Дынастыі Англіі ад заваёвы нарманамі да Карла ІІІ. 1000 гадоў непарыўнай кроўнай пераемнасьці

Чаму дзед Лізаветы перайменаваў дынастыю ў Віндзар? Як на працягу тысячагодзьдзя змагла захавацца манархія? Як ангельскія каралі зьвязаныя з нашай краінай? Чаму мы ведаем шмат дынастый на Туманным Альбіёне, але па сутнасьці — гэта адна вялікая сям’я? Мы падрыхтавалі для вас адказы.

karona_1.jpg

Цюдоры, Сьцюарты, Плантагенэты, Віндзары — гэтыя назвы каралеўскіх дынастый вядомыя як гісторыкам, так і звычайным людзям. Гісторыя манархаў Англіі, і больш шырэй — Вялікай Брытаніі — бадай самая цікавая для дасьледчыкаў у сьвеце. Безьліч навуковай літаратуры, мноства мастацкіх фільмаў і серыялаў. У наш час сусьвет сочыць за выбарам вясельнай сукенкі ў нявесты прынца, мы становімся сьведкамі скандалаў у каралеўскай сям’і. Гэта складана параўнаць з іншымі каралеўскімі дамамі ў Эўропе. Ці зможаце назваць па памяці, хто зараз кароль Швэцыі ці якое імя караля Бэльгіі? Давайце прасочым гісторыю манархаў Англіі ад 1066 да сёньняшняга дня.

Англасаксонскі кароль Гаральд ІІ

Англасаксонскі кароль Гаральд ІІ

Нармандзкая дынастыя

Чаму мы абралі 1066 год як пачатак? У гэтым годзе адбылася нармандзкая заваёва Англіі. Па выніках бітвы пры Гастынгсе герцаг Нармандыі (вобласьць на паўночным захадзе Францыі) Вільгельм разграміў войскі англасаксаў, чый апошні кароль Гаральд ІІ быў забіты на полі бою.

Вільгельм І Заваёўнік

Вільгельм І Заваёўнік

Зараз Вільгельм І вядомы пад мянушкай «Заваёўнік», але пры жыцьці меў зусім іншую — «Бастард» — ягоны бацька прывабіўся простай паненкай, калі тая мыла бялізну ў замкавым рове. Кіраваньне Вільгельма I было бязьлітасным часам падпарадкаваньня ангельскага народа. Нармандзкая дынастыя праіснавала да 1154 года, на працягу кіраваньня двух сыноў Вільгельма, Вільгельма II (1087-1100) і Генрыха I (1100-1135).

Генрых І

Генрых І

Грамадзянская вайна ахапіла Англію, калі двое ўнукаў Вільгельма Заваёўніка, Стэфан (1135-54) (сын дачкі Вільгельма І) і Мацільда ​​(дачка яго малодшага сына Генрыха I) увязаліся ў жорсткую барацьбу за карону. Гэта цягнулася дзевятнаццаць гадоў і апісвалася тымі, хто перажыў вайну, як час, калі «Хрыстос і яго сьвятыя спалі». Дынастыя нармандзкіх каралёў скончылася пасьля сьмерці караля Стэфана ў 1154 годзе, якога па ўмовах дамовы зьмяніў сын Мацільды, Генрых Плантагенэт.

Дынастыя Плантагенэтаў

Дынастыя Плантагенэтаў кіравала Англіяй больш за трыста гадоў: з 1154 па 1485. Яны далі Англіі чатырнаццаць каралёў. Генрых ІІ Плантагенэт быў сынам герцага Нармандыі і адначасова графа Анжуйскага і Мацільды, унучкі Вільгельма Заваёўніка. Прозьвішча паходзіць ад мянушкі бацькі Генрыха ІІ, якая зьявілася пасьля яго звычкі насіць галінку кветкі Жаўтазельля (planta genista) на сваім шаломе. Генрых ІІ (1154-1189) лічыцца адным з лепшых манархаў у гісторыі Англіі. Ён быў нястомным адміністратарам, перагледзеў усю ангельскую судовую сістэму. Але, напэўна, самым знакамітым зьяўляецца ягоны сын — легендарны Рычард І Ільвінае Сэрца (1189-1199), які ўзначаліў Трэці крыжовы паход. Рычард І ведаў толькі францускую мову, родную для яго маці францужанкі, хаця для справядлівасьці амаль уся шляхта ў Лондане размаўляла па-француску. Ангельскай мовай карысталіся нешляхетныя колы насельніцтва. У 1187 годзе, захоплены духам крыжовых паходаў, які распаўсюдзіўся па ўсім хрысьціянскім сьвеце, Рычард даў урачыстую клятву вызваліць Сьвяты горад Ерузалем з рук мусульманскага Саладзіна.

