Генеральны сакратар NATO: Адкрытая вайна паміж Расіяй і Альянсам магчымая

Эксперты знаходзяць новыя пацвярджэнні таго, што Расія распачала «Фазу нуль» — падрыхтоўку да наўпроставага сутыкнення — у дачыненні да краін NATO. На гэтым фоне ваенныя заяўляюць пра магчымасць новай вайны ў Еўропе, а палітыкі шукаюць спосабы ўтаймаваць Пуціна. Ідуць 1329-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

560435282_1164438749202535_1717958394155567184_n.jpg

Цягам мінулага дня ва Украіне зафіксавана 190 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 14 кастрычніка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 65 атак расіян у раёнах Уладзіміраўкі, Чырвонага Ліману, Мірнаграду, Радзінскага, Новаэканамічнага, Пакроўску, Зверава, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Міралюбаўкі, Дачнага, Філіі і іншых.

На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 28 атак паблізу Іванаўкі, Аляксандраграду, Студзеньскага, Воранава, Стэпавага, Ялты і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейсніў 21 атаку ў раёнах Прадцечына, Канстанцінаўкі, Аляксандра-Шультына, Шчарбінаўкі, Русінага Яру, Палтаўкі і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 15 баявых сутыкненняў у раёнах Ваўчанска, Каменкі, Куцькоўкі і ў кірунку Балогаўкі, Дварычанскага, Калодзежнага.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 14 разоў каля Грэкаўкі, Дзерылава, Шандрыгалава, Навасёлаўкм, Карпаўкм, Торскага і іншых.

* * *

Аналітыкі праекта DeepState паведамілі, што РФ акупавала пасёлак Цярнова ў Днепрапятроўскай вобласці. «Удакладнена лінія сутыкнення ў Малых Шчарбаках. Расійцы акупавалі Цярновае і прасунуўся паблізу Шандрыгалава», — паведамляе DeepState.

Цярновае мяжуе з Данецкай вобласцю, а Шандрыгалава размешчана непадалёк адмінмяжы з Луганскай і Харкаўскай абласцямі.

* * *

Расійская армія ў ноч на аўторак, 14 кастрычніка, запусціла па тэрыторыі Украіны 96 ударных дронаў рознага тыпу. Супрацьпаветранай абаронай збіта або падаўлена 69 БПЛА.

Расійскія войскі ўвечары 13 кастрычніка атакавалі Харкаў кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі. Трапленне прыйшлося па тэрыторыі медыцынскай установы, папярэдне, разбурана адно з гаспадарчых збудаванняў. Пазней стала вядома пра 4 пацярпелых.

Расійскія войскі ў ноч на 14 кастрычніка абстралялі Кіраваградскую вобласць. У выніку атакі ёсць пашкоджанні будынкаў, без святла было пяць населеных пунктаў, а таксама зменены рух шэрагу цягнікоў. Паводле папярэдніх дадзеных, абышлося без ахвяр.

* * *

561781607_1164942695818807_6760440047114805341_n.jpg

* * *

Крэмль узмацняе дыверсійныя і выведвальныя місіі ў Еўропе. Расія можа стварыць сур'ёзную пагрозу для NATO значна раней, чым прагназуюць у еўрапейскіх сталіцах, пішуць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

У справаздачы фіксуецца ўзмацненне схаваных і адкрытых атак Расіі супраць краін Еўропы. Гэта пацвярджае ацэнку ISW, што Масква перайшла да так званай «Фазы нуль» — этапу інфармацыйнай і псіхалагічнай падрыхтоўкі да верагоднай будучай вайны Расіі і NATO.

Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Славамір Ценкевіч у каментары Financial Times заявіў, што Крэмль усё часцей спадзяецца на мясцовых жыхароў для выканання імі ad hoc (аднаразовых дыверсійных або шпіёнскіх місій). У 2023 годзе Польшча выявіла сетку такіх агентаў, якіх завербавала Галоўнае ўпраўленне Генштаба РФ і фінансавала пераважна крыптавалютай, што робіць немагчымым адсочванне такіх плацяжоў спецслужбамі.

Ценкевіч таксама адзначыў, што Польшча знаходзіцца ў «стане вайны» ў кіберпрасторы. У прыватнасці, Варшава абвінавачвае Расію ў арганізацыі нядаўняй кібератакі, накіраванай на спыненне водазабеспячэння ў Гданьску.

Прэзідэнт Федэральнай разведвальнай службы Германіі (BND) Марцін Егер 13 кастрычніка заявіў, што частата расійскіх атак на Еўропу з'яўляецца «новым узроўнем канфрантацыі». Паводле яго слоў, Расія спрабуе тэставаць межы Еўропы, падарваць адзінства NATO, дэстабілізаваць еўрапейскія дэмакратыі, падзяліць грамадства і запалохаць насельніцтва.

