Беларусь займае пятае месца ў свеце па колькасці зняволеных журналістаў
Пра гэта сведчаць новыя даныя Міжнароднай федэрацыі журналістаў (МФЖ), піша «Св*бода» са спасылкай на BPN.
![_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo.jpg _drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo.jpg](/img/v1/images/_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аналіз сытуацыі са свабодай слова і дзейнасьці журналістаў у
сьвеце, зазначае прэс-служба МФЖ, сьведчыць, што ў 2022 годзе
палітычныя рэпрэсіі «паднялі сваю пачварную галаву ад Кітаю да Беларусі і ад
Эгіпту да Ганконгу, Ірану, М’янмы, Турэччыны і Расеі ў спробе прымусіць
замаўчаць СМІ і здушыць пратэсты за свабоду».
Паводле зьвестак МФЖ, журналісты сталі аднымі зь першых
ахвяраў рэпрэсій — сама меней, 375 журналістаў і іншых работнікаў СМІ цяпер
знаходзяцца за кратамі.
![Дзяніса Івашына не вызвалілі з карцара Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына не вызвалілі з карцара](/img/v1/images/photo_2022_11_12_16_30_15.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
На чале сьпісу знаходзяцца Кітай і Ганконг — 84
журналісты-вязьні. У першую дзясятку таксама ўвайшлі Мʼянма (64 журналістаў за
кратамі), Турэччына (51), Іран (34), Беларусь (33), Эгіпет (23), Расея (разам з
акупаваным Крымам) (29), Савудаўская Арабія (11), Емэн (10) ) і Сырыя (9).
«Гэтыя лічбы выглядаюць змрочна і выклікаюць сурʼёзныя
сумневы ў палітычнай волі ўрадаў супрацьдзейнічаць пагрозам свабодзе СМІ», —
заявіў генэральны сакратар МФЖ Энтані Белланджэр. На яго думку, заявы многіх
урадаў на міжнародных канфэрэнцыях аб абавязацельствах па выкананьні правоў
чалавека і свабоды СМІ, «гучаць пустымі словамі для тых, хто стамляецца ў
турмах безь якіх-небудзь абвінавачаньняў ці законных падстаў для іх арышту».
МФЖ таксама паведаміла, што ў 2022 годзе ў сьвеце пры
выкананьні службовых абавязкаў было забіта 67 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ
(у мінулым годзе — 47), у тым ліку на вайне ва Ўкраіне — 12.
Генсакратар Фэдэрацыі заклікае ўрадаў ва ўсім сьвеце прыняць
меры па абароне журналістыкі, і адзначае, што Генэральнай асамблеі ААН час прыняць
Канвэнцыю МФЖ аб бясьпецы і незалежнасьці журналістаў.
1 сьнежня намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі
журналістаў Барыс Гарэцкі на другім Форуме свабоднай журналістыкі ў Вільні
заявіў, што сытуацыя са свабодай і выказваньнем меркаваньня ў Беларусі
застаецца адной з найгоршых у Эўропе.