«Губазікаўца за хірургічны стол не паставіш». Эксперты — пра «вяртанне збеглых»
Эксперты працягваюць выказвацца наконт ініцыятывы Лукашэнкі па «вяртанні збеглых». Меркаванні пра тое, чаму гэта спатрэбілася зараз, даволі розныя, а вось наконт таго, ці варта давяраць абяцанкам прадстаўнікоў рэжыму — адназначнае.

«Усё вызначаецца найперш інтарэсамі рэпрэсіўнай машыны»
Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык лічыць, што адна з прычын стварэння такой каміссіі — кадравая катастрофа.
— Беларусь пакінулі дзясяткі тысяч не горшых спецыялістаў. І калі без сумленных творцаў і навукоўцаў, паэтаў і гісторыкаў, мастакоў ды журналістаў рэжыму лягчэй, дык дыфіцыт, напрыклад, медыкаў, стварае ўжо электаральную праблему, бо ГУБАЗіКаўца да хірургічнага стала не паставіш. Але гэта не адзіная прычына, яшчэ адна — імкненне адпомсціць і пакараць.
Навумчык успамінае: вяртацца дадому «нязручных» грамадзян прасілі і сто гадоў таму.
— Існуе вельмі добры прыклад з гісторыі, калі ў канцы 1920-х гадоў некаторыя дзеячы БНР паверылі бальшавіцкаму кіраўніцтву БССР і вярнуліся «будаваць беларускую Беларусь».
У цяперашняй Беларусі, дзе сяржант АМАПа важнейшы за дзесяць акадэмікаў, усё вызначаецца найперш інтарэсамі рэпрэсіўнай машыны.
У сённяшняй сітуацыі Навумчык бачыць спалучэнне двух фактараў. З аднаго боку, цалкам магчыма, што хтосьці ў атачэнні Лукашэнкі пераканаў яго, што трэба вярнуць хоць частку спецыялістаў, напрыклад, медыкаў. Але адначасова гэта ў інтарэсах тых, хто спіць і бачыць, як бы адпомсціць тым, хто выходзіў на вуліцы пад бел-чырвона-белымі сцягамі, але цяпер недасяжны.
— У мяне няма сумневу, што пераможа рэпрэсіўны падыход. Усіх, хто паверыць Лукашэнку і вернецца, будзе чакаць публічная працэдура прыніжэння і пакаяння. І абавязкова суд — хай пакуль і з умоўным тэрмінам. Але вельмі лёгка гэты тэрмін можа ператварыцца ў рэальны.
Уласна, гэта мы бачым і цяпер: днямі самі ўлады заявілі, што 52 беларусы, якія вярнуліся, былі затрыманы за «экстрэмісцкую дзейнасць».
Навумчык адзначае: усе яго знаёмыя беларусы-эмігранты жадаюць вярнуцца, але ў вольную Беларусь без Лукашэнкі.
— Ніхто не збіраецца добраахвотна вяртацца ў канцлагер. Для таго, каб людзі вярнуліся, улада мусіла б цалкам спыніць рэпрэсіі і выпусціць усіх без выключэння асуджаных па палітычных матывах. Але пакуль Лукашэнка будзе ва ўладзе, такога не здарыцца. Вельмі сумняюся, што колькі-небудзь заўважная частка тых, хто вымушана пакінуў Беларусь, паверыць абяцанням улады і вернецца.

«Не думаю, што будзе шмат тых, хто гатовы паверыць Лукашэнку»
Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман згодны са сваім калегам: адной з мэт такой камісіі можа быць жаданне вярнуць спецыялістаў, якія з'ехалі. Аднак могуць быць і іншыя мэты.
— Напрыклад, паўплываць на тых, хто яшчэ не прыняў канчатковага рашэння. Акрамя гэтага, магчыма, яны хочуць стварыць уражанне, што ўсё стабілізуецца і наладжваецца. Так яны могуць паўплываць у тым ліку на сваіх прыхільнікаў і сказаць: мы ж улада, у нас ёсць сіла, мы можам нават кагосьці памілаваць.
Не ў апошнюю чаргу мае ролю жаданне перабіць парадак дня і адцягнуць увагу ад таго, што адбываецца ва Украіне, і ад пытання з палітвязнямі. З аднаго боку, нікога не адпускаюць, з другога, улады нібыта ідуць на дыялог.
Пераацэньваць такую ідэю ўлад эксперт не стаў бы. Сам факт таго, што камісію ўзначаліць генпракурор, кажа, што гаворка ідзе аб праверцы, ацэнцы з боку ўлады, ці здзяйсняў канкрэтны чалавек злачынства, але ніяк не пра дыялог.
— Сярод эмігрантаў, вядома, ёсць тыя, хто незадаволены сваім цяперашнім становішчам. Для многіх ад'езд быў вымушаным і спантанным. Таму гэта спроба паўплываць на пачуцці гэтых людзей, апеляваць да настальгіі, якая ў іх ёсць. Тым самым раскалоць беларускую дыяспару, якая фарміруецца за межамі Беларусі.
Аляксандр Фрыдман у інтэрв'ю «Салідарнасці» адзначае, што, магчыма, будуць асобныя людзі, якія ўспрымуць гэта сур'ёзна і скарыстаюцца такой магчымасцю.
— Не думаю, што ўсе гэтыя людзі па вяртанні адправяцца ў турму. Хтосьці, напэўна, зможа вярнуцца да свайго спакойнага апалітычнага жыцця, камусьці будуць прызначаны штрафы, а для кагосьці такая вера ў паблажлівасць улад можа абярнуцца турэмным тэрмінам. Але не думаю, што такія вяртанні будуць насіць масавы характар і што акажацца шмат тых, хто гатовы паверыць Лукашэнку.
З гэтага робяць вялікую тэму, якую будуць абмяркоўваць. Што імі рухае, стане зразумела, калі справа дойдзе да практыкі, будзе абвешчаны склад камісіі. Пакуль яны пачуваюцца як пераможцы, якія могуць вяршыць лёсы.