Іншы вядомы Плантагенэт — Эдуард I Даўганогі (1272-1307), які заваяваў Валію і стаў вядомы як Молат Шатляндыі за свае паходы ў гэтую краіну, дзе ён змагаўся з Уільямам Уолесам (глядзіце пра гэта цудоўны фільм Мэла Гібсана «Адважнае сэрца»). Плантагенэты вынішчылі сябе ў крывавай дынастычнай барацьбе, якую мы ведаем пад назвай «Вайны Ружаў». Пазьнейшыя Плантагенэты падзяліліся на роды Ланкастэраў і Ёркаў, якія паходзілі ад розных сыноў караля Эдуарда III (1327-1377). Гэты кароль нарадзіўся ў шатляндзкім замку Віндзар (менавіта такое прозьвішча мае дзейная дынастыя ў Вялікай Брытаніі, але пра гэта пазьней). Пры ім была распачатая так званая «стогадовая вайна» Англіі і Францыі (напраўду, вайна працягвалася з перапынкамі 116 гадоў). Прычына была наступная: француская дынастыя Капетынгаў вымерла па мужчынскай лініі, ад якой паходзіў ангельскі кароль Эдуард ІІІ праз сваю маці, Ізабэлу (дачка караля Францыі Філіпа IV). Да ўлады прыйшла бакавая лінія Капетынгаў — Валуа, з чым не мог пагадзіцца Эдуард ІІІ, бо ён меркаваў (небеспадстаўна), што мае больш правоў на францускі трон.

Эдуард ІІІ

Эдуард ІІІ

Эдуард III быў адказны за заснаваньне самага вядомага рыцарскага ордэна Англіі — Ордэна Падвязкі. Легенда кажа, што падчас танца з каралём на балі адна панна зьбянтэжылася, калі ў яе ўпала падвязка. Кароль шляхетна падняў, павязаў вакол сваёй нагі, і сказаў: «Зло таму, хто думае зло». Гэта стала дэвізам ордэна, таварыства рыцараў у падвязках.

У 1399 унук Эдуарда ІІІ — Рычард ІІ — быў абвешчаны ў парлямэнце тыранам і зрынуты. Сучасныя навукоўцы і лекары на падставе шматлікіх дакумэнтаў змаглі паставіць дыягназ гэтаму каралю — шызафрэнія. Ён і сапраўды вылучаўся адыёзнымі ўчынкамі. Пачынаўся час Ланкастэраў і Ёркаў.

Дынастыя Ланкастэраў

Дом Ланкастэраў, галіна сям'і Плантагенэтаў, якая паходзіць ад Джона Гонта, герцага Ланкастэрскага, трэцяга сына караля Эдуарда III, дала трох каралёў Англіі — Генрыха IV (1399-1413), Генрыха V (1413-1422) і Генрых VI (1422-1461 і таксама зноў 1470-1471).

Пасьля смерці Гонта ў 1399 годзе яго землі былі канфіскаваныя каралём Рычардам II. Выгнаны сын і спадчыньнік Гонта Генрых вярнуўся ў Англію з войскам, узяў пад свой кантроль каралеўства і быў абвешчаны каралём Генрыхам IV. Яго сын, Генрых V, быў пасьпяховым ваенным кіраўніком сярэднявечча. Ён заваяваў Францыю, аднавіў прэтэнзіі на францускі трон, які атрымаў у спадчыну ад Эдуарда III, і зрабіў перад сьмерцю запавет свайму сыну, Генрыху VI: два каралеўствы Англіі і Францыі. Спадчыну, якую, як выявілася, немагчыма захаваць.