У ISW таксама нагадалі, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 12 кастрычніка параўнаў нядаўнія расійскія атакі супраць Еўропы з дзеяннямі прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна ў 2014 годзе, калі той выкарыстаў незаконную анексію Крыма для праверкі рэакцыі Захаду. Зяленскі папярэдзіў, што Пуцін рыхтуе расійскае грамадства да верагоднай агрэсіі супраць краін Балтыі і Польшчы.

Аналітыкі ISW канстатуюць, што любое будучае спыненне агню або працяглая паўза ў баявых дзеяннях ва Украіне, дазволіць Расіі хутка перакінуць войскі да ўсходняй мяжы з NATO. «Гэта можа стварыць сур'ёзную пагрозу для Альянсу значна раней, чым цяпер чакаюць у большасці еўрапейскіх сталіц», — гаворыцца ў справаздачы інстытута.

* * *

Кіраўнік Белага дома Дональд Трамп пацвердзіў, што ў пятніцу, 17 кастрычніка, мае намер сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

«Бакі абмяркуюць, якую зброю варта пастаўляць ва Украіну, у прыватнасці, ці варта ЗША пастаўляць у ахопленую вайной краіну ракеты вялікай далёкасці Tomahawk, якія кардынальна зменяць сітуацыю», — піша Axios.

Крыніца Axios патлумачыла, што «ёсць пэўныя пытанні, якія немагчыма абмеркаваць па тэлефоне».

* * *

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган можа дапамагчы ў завяршэнні вайны Расіі супраць Украіны, лічыць прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

«Так, Эрдаган можа. Яго паважае Расія. Што да Украіны — не магу вам сказаць, але Пуцін яго паважае. І ён мой сябар», — сказаў Трамп.

Ён таксама дадаў, што прэзідэнт Турцыі добра да яго ставіцца. «Ведаеце, калі ў NATO ўзнікаюць праблемы з Эрдаганам, што часта здараецца, яны тэлефануюць мне і просяць перагаварыць з ім. І я ні разу не пацярпеў няўдачу — усё вырашаецца літаральна імгненна», — сказаў кіраўнік ЗША.

* * *

Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ заявіў, што адкрытая вайна паміж РФ і Альянсам магчымая ў выпадку, калі Расія будзе «настолькі дурная», што нападзе, піша La Repubblica.

«Калі Расія будзе настолькі дурная, каб напасці на NATO, вайна, якая пачнецца, будзе вельмі адрознай ад той, што віруе ва Украіне ўжо больш за тры з паловай гады», — заявіў Рутэ.

Ён выказаў надзею, што гэтага ніколі не адбудзецца, але калі ўсё ж РФ нападзе, вайна, паводле яго слоў, будзе іншай «па многіх прычынах».

«Яна будзе адрознівацца ад вайны паміж Расіяй і Украінай па многіх прычынах, якія я не магу зараз падрабязна растлумачыць, таму што мы не хочам даваць ім інфармацыйную перавагу, але яна будзе іншай», — падкрэсліў генсек NATO.

* * *

З-за сістэмнай дэградацыі энергетычнага сектара імпарт паліва ў Расіі можа скласці да 60% да канца года, лічаць у Службе знешняй разведкі Украіны (СЗР).

Паводле даных разведкі, расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы, сканцэнтраваныя пераважна ў некалькіх прамысловых цэнтрах еўрапейскай часткі краіны, застаюцца адсталымі па тэхналогіях і структуры вытворчасці. «Калі частка гэтых заводаў спыніла работу, краіна фактычна страціла значную частку ўнутраных магутнасцей. Без як мінімум шасці месяцаў рамонту ў спакойных умовах Расія можа да канца года ауказацца ў залежнасці ад імпарту паліва на ўзроўні да 60%», — адзначылі ў СЗР.

Уведзеная ў верасні забарона экспарту бензіну толькі абвастрае крызіс, бо знешнія продажы раней часткова фінансавалі мадэрнізацыю галіны. «Без валютных паступленняў прадпрыемствы пазбаўлены рэсурсаў для абнаўлення, а цэнавае рэгуляванне на ўнутраным рынку стварае штучны дэфіцыт», — дадалі ў разведцы.

СЗР таксама папярэдзіла пра распаўсюджванне праблем за межы паліўнага сектара: рост цэн на бензін уплывае на кошт перавозак і цэны спажывецкіх тавараў, што ў спалучэнні з павышэннем ПДВ можа прывесці да рэзкага паскарэння інфляцыі.