Расія нанесла маштабны ўдар па ўкраінскай энергетыцы — гэта можна расцэньваць як генацыд

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што ў ноч на 10 кастрычніка Расія атакавала Украіну з выкарыстаннем больш за 450 дронаў і 30 ракет, накіраваных супраць аб'ектаў энергетыкі. У выніку, сярод іншага, без электрычнасці засталася палова Кіева. Гэта можна расцэньваць, як генацыд, лічаць ва ўкраінскім МЗС. Ідуць 1325-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

1_photo_6_2025_10_10_09_27_54.jpg

Цягам мінулага дня ва Украіне зафіксавана 245 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 10 кастрычніка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 72 атакі расіян у раёнах Радзінскага, Сухецкага, Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Новасяргееўкі, Лісоўкі, Пакроўску, Зверава, Котліна, Удачнага і іншых.

На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 44 штурмы ў раёнах Іванаўкі, Паддубнага, Студзеньскага, Сасноўкі, Ворана, Новарыгораўкі, Малінаўкі, Палтаўкі і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 30 боесутыкненняў у раёнах Ваўчанска, Ваўчанскіх Хутароў, Строеўкі, Заходняга і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 23 атакі ў раёнах Белай Гары, Шчарбінаўкі, Русінага Яру, Палтаўкі і іншых.

На Славянскім кірунку армія РФ 17 разоў атакавала пазіцыі УСУ ў раёнах Ямпаля, Серабранкі, Навасёлаўкі, Выімкі і Пераезнога.

На Ліманскім кірунку расійсц атакавалі 14 разоў у раёнах Капанкі, Карпаўкі, Калодзежаў, Навасёлаўкі.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку зафіксавана 10 баявых сутыкненняў.

* * *

Украінскія абаронцы працягваюць весці контрнаступальную аперацыю на Дабрапольскім кірунку. Яны ўжо вызвалілі больш за 180 квадратных кіламетраў тэрыторыі, паведаміў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі ў Telegram.

Сырскі распавёў, што падчас рабочай паездкі правёў нараду з камандным складам на адным з пунктаў кіравання на Дабрапольскім кірунку. «Нягледзячы на пастаянныя контратакі праціўніка, штурмавыя падраздзяленні Сіл абароны працягваюць наступальныя дзеянні на асобных участках. Усяго за час аперацыі вызвалена 180,8 кв. км тэрыторыі Данбаса, 212,9 кв. км — зачышчана ад дыверсантаў», — адзначыў галоўнакамандуючы.

Па словах Сырскага, ён высветліў праблемныя пытанні і патрэбнасці ўкраінскай наступальнай групоўкі і аддаў распараджэнні. Таксама ідзе праца над узмацненнем абароны на Пакроўскім кірунку. Гаворка пра паляпшэнне лагістыкі, абарону дарог і крытычнай інфраструктуры.

* * *

Ва Украіне працягваецца ліквідацыя наступстваў масіраванага расійскага ўдару па энергетычнай інфраструктуры ў ноч на 10 кастрычніка, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго слоў, гэта была «цынічная і пралічаная атака» з выкарыстаннем больш за 450 дронаў і больш за 30 ракет, накіраваная супраць аб'ектаў, якія забяспечваюць нармальнае жыццё ўкраінцаў. Пацярпела больш за 20 чалавек, у Запарожжы загінула дзіця.

Міністр энергетыкі Украіны Святлана Грынчук паведаміла, што ў ноч на 10 кастрычніка расійскія войскі атакавалі багата аб'ектаў энергетычнай інфраструктуры. Паводле яе слоў, энергетыкі прымаюць усе неабходныя меры для мінімізацыі негатыўных наступстваў.

У ноч на 10 кастрычніка расійская армія атакавала Кіеў балістыкай і ўдарнымі дронамі. У выніку атакі адбыўся пажар у 17-павярховым доме, 12 пацярпелых. Таксама ў сталіцы Украіны фіксуюць перабоі са святлом і водазабеспячэннем, у прыватнасці, без электраэнергіі застаўся левы бераг.

Уначы расійская армія нанесла ўдары беспілотнікамі па Запарожжы, у выніку чаго адбыўся пажар, загінула дзіця, ёсць пацярпелыя.