Першы кароль дому Ланкастэраў Генрых IV памёр 20 сакавіка 1413 г. у Ерузалімскай зале ў Вэстмінстэры. Яшчэ пры яго жыцьці было прадказана, што Генрых памрэ ў Ерузаліме. Сам кароль успрыняў гэта як тое, што памрэ ў крыжовым паходзе. Яго сын Генрых V зьяўляецца адным з лепшых каралёў з дому Плантагенэтаў. Уільям Шэкспір напісаў выдатны твор, прысьвечаны яго кіраваньню. Кароль у 1417 г. прывёў сваё войска да Парыжа, захапіў Нармандыю і вымусіў караля Францыі прызнаць Генрыха сваім спадчыньнікам, пазбавіўшы правоў сваіх дзяцей. Генрых V ажаніўся з дачкой францускага караля Катрын Валуа (гэта тая самая дынастыя Валуа, прадстаўнік якой Генрых Валуа ў 1573 г. быў абраны вялікім князем літоўскім і каралём польскім).

Напрыканцы 1421 г. у замку Віндзар нараджаецца дзіця Генрыха і Катрын, таксама Генрых. Праўда, бацька так і не ўбачыў сваё адзінае дзіця: ён захварэў на дызэнтэрыю ў Францыі і не пасьпеў вярнуцца. Каралём Англіі становіцца васьмімесячны Генрых VI. Праз два месяцы, пасьля сьмерці свайго дзеда Карла VI, ён становіцца адначасова і каралём Францыі. Уяўляеце сітуацыю? І гэта пры жывым сыне памерлага францускага караля.

Генрых VI

Генрых VI

У лістападзе 1429 года малады кароль быў прызнаны дастаткова дарослым, каб прайсьці цяжкую цырымонію каранацыі ў Вэстмінстэрскім абацтве ва ўзросьце васьмі гадоў. У наступным годзе ён перайшоў у сваё францускае каралеўства і быў каранаваны каралём Францыі ў Нотр-Даме. У 1453 годзе, ва ўзросьце 32 гадоў, Генрых VI пачаў выяўляць прыкметы сур'ёзнага псіхічнага захворваньня. Праз «раптоўны спалох» ён увайшоў у стан, падобны на транс, не рэагуючы і не пазнаючы нікога. Шызафрэнія была прапанавана ў той час у якасьці верагоднага дыягназу. Зьвернемся зноў да Ўільяма Шэкспіра, каб задаволіць вашую цікавасьць да эпохі «Вайны Ружаў». Пачытайце яго шматлікія п’есы, прысьвечаныя барацьбе дзвюх галінаў Плантагенэтаў.

Дынастыя Ёркаў

Дом Ёркаў, галіна сям'і Плантагенэтаў, даў трох каралёў Англіі — Эдуарда IV (1461-1470, а таксама 1471-1483), Эдуарда V (1483) і Рычарда III (1483-1485). Яны паходзілі па мужчынскай лініі ад Эдмунда Лэнглі, герцага Йоркскага, які быў чацьвертым сынам Эдуарда III. Пасьля раптоўнай сьмерці Эдуарда IV у лонданскім Таўэры былі забітыя два ягоныя сыны — малагадовы новы кароль Эдуард V з братам Рычардам. Гэта было зроблена альбо па загадзе іх дзядзькі, што стане Рычардам ІІІ, альбо не. Дыскусіі вядуцца ўжо больш за 500 гадоў. Кажуць, што чуткі пра ўдзел у перавароце Рычарда ІІІ верагодна распаўсюдзілі Цюдоры — наступная дынастыя — каб зьняважыць асобу Рычарда. У гэтым пытаньні праўда, на жаль, амаль недасяжная нам.

