Расія можа аднаўляць свае сілы на фронце ва Украіне, але не нарошчваць іх

У сеціва злілі сапраўдныя звесткі пра загінулых расійскіх жаўнераў ва Украіне. З іх бачна, што РФ губляе забітымі непрапарцыйна шмат салдат, і можа толькі ўзнаўляць страты, але не нарошчваць сілы. Таму звяртаецца да наймітаў. Ідуць 1323-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Цягам мінулага дня ва Украіне зафіксавана 200 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 8 кастрычніка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 46 атак расіян ў раёнах Уладзіміраўкі, Ніканораўкі, Сухецкага, Міралюбаўкі, Новага Шахавага, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Мірнаградц, Новаэканамічнага, Лісоўкі, Пакроўску, Котліна, Удачнага і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 32 штурмы ў раёнах Запарожжа, Аляксандраграду , Студзеньскага, Навасёлаўкі, Сасноўкі, Ворана і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 29 баявых сутыкненняў у раёнах Ваўчанскіх Хутароў, Ціхага, Амбарнага, Каменкі, Балогаўкі, Заходняга, Краснага Першага і іншых.

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 18 атак у раёнах Александрына-Шультынавага, Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Русінага Яру і Палтаўкі.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 12 разоў паблізу Сярэдняга, Шандрыгалава, Навасёлаўкі, Карпаўкі, Торскага.

На Сіверскім і Гуляйпільскім кірунках кірунку адбылося па 11 баявых сутыкненняў на кожным.

* * *

Расійскія войскі прасунуліся ў Запарожскай вобласці, паведамляе аналітычны праект DeepState. «Расіяне прасунуліся паблізу Новамікалаеўкі, Новаіванаўкі, Паляўнічага, Малінаўкі, Вішнёвага і ў Палтаўцы», — адзначаецца ў паведамленні. У Сумскай вобласці расійскія войскі дамагліся поспехаў у раёне Новамікалаеўкі Сумскага раёна: адпаведная інфармацыя адлюстравана на анлайн-карце аналітычнага праекта.

* * *

Узброеныя сілы Украіны ў Сумскай вобласці перакрылі дронамі наземныя лініі сувязі і шляхі забеспячэння расійскім падраздзяленням, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Па іх даных, падраздзяленні Паўночнай групоўкі войскаў, якія ўтрымліваюць пазіцыі ў Юнакоўцы, не маюць доступу да вады ўжо 8 дзён, таму расіяне збіраюць дажджавую ваду. Прарасійскі ваенны блогер абверг заявы пра тое, што расійскія войскі захапілі Юнакоўку. Расійскае ваеннае камандаванне ў раёне Юнакоўкі складаецца з афіцэраў без баявога вопыту. Яны знаходзяцца ў тылавых штабах за 20 км ад лініі сутыкнення і адмаўляюцца вывозіць параненых і забітых.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 7 кастрычніка, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Сіверска. Таксама расійскія войскі нядаўна прасунуліся на ўсход ад Іванаполля (на паўднёвы ўсход ад Канстанцінаўкі) у тактычным раёне Канстанцінаўка-Дружкоўка.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 7 кастрычніка, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўднёвы захад ад Мікалаеўкі (на ўсход ад Пакроўска).

Украінскія войскі, згодна з геалакацыйнымі кадрамі ад 6 кастрычніка, прасунуліся ў паўночнай частцы Мураўкі (на паўночны ўсход ад Навапаўлаўкі). А расійскія войскі прасунуліся на захад ад Зялёнага Гая (на паўднёвы захад ад Навапаўлаўкі).

Таксама ўкраінскія войскі нядаўна прасунуліся ў паўднёвым кірунку ад Студзеньскага (на ўсход ад Вялікаміхайлаўкі) — па геалакацыйных дадзеных ад 7 кастрычніка. 

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 7 кастрычніка, паказваюць, як расійскія войскі паднімаюць сцягі ў цэнтры Новавасільеўскага (на паўночны ўсход ад Гуляйполя), што сведчыць пра нядаўняе прасоўванне расійскіх войскаў у гэтым раёне.

* * *

У ноч на 8 кастрычніка расіяне атакавалі Украіну 183-ма ўдарнымі БпЛА тыпу Shahed, «Гербера» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Сілы СПА абясшкодзілі 154 варожыя дроны.

У ноч на 8 кастрычніка расійскія войскі ажыццявілі масіраваную атаку дронамі-камікадзэ па Чарнігаўскай вобласці. Асноўныя ўдары прыйшліся на Нежын, Прылукі і Сямёнаўскую абшчыну. У выніку атакі пашкоджана чыгуначнае палатно, рух цягнікоў у кірунку Кіева часова спынены. Таксама зафіксавана траплянне па адным з энергааб'ектаў Нежына, што пацягнула аварыйныя адключэнні электразабеспячэння ў некалькіх раёнах горада. Без святла засталіся больш за 4,5 тысячы абанентаў.

У ноч на 8 кастрычніка расійскія вайскоўцы атакавалі Крыварожскую вобласць ударнымі БПЛА і кіраванымі авіябомбамі. Над вобласцю было збіта 29 ударных БПЛА. Пацярпелі два чалавекі. 

Расійскія войскі атакавалі цеплаэлектрастанцыю кампаніі «ДТЭК». У выніку абстрэлу раненні атрымалі двое энергетыкаў. У якой вобласці гэта адбылося, не паведамляецца.

