Лукашэнка вырашыў стварыць камісію па вяртанні палітуцекачоў. Але ёсць нюанс
Рэжым Лукашэнкі вырашыў стварыць спецыяльную камісію, што будзе займацца справамі беларусаў, якія з'ехалі за мяжу з-за боязі трапіць пад рэпрэсіі. Пра гэта піша «БелТА».
«Прынята прынцыповае рашэнне: будзе створана
міжведамасная камісія, якую ўзначаліць генеральны пракурор. У склад гэтай
камісіі будуць уключаны прадстаўнікі грамадскасці, дэпутацкага корпуса,
службовыя асобы дзяржаўных органаў», — сказаў генпракурор Андрэй Швед па выніках сённяшняй нарады ў Лукашэнкі.
Падчас нарады якраз Лукашэнка шмат казаў пра тое, што варта неяк вырашаць пытанне з тымі, хто з'ехаў, але потым «раскаяўся». Маўляў, патрэбны індывідуальны падыход, каб не дапусціць вяртання «ворагаў».
«Тыя, хто знаходзяцца за мяжой і жадаюць вярнуцца на
радзіму, але чагосьці асцерагаюцца, будуць мець магчымасць звярнуцца
(інфармацыя будзе размешчана ва ўсіх сродках масавай інфармацыі) у камісію і
атрымаць адпаведныя тлумачэнні — аб магчымасці вярнуцца, аб наяўнасці альбо
адсутнасці нейкіх прэтэнзій з боку дзяржаўных органаў да гэтай канкрэтнай
асобы», — сказаў Швед.
«Усе, хто будуць замахвацца на канстытуцыйны лад нашай
краіны, паўстануць перад законам, панясуць адказнасць. Наша пазіцыя
нязменная», — дадаў ён.
Нюанс палягае ў тым, што адмысловую камісію даручана ўзначаліць генпракурору Шведу — аднаму з канструктараў і натхняльнікаў масавых палітычных рэпрэсій у Беларусі пасля выбараў 2020 года.
Лукашэнка ўжо неаднаразова загаворваў пра вяртанне «збеглых». Відавочна, што яму гэтая тэма муляе. І ў палітычным сэнсе — з краіны з'ехалі сотні тысяч грамадзян, і ў эканамічным — у эміграцыю адправіліся самыя актыўныя, адукаваныя і кваліфікаваныя беларусы, якія запатрабаваны і хутка адаптуюцца за мяжой.
Выглядае, што тэорыя аб «раскаянні» застаецца ў сіле, гэта значыць, што Швед на чале камісіі будзе ацэньваць, наколькі пакорліва ўчарашнія «здраднікі» паўзуць дадому і наколькі гатовы прасіць прабачэння ў міласэрнай дзяржавы.
Дарэчы, гісторыя ўжо ведае такія выпадкі. Пасля падзей 1917 года з Расіі выехалі сотні тысяч людзей, баючыся пераследу з боку бальшавікоў. Пазней Сталін прапанаваў ім вярнуцца, паабяцаўшы шчаслівае жыццё ў СССР. Многія паверылі і сапраўды пагадзіліся зноў жыць на радзіме. Большасць з іх пасля вяртання былі рэпрэсаваныя.