Арастовіч — усё. Офіс Зяленскага ўхваліў яго адстаўку
У Офісе прэзідэнта Украіны задаволілі просьбу Аляксея Арастовіча аб звальненні з пасады пазаштатнага дарадцы. Пра гэта «Украінскай праўдзе» паведаміў прэс-сакратар Уладзіміра Зяленскага Сяргей Нікіфараў.
Паводле слоў Нікіфарава, кіраўнік апарата Офіса прэзідэнта
Украіны Марыя Вітушок падпісала адпаведны загад аб звальненні Арастовіча.
Аляксей Арастовіч 17 студзеня падаў у адстаўку з пасады дарадцы кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, прыклаўшы да паведамлення фатаграфію заявы.
«Напісаў заяву аб
сыходзе з пасады. Хачу паказаць прыклад цывілізаваных паводзін. Прынцыповая
памылка, значыць, у адстаўку», — адзначыў ён.
Заява, фота якой
апублікаваў Арастовіч, напісана на імя кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны
Андрэя Ярмака. «Прашу звольніць мяне з пасады дарадцы Офіса (па-за штатам) па
ўласным жаданні», — гаворыцца ў ёй.
Прычынай такога
рашэння стаў няўдалы каментарый Арастовіча наконт ракетнай атакі расійцаў на
Днепр, у выніку якой быў разбураны шматпавярховы дом.
У эфіры ў Марка
Фейгіна Арастовіч сказаў, што ракета, якая ўпала на шматпавярховік, была збіта сіламі ўкраінскай супрацьпаветранай абароны. Пазней высветлілася, што гэта не так,
бо ва ўкраінскіх сіл СПА няма тэхнічных магчымасцей, каб тарпедаваць расійскія
ракеты Х-22. Арастовіч за свае выказванні выбачыўся. Аднак слова, як кажуць, не
верабей.
Справа ў тым, што
словы Арастовіча падхапіла крамлёўская прапаганда, якая пачала распаўсюджваць
наратывы, што гэта Украіна насамрэч вінаватая ў трагедыі ў Дняпры. Маўляў,
расійскія вайскоўцы выпускалі ракеты па стратэгічных аб'ектах Украіны, і каб не
СПА, то і не было б падзення ракеты на жылы дом і не было б чалавечых ахвяр.
Вядома, гэта было
б маніпуляцыяй, нават калі б версія Арастовіча спраўдзілася. Бо найперш ахвяр
не было б, калі б РФ не атакавала Украіну ракетамі — і ўвогуле каб не нападала
на суседнюю краіну.
У самой Украіне
словы Арастовіча таксама выклікалі хвалю абурэння. З заклікамі аб яго адстаўцы — у некаторых выпадках і аб праверцы з боку СБУ — выступілі палітыкі з
апазіцыйнага лагера, у тым ліку дэпутаты Вярхоўнай рады.
Ці будзе прынята
адстаўка Арастовіча, пакуль невядома. Але эфіры ў Фейгіна, якія збіраюць
мільённыя прагляды, пэўна працягнуцца.
Паводле апошніх
даных, у выніку трагедыі ў Дняпры загінулі 44 чалавекі (у тым ліку пяць дзяцей), 79 чалавек паранены.