Рычард ІІІ

Рычард ІІІ

Дынастыя Цюдораў

Дом Цюдораў заняў ангельскі трон праз перамогу над Рычардам III, апошнім каралём Плантагенэтаў, у бітве пры Босуорце ў 1485 годзе. Заснавальнік — ланкастэр Генрых VII — заклаў пачатак сваёй дынастыі, паклаў канец грамадзянскай «Вайне Ружаў» і, дзякуючы шлюбу са спадчыньніцай Ёркаў Лізавеце, надзейна замацаваў Цюдораў на троне Англіі. Геральдычны сымбаль дынастыі — чырвона-белая ружа Цюдораў — спалучае ў сабе чырвоную ружу дома Ланкастэраў і белую ружу Ёрка.

Дынастыя мела сьціплы пачатак, які ўзьнік з незаконнай сувязі паміж Катрын Валуа, удавой Генрыха V, і Оўэнам Цюдорам з Валіі. Прэтэнзіі Генрыха VII на ангельскі трон паходзілі ад яго маці, праўнучкі Джона Гонта, герцага Ланкастэрскага па пазашлюбнай лініі. Дом Цюдораў кіраваў Англіяй 118 гадоў. Сын Генрыха VII, адзін з самых вядомых манархаў, тыранічны і крывавы Генрых VIII (1509-1547), вядомы тым, што меў шэсьць жонак, пакараў сьмерцю дзвюх зь іх і прывёў да Рэфармацыі ў Англіі. Уінстан Чэрчыль называў яго «плямай крыві і тлушчу на старонках ангельскай гісторыі». Зь дзяцінства яго рыхтавалі да жыцьця ў якасьці сьвятара, але аднойчы праз хваробу памірае яго старэйшы брат, і Генрых становіцца спадкаемцам трона.

У караля з жонкай Кэтрын не было сына, а толькі дачка (Генрых прадказваў новую вайну Ружаў у выпадку адсутнасьці хлопчыка). Ён закруціў раман з Мэры Балейн, а праз некалькі гадоў яму больш прыйшлася даспадобы яе сястра, Ганна Балейн (тут можна ўзгадаць кнігу і фільм «Яшчэ адна з роду Балейн»). Ганна Балейн была рашучай і рабіла ўсе намаганьні, каб стаць каралевай. Генрых VIII вырашыў разьзвесьціся з Кэтрын. Каралева, аднак, адмовілася падпарадкавацца і атрымала значную падтрымку свайго магутнага пляменьніка Карла V, імператара Сьвятой Рымскай імперыі і караля Гішпаніі. Папа Рымскі, аказаўшыся ва ўладзе Карла, не змог задаволіць жаданьне Генрыха аб разводзе. Генрых кінуў выклік Папу, абвясьціў сябе галавой Касьцёла Англіі. У хуткім часе Ганна Балейн абвесьціла аб цяжарнасьці, і кароль жадаў, каб меркаваны сын нарадзіўся ў законным шлюбе.

Генрых VIII

Генрых VIII

Новапрызначаныя дзеячы англіканскага касьцёла абвесьцілі папярэдні шлюб несапраўдным, дачку ад яго Марыю — бастардам, адразу пасьля адбыўся шлюб з Ганнай Балейн. Нарадзілася дачка. Кароль быў у гневе. У хуткім часе ў Ганны быў выкідак. Ганну Балейн арыштавалі і судзілі па сфабрыкаваным абвінавачаньні ў дзяржаўнай здрадзе за шлюбную здраду. Яна была абезгалоўлена ў Таўэры 19 траўня 1536 года, каб кароль мог ажаніцца са сваёй новай каханай — Джэйн Сэймур праз некалькі дзён. Яна нарадзіла сына Эдуарда і памерла пасьля родаў ад ліхаманкі.