Таксама ў ноч на 8 кастрычніка расійская армія атакавала ўдарнымі беспілотнікамі Чаркаскую вобласць. Пра пацярпелых не паведамляецца.

* * *

558008574_1159209126392164_6772739764126481702_n.jpg

* * *

Уцечка расійскіх ацэнак суадносін забітых і параненых у баі расійскіх вайскоўцаў (KIA) ва Украіне падкрэслівае ўплыў узмоцненага выкарыстання тактычных беспілотнікаў ва Украіне і ступень, у якой беспілотнікі ўскладняюць наземнае прасоўванне і эвакуацыю параненых, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Эксперты спасылаюцца на публікацыю ўкраінскай ініцыятывы «Я хачу жыць», якая 6 кастрычніка апублікавала злітыя расійскія даныя пра страты вайскоўцаў РФ са студзеня па жнівень 2025 года. Гэтыя даныя паказваюць, што расійскія войскі страцілі агулам 281 550 чалавек, з якіх: 86 744 чалавекі загінулі ў баі (KIA), у тым ліку 1583 афіцэры і 8633 рэкруты-злачынцы; 33 996 чалавек прапалі без вестак (MIA), у тым ліку 11 427 рэкрутаў-злачынцаў; 158 529 чалавек атрымалі раненні (WIA), у тым ліку 6356 афіцэраў і 16 489 рэкрутаў-злачынцаў; і 2311 былі ўзятыя ў палон.

Даныя, апублікаваныя ўкраінскай ініцыятывай, аналагічныя справаздачы ўкраінскага галоўнакамандуючага генерала Аляксандра Сырскага пра тое, што расійскія войскі страцілі прыкладна 300 тысяч чалавек са студзеня 2025 года па стане на 9 верасня.

Пры гэтым суадносіны страт Расіі складаюць адзін забіты на кожных 1,3 параненых, што, верагодна, звязана з недастатковай падрыхтоўкай тактычнай медыцыны і частай няздольнасцю расійскага ваеннага камандавання ў дастатковай ступені рэабілітаваць параненых.

Стандартныя суадносіны забітых да параненых складае адзін да трох, што паказвае, што цяпер расійскія сілы, па ўсёй бачнасці, маюць ненармальна высокае суадносіны забітых і параненых, верагодна, з-за эфектыўнасці паўсюдных удараў беспілотнікаў тактычнага ўзроўню, якія стварылі зоны паражэння (вобласць у непасрэднай блізкасці ад лініі фронту, дзе маса тактычных ударных і разведвальных беспілотнікаў уяўляе падвышаную рызыку для любой тэхнікі або асабовага складу, якія ўваходзяць у гэтую вобласць) па ўсім тэатры ваенных дзеянняў. Гэта ўскладняе магчымасць абодвух бакоў эвакуяваць і сартаваць параненых.

Расійская інсайдэрская крыніца, якая пастаянна давала дакладныя даныя пра змены ў расійскім ваенным камандаванні, раней паведамляла, што Міністэрства абароны Расіі ў перыяд з 1 студзеня па 15 верасня 2025 года завербавала 292 000 чалавек, у сярэднім 31 600 навабранцаў у месяц — пры стратах у сярэднім 35 193 чалавекі ў месяц. Такім чынам Расія можа папаўняць свае страты, але не нарошчваць ваенную прысутнасць на франтах Украіны.

* * *

Расія для ўдзелу ў вайне супраць Украіны актыўна прыцягвае кубінцаў. Гэта сведчыць пра рост залежнасці Масквы ад замежнага персаналу, што змяняе дынаміку канфлікту і дадае новыя выклікі бяспецы, піша Forbes.

Выданне спасылаецца на дадзеныя ўкраінскай разведкі, згодна з якімі ва ўзброеным супрацьстаянні на баку Расіі можа ўдзельнічаць да 25 тысяч кубінцаў. Гэта робіць іх найбуйнейшым замежным кантынгентам на лініі фронту.

Forbes указвае, што кубінцаў прыцягваюць абяцаннямі зарплат у дзве тысячы долараў у месяц, што значна перавышае сярэдні даход у іх краіне. Адны падпісваюць кантракты добраахвотна, іншыя заяўляюць, што сталі ахвярамі хлусні, бо ім абяцалі будаўнічую працу ў Расіі, але замест гэтага адправілі ваяваць.

Нягледзячы на афіцыйнае адмаўленне кубінскай улады адносна падтрымкі такіх аперацый, эксперты мяркуюць, што без яе маўклівай згоды масавы набор быў бы немагчымы.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас сустрэчы з прэм'ерам Канады Маркам Карні заявіў, што завяршыць вайну Расіі супраць Украіны можа аказацца складаней, чым дасягнуць міру на Блізкім Усходзе.

«Гэта вар'яцтва — проста вар'яцтва. Я думаў, што гэта будзе адзін з простых выпадкаў. У мяне добрыя адносіны з Пуціным, і я думаў, што гэтае пытанне можна будзе ўладзіць. Я вельмі расчараваны ў ім, бо лічыў, што гэта будзе лёгка ўрэгуляваць, але аказалася, што, магчыма, гэта нават больш складана, чым Блізкі Усход», — заявіў Трамп.