У Гродне вынеслі на грамадскія абмеркаванні пытанне будаўніцтва АЭС. Дзе яе пабудуюць? Вы здзівіцеся
У Гродзенскай вобласці на грамадскія абмеркаванні вынесенае пытанне будаўніцтва атамнай электрастанцыі, паведамляе Л*стэрка са спасылкай на рэгіянальную «Гродзенскую праўду». Але гаворка ідзе не пра другую АЭС ў Беларусі, а пра першую АЭС у Польшчы!
Абмеркаванні праводзяцца па ініцыятыве польскага боку — арганізатарам выступае кампанія «Польскія атамныя электрастанцыі» (Polskie Elektrownie Jądrowe). Яна падала гродзенскім уладам апавяшчэнне аб планаванай дзейнасці і справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння планаванай станцыі на навакольнае асяроддзе.
Размясціць станцыю плануюць на захад ад Гданьска, недалёка ад гарадоў Вейхерава і Леба на беразе мора, у раёне населеных пунктаў Капаліна і Любятава альбо Жарновец (гэта дзве пляцоўкі па суседстве, паміж імі яшчэ не выбралі). Адтуль — каля 100 кіламетраў да Калінінградскай вобласці, 188 кіламетраў да Літвы і 248 кіламетраў да Германіі. Да Гродна так далёка, што яго нават не згадалі ў дакументах, — каля 400 кіламетраў.
Паводле справаздачы аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе, пляцоўка для станцыі абраная так, што рызыкі там мінімальныя. Тэктанічнай актыўнасці там няма, пагрозы паводак — таксама, уздым узроўню мора і рызыкі ўмоў форс-мажораў улічаныя.
Сур'ёзныя ядзерныя аварыі на станцыі фактычна выключаныя: паводле высноваў навукоўцаў, на АЭС пакаленняў III і III+, да якіх адносіцца і польская, верагоднасць аварыі, звязанай з разбурэннем актыўнай зоны рэактара, у тым ліку яе расплаўленнем, ніжэй, чым раз у мільён гадоў. А верагоднасць буйных выкідаў радыеактыўных рэчываў ніжэй, чым раз у 10 млн гадоў. Гэта значыць, падобная аварыя можа адбыцца раз у 60 гадоў пры наяўнасці 166 тысяч працуючых рэактараў такога тыпу. А ў свеце іх усяго каля 440.
Пры гэтым навукоўцы змадэлявалі і такія сітуацыі — з выкідамі радыяцыі ў паветра. У такім выпадку больш за ўсё дасталася б раёнам на межах з Германіяй і Славакіяй, але магутнасць апраменьвання нават там была б на парадкі ніжэй, чым сярэдні радыяцыйны фон па Польшчы. Гэта значыць, нават цяжкая аварыя на станцыі не ўяўляла б ніякай пагрозы для людзей, якія жывуць у іншых краінах.
АЭС патрэбна палякам для задавальнення патрэбнасці ў электраэнергіі і зніжэння выкідаў вуглякіслага газу ў паветра. Цяпер у Польшчы шмат вугальных электрастанцый, якія ствараюць вялікія праблемы для экалогіі. Варта дадаць, што менавіта каля Гданьску і знаходзяцца некаторыя польскія вугальныя шахты.
Акрамя таго, дзякуючы АЭС атрымаецца дыверсіфікаваць крыніцы энергіі для Польшчы і знізіць выдаткі для спажыўцоў. Станцыю будуюць у рамках праграмы, якая прадугледжвае поўную энергетычную трансфармацыю Польшчы да 2040 года з атрыманнем энергіі на 80% з аднаўляльных крыніц і ад ядзерных рэактараў.
Як паведамляў польскі ўрад у лістападзе 2022 года, будаваць першую ў краіне АЭС пачнуць у 2026 годзе, а яе першы блок увядуць у эксплуатацыю ў 2033-м. Будаўніцтвам зоймецца амерыканская кампанія Westinghouse, выкарыстоўваючы амерыканскую ж тэхналогію рэактараў AP1000.