Ангельскі трон успадкавалі ўсе трое яго законных дзяцей па чарзе — спачатку хлопчык Эдуард VI (1547-1553), потым Марыя I (1553-1558), вядомая як «Крывавая Мэры» за спальваньне пратэстантаў, і апошняя — Лізавета I (1558-1603), каралева, якая перажыла жудаснае дзяцінства і юнацтва, каб стаць самай значнай у сваім доме і прывесьці Англію да перамогі над Гішпаніяй, найвялікшай дзяржавай той эпохі. Пра Лізавету, адну з самых уплывовых сувэрэнаў у ангельскай гісторыі, напісана безьліч матэрыялаў, таму пакінем яе кіраваньне ў дадзеным артыкуле толькі пунктырам.

Лізавета І

Лізавета І

Дынастыя Цюдараў вымерла пасьля сьмерці Лізаветы без спадчыньніка ў 1603 годзе.

Дынастыя Сьцюартаў

Сьцюарты — вельмі рамантычная, але няўдалая дынастыя, якая атрымала ангельскі трон пасьля Лізаветы. Прэтэнзіі Сьцюартаў на трон Англіі паходзілі ад Маргарэт Цюдор, старэйшай дачкі Генрыха VII, якая выйшла замуж за Якава IV, караля Шатляндыі. Іх унук Якаў VI шатляндзкі стаў каралём і Англіі пад імём Якава І (у Англіі не было да яго каралёў з такім імём). Пераемнік Якава I (1603-1625) Карл I (1625-1649) быў пакараны сьмерцю па загадзе парлямэнту, калі Англія была абвешчаная рэспублікай. На кароткі час ёй кіраваў Олівэр Кромвэль, а пасьля — ягоны сын Рычард Кромвэль, які адмовіўся выконваць ускладзеныя на яго функцыі.

Карл І

Карл І

Манархія была адноўлена ў 1660 годзе, калі сыну Карла І, раней выгнанаму Карлу II (1660-1685), было прапанавана вярнуцца. Карл ІІ, або «Вясёлы кароль», як яго яшчэ называюць, славіўся сваімі шматлікімі палюбоўніцамі. Пасьля сьмерці яго пляменьніцы, каралевы Ганны ў 1714 годзе, дынастыя Сьцюартаў была заменена іх гановэрскімі стрыечнымі братамі.

Карл ІІ

Карл ІІ

У Ганны Сьцюарт было васямнаццаць цяжарнасьцей, але зь іх нарадзіліся толькі трое яе дзяцей — дзьве дачкі, Марыя і Ганна Сафія, памерлі ў дзяцінстве ад воспы, а сын Уільям памёр у 11 гадоў.

Ганна

Ганна

Хоць кароны Англіі і Шатляндыі былі аб'яднаныя ў асобе агульнага караля Якава I, яны працягвалі захоўваць свае асобныя парлямэнты. У 1707 годзе ангельскі і шатляндзкі парлямэнты прынялі падвойныя акты вуніі, стварыўшы сумеснае каралеўства Вялікай Брытаніі.

Гановэрская дынастыя

У 1714 годзе памерла апошні брытанскі манарх з дынастыі Сьцюартаў каралева Ганна. Карона Англіі перайшла паводле Акта аб урэгуляваньні 1701 года (які гарантаваў, што манарх Англіі, у выпадку бязьдзетнасьці каралевы Ганны, будзе пратэстантам з дому Гановэр, які адрэзаў шлях да брытанскай кароны ўсім шматлікім каталікам, што былі ў сваяцтве са Сьцюартамі. Гановэрская лінія паходзіла ад курфюрсьціны Сафіі Гановэрскай, бацькамі якой былі ангельская прынцэса Лізавета Сьцюарт і пратэстант Фрыдрых V, курфюрст Пфальцкі, а дзедам першы кароль са Сьцюартаў — Якаў І).