«Унесці раскол у палітычную эміграцыю»
Палітычны аглядальнік праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі нагадвае, што адразу пасля 2020 года беларускія ўлады з радасцю выціскалі палітычных праціўнікаў і проста нелаяльных грамадзян за мяжу. Цяпер жа схамянуліся, бо гаворка ідзе не пра дзясяткі, а сотні тысяч тых, хто зʼехаў, і Беларусь страціла шмат кваліфікаваных кадраў.
— Тыя, хто выходзіў на пратэсты, — гэта пераважна маладзейшая, болей прасунутая, прадпрымальная частка грамадства, і відавочна, што цяпер адчуваецца кадравы голад. Масава зʼехалі айцішнікі, нават афіцыйная статыстыка гэта пацвярджае. Бракуе дактароў і шмат каго яшчэ, — даводзіць Аляксандр Класкоўскі ў каментары «НН».
Гэта вядзе да пагаршэння якасці жыцця, страты часткі ВУП. У рэжыму адносіны чыста прагматычныя, адзначае палітолаг.
Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што Лукашэнка спрабуе імітаваць пошук шляху да грамадскага прымірэння і нацыянальнай згоды, «маўляў, рэжым не такі ўжо і зверскі і мы можам пэўны гуманізм выявіць. У параўнанні з заявамі, што гучалі год таму (а тады запомнілася ўсім фраза “паўзіце на каленях”), нічога новага няма».
Палітычным праціўнікам Лукашэнка прапануе здацца ў палон на ўмовах рэжыму, і ім выстаўляецца ўльтыматум.
— Пакайцеся, пасыпце галаву попелам. І нават яшчэ болей, Лукашэнка хоча, каб людзі змянілі свае погляды. Кажа, што яны павінны стаць большымі ябацькамі, чым цяперашнія прыхільнікі рэжыму, — акцэнтуе ўвагу эксперт.
На думку Класкоўскага, у глыбіні душы Лукашэнка разумее, што «погляды нельга змяніць як пальчаткі».
Лукашэнка і ягонае атачэнне маюць на мэце ўнесці раскол у палітычную эміграцыю і ў шэрагі нелаяльных людзей, мяркуе палітычны аглядальнік.
— Ёсць частка менш цвёрдых людзей, асабліва з ліку палітычных неафітаў, якія ўпалі ў фрустрацыю і шкадуюць, што паддаліся тады эйфарыі, былі на хвалі пратэстаў, а сёння страцілі сваё спакойнае колішняе жыццё.
Іншая рэч, што ранейшага спакойнага жыцця ні ў кога не будзе, бо мы бачым, што рэжым становіцца ўсё больш жорсткім, патрабуе ўсё большай лаяльнасці, і заўтра могуць прыйсці па тых, каму сёння нібыта даравалі, — лічыць палітолаг.
Больш прынцыповая частка палітычнай эміграцыі не паверыць абяцанням Лукашэнкі, ды і даравання ім не будзе. Ідзе завочны суд над Ціханоўскай, Латушкам і іншымі сябрамі Каардынацыйнай рады. Гэтыя людзі разумеюць, што ім шлях у Беларусь пры цяперашняй уладзе адрэзаны.
— Яны спадзяюцца кагосьці на гэтую вуду злавіць і з гэтага будуць, як мінімум, рабіць шоу, — падсумоўвае Аляксандр Класкоўскі.
