Крынж дня. Гродзенскі дзяржканал пакаяўся за згадку ў эфіры Юрыя Дудзя
Юрый Дудзь цалкам можа стаць персонай, пра чый дзень нараджэння не варта згадваць. А лепш — наогул не згадваць. Прынамсі, на беларускіх радыё і тэлебачанні. Ужо другі дзяржСМІ прыняў меры да супрацоўнікаў, якія нагадалі ў эфіры пра яго дзень нараджэння, піша БАЖ.
Спачатку на «Гомельскім гарадскім радыё» за гэта звольнілі некалькі чалавек. 13 кастрычніка свае прабачэнні выпусціў тэлеканал «Гродна Плюс».
На тэлеканале паведамілі, што 11 кастрычніка інжынер
відэамантажу пусціла ў ранішні эфір архіўны запіс 2019 года рубрыкі «Асоба
дня», дзе гаворка ішла пра Юрыя Дудзя. Гэта рубрыка распавядае аб асобах, якія
нарадзіліся ў пэўны дзень.
«З 2020 года ў гэтай рубрыцы ідзе гаворка толькі пра
савецкіх і беларускіх акцёраў, музыкаў і пісьменнікаў, якія не маюць дачынення
да антыдзяржаўных поглядаў. Інжынер відэамантажу, якая дапусціла такое ў эфір,
пакарана. Рэдакцыя тэлеканала прыносіць прабачэнні тым гледачам, каго магла
пакрыўдзіць дадзеная інфармацыя ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала. Рэдакцыя не
падзяляе поглядаў дадзенага героя, якія ярка праявіліся ў дачыненні да нашай
краіны пасля 2020 года», — гаворыцца ў заяве.
Там таксама выказалі падзяку тэлегледачам «за пільнасць» і
адзначылі, што «падобнай інфармацыі не месца ў эфіры дзяржаўнага
тэлеканала».
Нагадаем, 11 кастрычніка, у праўладным тэлеграм-канале
з'явіўся пост, дзе нібыта адзін з падпісчыкаў паскардзіўся на радыё 107.4 FM у Гомелі, заснавальнік якога — мясцовы выканкам. У эфіры, па словах
карыстальніка, «так распісваюць вартасці нейкага Дудзя, распавядаюць, які
ён паспяховы, знакаміты і ўвесь з сябе класны», а на думку аўтара допісу, «утоптваў
у бруд нашу краіну». Абурыла яго і тое, што вядучы павіншаваў расійскага
журналіста з днём нараджэння.
Пасля гэтага з «Гомельскага гарадскога радыё» звольнілі як мінімум двух радыёвядучых. Па словах крыніцы, знаёмай з
сітуацыяй, страцілі працоўнае месца і іншыя супрацоўнікі, а ў калектывах
іншых гомельскіх дзяржСМІ пачаліся праверкі.