Дом Гановэр, або Браўншвэйг-Люнэбэрг, стаў кіраваць Англіяй у асобе караля Георга I, што на той момант быў 52-м у чарзе на трон. Закон фактычна выключыў сапраўднага спадчыньніка Сьцюартаў, сына каталіка Якава II — Джэймса Сьцюарта. Гановэрская дынастыя дала пяць брытанскіх манархаў. Дададзім, што да гэтай жа сям’і Гановэраў належалі і нашыя вялікія князі літоўскія Аўгуст Моцны (1697-1733) і яго сын Аўгуст Сас (1733-1763). Пасьля іх княжыў апошні вялікі князь ВКЛ — Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Георг І

Георг І

Ва ўзросьце 54 гадоў Георг І прыехаў у Англію, каб прыняць «трон нашых продкаў», як ён назваў гэта ў сваёй першай прамове перад парлямэнтам. Ангельцы не былі ўражаныя сваім новым суверэнам. Георг I быў невысокім немцам, які нават не размаўляў па-ангельску і не жадаў заняцца вывучэньнем мовы. Пасьля яго каралямі станавіліся яго сын Георг ІІ (1727-1760), праўнук Георг ІІІ (1760-1820), прапраўнук Георг IV (1820-1830) і прапрапраўнук Вільгельм IV (1830-1837). Пасьля надышоў час Віктарыянскай эпохі. Каралева Вікторыя атрымала трон не наўпрост ад бацькі, але ў якасьці дачкі малодшага сына Георга ІІІ: іншых прэтэндэнтаў не было ў жывых, а ў Георга IV і Вільгельма не было дзяцей.

Чакалася, што новая каралева хутка выйдзе замуж і народзіць спадчыньніка трона. Вікторыя была ў курсе планаў свайго дзядзькі па матчынай лініі Леапольда Саксэн-Кобургскага, каб яна выйшла замуж за свайго стрыечнага брата Альбэрта Саксэн-Кобург-Гоцкага. Пара пабралася шлюбам 10 траўня 1840 года. Шлюб пачаўся не вельмі ўдала. Мужа каралевы не любілі ў Англіі як замежніка (знаёмая сытуацыя, якая паўторыцца з Лізаветай ІІ і прынцам Філіпам праз стагодзьдзе). Вікторыя не жадала дзяліцца ўладай са сваім мужам, але ў хуткім часе Альбэрт вывучыў ангельскую мову і набраў аўтарытэту. Уплыў Альбэрта стаў значным. Ён занепакоіўся пытаньнем эксплуатацыі дзіцячай працы і жыльлёвых умоваў людзей. Сама каралева мала ведала пра сацыяльныя праблемы, якія індустрыялізацыя стварыла для большасьці яе падданых. Альбэрт зрабіў усё магчымае, каб прыцягнуць да такіх пытаньняў увагу сваёй жонкі.

Вікторыя

Вікторыя

Каралева Вікторыя нарадзіла 9 дзяцей. Першай была Вікторыя, якая стане пасьля імпэратрыцай Нямеччыны, жонкай Фрыдрыха Вільгельма Прускага (іх сын кайзер Вільгельм ІІ пачне і прайграе Першую сусьветную вайну). А наступным дзіцём апынуўся будучы кароль Вялікай Брытаніі Эдуард VII. У дзяцей каралевы Вікторыі праявілася генэтычнае захворваньне — гемафілія, якая праяўляецца ў мужчынаў, а кабеты зьяўляюцца носьбітамі. Дачкі Вікторыі Беатрыкс і Аліса распаўсюдзілі хваробу ў шматлікіх манархіях Эўропы.

Вікторыя і Альбэрт вялі ўзорнае сямейнае жыцьцё, якое вярнула павагу кароне пасьля скандалаў папярэднікаў каралевы. Альбэрт даў Брытаніі шматлікія звычаі сваёй нямецкай радзімы. Самым вядомым зь іх зьяўляецца калядная елка. Вікторыя стала манархам Англіі з самым доўгім кіраваньнем (гэты рэкорд быў пабіты пазьней Лізаветай ІІ), яна кіравала 64 гады, нават даўжэй, чым яе дзед, Георг III, падчас якога Брытанія стала самай магутнай дзяржавай на Зямлі. Дзякуючы яе нашчадкам, а ў яе 42 унукі, амаль усе, хто займае троны ў Эўропе, паходзяць ад Вікторыі і Альбэрта. Яна стала вядомай як Бабуля Эўропы.

