Стала вядома, колькі беларускіх дзяцей вучыцца ў польскіх школах. Колькасць вас уразіць

У школах Польшчы цяпер займаецца 26 тысяч беларускіх дзяцей. Такую лічбу назвала адказная за нацыянальнае адраджэнне Аліна Коўшык на сустрэчы беларусаў з прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінета на чале са Святланай Ціханоўскай. Сустрэча прайшла 23 студзеня ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве, піша «Св*бода».

1210_1.jpg

Кіраўнік Беларускай школы ў Варшаве Алесь Лозка паведаміў, што з лютага ў польскіх школах украінскай мове будзе нададзены статус замежнай. І запытаўся, ці можна дамагчыся прыняцця такога ж рашэння адносна беларускай мовы.

Аліна Коўшык адказала, што 24 студзеня плануецца сустрэча прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета з міністрам адукацыі і навукі Польшчы Пшэмыславам Чэрнякам, і яна плануе звярнуцца да яго з такой жа прапановай.

«Калі ў школе ёсць 7 беларускіх дзяцей, мы таксама будзем дамагацца, каб яны мелі магчымасць вывучаць беларускую мову як замежную. Мы плануем адкрываць суботнія беларускія школы па ўсёй Польшчы. Праца такая вядзецца, патрэбен час. І мы спадзяемся, што дзеці будуць здаваць іспыт па беларускай мове, атрымліваць сертыфікаты, і калі вернуцца на радзіму, гэтыя адзнакі перанясуць у іх беларускія дзённікі», — патлумачыла Аліна Коўшык.

Што тычыцца адкрыцця ў Польшчы Беларускага ліцэя для падлеткаў, то пакуль гэтага не плануецца.

«Мы засяроджаны пакуль на навучанні малодшых дзетак, бо іх у Польшчы значна больш», — сказала Аліна Коўшык.

Нагадаем, пасля падзей 2020 года беларусы няспынна эмігруюць з краіны, дзе Лукашэнка апантана закручвае гайкі і кідае ў турмы нязгодных. Працэс значна паскорыўся пасля пачатку вайны ва Украіне 24 лютага 2022 года, у якой лукашэнкаўская Беларусь актыўна слугуе пуцінскай агрэсіі. Дакладнай колькасці тых, хто з'ехаў, няма, бо не існуе верыфікаваных методык для такіх падлікаў. Але гаворка дакладна ідзе пра сотні тысяч эмігрантаў, шмат хто пакідае Беларусь разам з дзецьмі.