовах вайны за здраду дзяржаве ці шпіянаж даюць да 15 гадоў зняволення, але ніяк не смяротнае пакаранне. Чым жа можна патлумачыць увядзенне такіх надзвычайных мер?

— Гэта не першая мера, а працяг цэлага комплексу, у тым ліку і ў заканадаўчай сферы. Сітуацыю трэба разглядаць комплексна. А заканадаўчыя навацыі ідуць адна за адной. Трохі раней уведзена смяротнае пакаранне за замах на тэракт — не за сам тэракт, а толькі за замах на яго, за спробу яго ажыццявіць. Цяпер — новы крок у напрамку далейшага закручвання гаек.

У гэтых дзеяннях выразна прасочваецца помста: помста Захаду — за тое, што адмаўляецца сядаць за стол і пачынаць гандаль палітвязнямі, і помста за 2020 год. Падзеі двухгадовай даўніны нанеслі Лукашэнку вельмі глыбокую траўму, яна сядзіць у ім і не дае супакоіцца. І гэтая помста ўвасабляецца як у заканадаўстве, так і на практыцы.

— Смяротнае пакаранне пагражае чыноўнікам ды вайскоўцам. Падзеі пасля 2020 года паказалі, што гэта два апірышчы дзейнага рэжыму, ягоная частка. Пагрозы ў адрас сваіх саюзнікаў выглядаюць не зусім лагічна.

— Чаму ж? У 2020 годзе былі выпадкі, калі некаторыя чыноўнікі, асобныя афіцэры, нават высокага рангу, пераходзілі на бок народа. Такіх «здраднікаў» (Лукашэнка называе іх менавіта «здраднікамі») ужо тады каралі больш жорстка, чым звычайных апазіцыянераў.

Для Лукашэнкі вельмі важна, каб дзяржаўны апарат быў маналітны, адзіны: лаяльнасць дзяржапарату — залог утрымання ўлады.

— Пакет паправак носіць выразны ваенізаваны характар; апрача ўказаных навінак узмацняецца крымінальная адказнасць за дыскрэдытацыю Узброеных сіл і ваенізаваных фарміраванняў. Ці варта разглядаць гэтыя папраўкі як падрыхтоўку да магчымага ўступлення беларускага войска ў вайну ва Украіне?

— Пра ўступленне беларускага войска ў вайну гавораць з лютага. Таму кожны крок рэжыму разглядаецца праз прызму такой пагрозы. Усе рыхтуюцца да вайны, але пакуль беларускае войска застаецца ў Беларусі. Так што асабіста я пакуль вельмі асцярожна стаўлюся да такой версіі. Тым больш што і ўкраінскія вайскоўцы пакуль не бачаць прыкмет падрыхтоўкі да ўварвання беларускіх войскаў.

— То-бок нарошчванне крымінальнай дубінкі носіць выключна ўнутраны, унутрыбеларускі характар?

— Сістэма працуе ўжо на аўтамаце. Рэжым эвалюцыянуе з аўтарытарнага ў таталітарны. Трэнд зададзены, таму сітуацыя будзе толькі пагаршацца.