Цікавы факт: дачка каралевы Вікторыі Аліса мела дачку Вікторыю, якая ў сваю чаргу нарадзіла дачку Алісу, якая стала маці прынца Грэцыі Філіпа. Той самы прынц, які стаў мужам каралевы Лізаветы ІІ у 1948 г. Такім чынам, каралева (тады яшчэ прынцэса) выйшла за свайго чацьвераюраднага брата.

Саксэн-Кобург-Гоцкая дынастыя

Пасьля сьмерці каралевы Вікторыі ў 1901 годзе трон Вялікай Брытаніі перайшоў да іншага нямецкага Саксэн-Кобург-Гоцкага дому ў асобе яе сына Эдуарда VII. Гэта было прозьвішча мужа Вікторыі Альбэрта. Кароль Эдуард VII, які кіраваў да 1910 г., быў адзіным прадстаўніком гэтай дынастыі. Калі Эдуард яшчэ быў прынцам, ён быў шырокавядомы дзякуючы сваім шматлікім палюбоўніцам. Адной са знакамітых была панна Эліс Кэпэл (а зараз не зьдзіўляйцеся: гэта прабабуля Камілы Паркер-Боўлз — жонкі, каралевы-кансорта сёньняшняга караля Карла ІІІ). Эдуард у дзяцінстве разглядаўся як патэнцыйны ідэальны кароль ад шыкоўнага зьвязу Вікторыі і Альбэрта, але ў хуткім часе стала зразумела: малады чалавек далёка не такі бліскучы, як яго бацькі.

Падчас Першай сусьветнай вайны, калі нямецкая ксенафобія прасякала ўсё ангельскае грамадзтва, сын Эдуарда VII, кароль Георг V (1910-1936) зьмяніў прозьвішча сям'і на больш ангельскае — Віндзар. Памятаеце, акурат у гэтым замку нарадзіўся, напрыклад, кароль Эдуард III (1327-1377).

Георг V

Георг V

Віндзарская дынастыя

Па справядлівасьці, гэта ня новая дынастыя, але дзеля ўшанаваньня традыцыі разгледзім яе як асобную.

На Патаемнай нарадзе 17 ліпеня 1917 года было абвешчана, што «ўсе нашчадкі па мужчынскай лініі каралевы Вікторыі, якія зьяўляюцца падданымі гэтых каралеўстваў, акрамя нашчадкаў жаночага полу, якія выйшлі замуж, павінны насіць прозьвішча Віндзар». Назва Віндзар доўгі час асацыявалася з ангельскай манархіяй празь яе сувязь з Віндзарскім замкам. Дом Віндзар даў пяцёх брытанскіх суверэнаў: Георга V (1910-1936), яго сына Эдуарда VIII (1936), які адмовіўся ад трона, каб ажаніцца з двойчы разьведзенай амерыканкай Уоліс Уорфілд Сімпсан, на карысьць свайго брата Георга VI (1936-1952), дачку Георга каралеву Лізавету II, і ўрэшце яе сына Карла ІІІ.

У 1960 годзе каралева і яе муж герцаг Эдынбургскі Філіп прыйшлі да сумеснага рашэньня аб тым, што прозьвішчы іх наўпроставых нашчадкаў будуць адрозьнівацца ад астатняй каралеўскай сям'і (без зьмены назвы каралеўскага дома). Нашчадкі каралевы і прынца Філіпа, за выключэньнем тых, хто валодае тытулам Каралеўскай Высокасьці (а гэта кароль ці каралева) і тытулам прынца ці прынцэсы, будуць насіць прозьвішча Маўнтбатэн-Віндзар. Маўнтбатэн — прозьвішча прынца Філіпа. Прозьвішча ж бацькі прынца Філіпа  — Шлэзвіг-Голштайн-Зондэрбург-Глюксбург.

Лізавета ІІ і прынц Філіп

Лізавета ІІ і прынц Філіп

Пра сучасны стан брытанскай манархіі мы вельмі рэкамендуем да прагляду чароўны серыял «Карона», дзеяньне якога распачынаецца з моманту шлюбу Лізаветы ІІ і Філіпа ў 1947 годзе.