У Палтаўскай вобласці з-за расійскай атакі пашкоджаны энергетычны аб'ект у Крэменчугскім раёне. Частка вобласці засталася без святла.

Расійскія войскі атакавалі Днепрапятроўскую вобласць. Пад ударам была энергетычная інфраструктура, вядома пра аднаго пацярпелага.

У ноч на 10 кастрычніка вораг нанёс ракетны ўдар па Крывым Рогу. У выніку трапляння пашкоджаны будынак прыватнага прадпрыемства, тры чалавекі атрымалі раненні. Акрамя таго, у Крывым Рогу пашкоджаны аб'ект грамадзянскай інфраструктуры. Нягледзячы на гэта, усе гарадскія службы, бальніцы, транспарт і сацыяльныя ўстановы працуюць у штатным рэжыме.

* * *

Пазбаўленне людзей энергіі на фоне зніжэння восеньскіх тэмператур раўназначнае генацыду, заявіў у Twitter кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга.

Паводле яго слоў, Пуцін здзейсніў атаку 10 кастрычніка — у гадавіну першай масіраванай атакі на энергетычную інфраструктуру Украіны ў 2022 годзе. «Гэта наўмысная дэманстрацыя таго, што ён не змяніў сваіх агрэсіўных дзеянняў, тэрарыстычных метадаў і ўльтыматумаў на працягу трох гадоў, і ён працягвае адкідваць любыя змястоўныя дыпламатычныя і мірныя намаганні», — дадаў кіраўнік МЗС.

«Пазбаўленне людзей энергіі на фоне зніжэння восеньскіх тэмператур раўнасільнае генацыду згодна з артыкулам II (c) Канвенцыі пра генацыд: стварэнне невыносных умоў жыцця з мэтай знішчэння нацыянальнай групы», — заявіў Сібіга і заклікаў «усіх партнёраў рашуча рэагаваць».

* * *

559413074_1161157962863947_3450839650029933581_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зноў дапусціў магчымасць увядзення дадатковых санкцый супраць Расіі. Падчас зносін Трампа і прэзідэнта Фінляндыі Аляксандра Стуба з журналістамі, амерыканскага лідара спыталі, ці плануе ён увесці дадатковыя санкцыі супраць Расіі. У адказ ён коратка сказаў: «Магчыма».

Таксама Трамп адзначыў, што Вашынгтон і саюзнікі па NATO ўзмацняюць ціск на РФ для спынення вайны супраць Украіны, і ён чакае, што ўкраінскі і расійскі бакі ў бліжэйшы час правядуць перамовы.

* * *

9 верасня, Сенат ЗША адобрыў ваенныя выдаткі краіны на 2026 фінансавы год. Дакумент прадугледжвае «працяг тэрміну дзеяння Ініцыятывы па аказанні садзейнічання Украіне ў сферы бяспекі (USAI) па 2028 год уключна», а таксама «пашырэнне фінансавання» праграмы да ўзроўню 500 млн долараў.

У той жа час варта згадаць, што пасля прыходу Трампа да ўлады ЗША фактычна згарнулі ваенную дапамогу Украіне. Цяпер у дзеянне ўведзены механізм PURL, згодна з якім ваенныя пастаўкі Украіне фінансуе NATO.

* * *

Злучаныя Штаты маюць «грознае і магутнае» ўзбраенне, якое не выкарыстоўваецца ва Украіне. Аднак у будучыні Кіеў можа яго атрымаць, заявіў пасол ЗША ў NATO Мэцью Уітакер падчас Рыжскай канферэнцыі.

Паводле яго слоў, ЗША маюць узбраенне, якое можа нанесці «сур'ёзную шкоду ў любым месцы і ў любы час па нашым выбары». «Некаторае з яго можа быць патэнцыйна перамешчана ва Украіну для выкарыстання, і гэта можа змяніць разлікі. Але відавочна, што мы яшчэ не дайшлі да моманту, калі Уладзімір Пуцін вырашыць, што прыйшоў час для перамоў», — заявіў Уітакер.

Ён дадаў, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін «не можа прадэманстраваць слабасць, хоць насамрэч вельмі слабы», і нагадаў пра паніку расіян з-за магчымай перадачы Украіне ракет Tomahawk, а таксама захоп Францыяй танкера з «ценевага флоту» РФ.