329-ты дзень вайны. Украіна — толькі пачатак. Расія пачынае рэформу арміі
Расія працягвае абстрэлы мірных гарадоў ва Украіне. Тым часам у яе ёсць праблемы з утрыманнем ужо заваяваных тэрыторый. У гэтым становішчы яна пачынае рэформу войска, і аналітыкі мяркуюць, што гэта нясе небяспеку для ўсёй Еўропы.
Як паведамляецца ў зводцы Генеральнага штаба Украіны, Расія працягвае абстрэлы ўкраінскіх гарадоў і вёсак. Расійкія войскі за мінулыя суткі нанеслі шэсць ракетных удараў, тры з якіх — па грамадзянскіх аб'ектах гарадоў Купянск і Краматорск. Таксама было нанесена 14 авіяцыйных удараў і зроблена 95 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню.
Асноўныя намаганні вораг засяроджвае на вядзенні наступу на Бахмуцкім кірунку.
У той жа час Сілы абароны Украіны прымаюць меры па недапушчэнні правакацыйных дзеянняў або дыверсій з боку праціўніка, і ўзмацняюць супрацьпаветраную абарону.
На Херсонскім кірунку акупанты працягваюць тэрор мірнага насельніцтва. Мінамётны і артылерыйскі абстрэл, у прыватнасці, падвергнуліся Антонаўка і Херсон, пацярпелі грамадзянскія асобы.
У зводцы таксама паведамляецца, што праз нязначную колькасць калабарантаў захопнікі для выканання кіраўніцкіх функцый акупацыйнага рэжыму вымушаныя завозіць чыноўнікаў з РФ. Да таго ж назіраецца недахоп работнікаў у розных галінах, паколькі мясцовыя жыхары не жадаюць супрацоўнічаць з акупантамі. Таму расійцы спрабуюць завезці рабочых з той жа Расіі і часова акупаванага Крыма.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) выдаў чарговую зводку, у якой можна вылучыць тры важных моманты. Першы —на Луганскім кірунку войскі РФ працягвалі абмежаваныя контратакі, каб аднавіць страчаныя пазіцыі ў раёне Крамянной. Паводле ацэнак ISW, расійскія сілы, верагодна, рыхтуюцца да рашучага наступу ў Луганскай вобласці.
Другі: міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу абвясціў аб рэфармаванні арміі ў рамках падрыхтоўкі да зацяжной вайны ва Украіне, што можа паўплываць на ход баявых дзеянняў праз паўгода пры ўмове выканання плана па павелічэнні расійскіх войскаў.
На думку аналітыкаў, гэтыя планы дэманструюць намер Расіі рэфармаваць узброеныя сілы для вядзення буйнамаштабных баявых дзеянняў з ужываннем звычайных узбраенняў у цэлым, а не толькі для цяперашняй вайны супраць Украіны.
«Намінальна Расія можа фармаваць новыя дывізіі, але застаецца незразумелым, ці зможа Расія стварыць дастаткова сіл, каб цалкам укамплектаваць іх да дактрынальнай колькасці ва ўмовах вайны», — заўважаюць у ISW.
Таксама адзначаецца, што і раней Шайгу рабіў заявы аб расійскіх вайсковых рэформах, якія так і не былі рэалізаваныя, — напрыклад, у траўні 2022 года, калі ён заклікаў да фармавання 12 новых падраздзяленняў Заходняй вайсковай акругі (ЗВА) і набраць 100 тысяч рэзервістаў у жніўні 2021 года.
Рэформы і экспансія ў маштабах, намечаных Шайгу, не адбудзецца своечасова, каб істотна паўплываць на вайну ва Украіне на шмат месяцаў, але яна можа змяніць суадносіны сіл на перыяд да 2024 года і
стварыць умовы для значна больш сур'ёзнай ваеннай пагрозы з боку Расіі, у тым ліку НАТА.
Трэці: па ацэнках ISW Уладзімір Пуцін у бліжэйшыя дні, а, магчыма, нават 18 студзеня, можа абвясціць у Расіі другую хвалю мабілізацыі.
У Інстытуце нагадалі заяву спікера Крамля Дзмітрыя Пяскова, які паведаміў, што Пуцін выступіць 18 студзеня з прамовай у Санкт-Пецярбургу з нагоды 80-й гадавіны прарыву савецкай арміяй нацысцкай блакады Ленінграда — горада, у якім нарадзіўся расійскі прэзідэнт.
«Пуцін любіць выкарыстоўваць сімвалічныя даты для звароту да расійскага народу. Некаторыя расійскія праваенныя блогеры адзначалі, што ён скарыстаецца гэтай магчымасцю, каб абвясціць або мабілізацыю, або вайну з Украінай. Украінская і заходняя выведкі таксама неаднаразова папярэджвалі аб мабілізацыйных падрыхтоўках Пуціна, запланаваных на сярэдзіну студзеня», — гаворыцца ў справаздачы амерыканскіх аналітыкаў.
Паводле Украінская праўда, Галоўрэд, РБК-Украіна