Святлана Ціханоўская: Замест свабоды рэжым прапануе мякчэй стаяць на каленях

Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў, якія разглядаюць магчымасць вяртання ў Беларусь: «Паклапаціцеся пра сваю бяспеку, не дайце сябе падмануць».

marsz_adzinstva_6__4__logo_1.jpg

— Жаданне рэжыму вярнуць у краіну людзей зразумелае. Бо тая колькасць, якую называе Лукашэнка — «паўтары-дзве тысячы чалавек», — сур'ёзна заніжаныя, бо насамрэч Беларусь вымушана пакінулі сотні тысяч людзей. Гэта спецыялісты самых розных сфер, без якіх эканоміка не можа нармальна функцыянаваць. Сёння дэфіцыт рабочых рук у краіне — гэта прыкладна 100 тысяч чалавек.

Беларусы ведаюць: мы зможам вярнуцца дадому тады, калі ўсім людзям і сем'ям будзе гарантаваная бяспека. Такой гарантыяй можа быць тое, чаго цяпер па віне рэжыму ў Беларусі няма: дзейны закон, незалежны суд, прававыя механізмы і дэмакратычныя інстытуты.

Цяпер замест таго, каб спыніць палітычныя пераследы, рэжым толькі ўзмацняе іх. Калі летам 2022 года затрымлівалі па 100–120 чалавек у месяц, то за верасень 2022 года было больш за 400 затрыманняў. За кастрычнік 2022 года беларусам па палітычных матывах прысудзілі сумарна 426 гадоў несвабоды. Таму ніякія камісіі рэжыму не вырашаць крызісу: палітычнага, эканамічнага і гуманітарнага. Замест свабоды рэжым прапануе беларусам заключыць угоду са следствам, каб было мякчэй, як яны кажуць, «стаяць на каленях».

Таму я прашу ўсіх беларусаў памятаць: рэжым не можа стрымаць ніякіх абяцанняў і не можа даць ніякіх гарантый. Не верце тым, хто толькі за 2022 год затрымаў 52 беларусаў, якія вярнуліся дадому. Паклапаціцеся аб сваёй бяспецы і бяспецы сваіх блізкіх. Не дайце сябе падмануць.

Нагадаем, як пісаў НЧ, сёння падчас нарады Лукашэнка прапанаваў стварыць камісію, што паспрыяе «беглым» вярнуцца ў Беларусь. Але гэта тычыцца выключна тых, хто з'ехаў, але потым «раскаяўся» — патрэбны індывідуальны падыход, каб не дапусціць вяртання «ворагаў».

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман таксама скептычна ацаніў такую прапановы рэжыму: «Хтосьці ў сілавых структурах зразумеў, што практычней будзе выкарыстоўваць тысячы нябедных людзей як дойную карову, пагражаючы ім арыштам, чым спрабаваць арыштаваць іх усіх адначасова, рызыкуючы проста выцесніць большасць у эміграцыю. З палітуцекачамі такая ж логіка: прасцей абкласці іх падаткам, чым пакідаць у эміграцыі і не мець з гэтага нічога... Улада можа выконваць сваю частку ўгоды. Па вялікім рахунку, нішто не перашкаджае завабіць у краіну дзясяткі ці сотні эмігрантаў у роспачы, прымусіць іх выканаць зневажальныя ўмовы, а потым кінуць».