Чысткі ў Гродне. З-за чорных спісаў, якіх ніхто не бачыў, звальняюць работнікаў культуры
«Вычышчаюць у асноўным людзей, у якіх ярка выяўленая жыццёвая пазіцыя. Гэта тыя людзі, у якіх фантазія ярчэй развітая, вобразнае мысленне, крэатыўнасць. Сыходзяць больш яркія. Застаецца сярэднестатыстычныя звяно, паслухмяная маса, якая хоча дажыць да пенсіі ці не думаць пра заўтрашні дзень», — лічыць вядучы, які страціў працу.

Рэдакцыя Hr*dna.life паглядзела, як работнікі сферы культуры губляюць працу праз «чорныя спісы».
Вядучы мерапрыемстваў з Гродна Іван (імя зменена) шмат
гадоў супрацоўнічаў з буйнымі дзяржаўнымі і прыватнымі прадпрыемствамі і
фірмамі. Цяпер ён збіраецца зачыняць індывідуальнае прадпрымальніцтва. Доўгі
час з ім адмаўляюцца супрацоўнічаць заказчыкі. З падобным сутыкнуліся яго
калегі. Адзін з іх стаў таксістам, другі — кур'ерам, трэці — газавіком. Віной
усяму — «чорныя спісы», якіх ніхто не бачыў, але ўсе пра іх кажуць.
Паводле слоў Івана, ніхто «чорных спісаў» не бачыў, але на
практыцы шэраг вядучых сутыкнуліся з адмовамі працаваць з імі. Спісы нібыта
ёсць у намдырэктара ўстаноў па ідэалагічнай працы. Менавіта яны вырашаюць, ці
можна супрацоўнічаць з чалавекам.
— Звычайна ніякіх выразных фармулёвак не даюць. Калі ты
даўно працаваў з гэтай арганізацыяй, напрыклад, з намеснікам дырэктара або
прафкамам і маеш чалавечыя ўзаемаадносіны, табе могуць сказаць «Прабач, мы на
жаль не можам [даць табе працу], па пэўных прычынах». Усе адказваюць вельмі
расплывіста, — распавядае Іван аб сітуацыі, з якой сутыкнуўся.
З падобным сутыкаліся і іншыя вядучыя. У чэрвені 2022 года
адной з гродзенскіх школ зацікавіліся гарадскія ўлады. Ім стала вядома, што
свята ў выпускнікоў правёў шоўмэн Андрэй Ірха. Выпускнікоў і іх бацькоў
выклікалі ў пракуратуру. Адміністрацыя патлумачыла, што 10 чэрвеня ў самой
школе працавалі мясцовыя вядоўцы, а Андрэй працаваў 11 чэрвеня, калі выпускны
быў па-за школай, распавёў тады шоўмэн. Пасля гэтага увага ўладаў
да школы знікла. Нумар школы і падрабязнасці інцыдэнту Андрэй не раскрыў.
Андрэя Ірху некалькі разоў затрымлівалі і штрафавалі — на
акцыі пратэсту і за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У канцы 2021 года
блогер распавядаў, што не будзе працаваць на Новы год у рэстаране TURAN і не
зможа правесці запланаваныя ў рэстаране мерапрыемствы. На думку блогера, ён
трапіў у лік «непажаданых» да супрацоўніцтва.

Кагосьці «забаранілі», хтосьці з'ехаў
— Можа, ты каментар дзесьці не там напісаў, можа, ты засвяціўся дзесьці, актыўна сябе праявіў на маршы. Можа, проста ты да гэтага працаваў у дзяржустанове і твой кіраўнік даў на цябе характарыстыку, што ты маеш ярка выяўленую пазіцыю, — лічыць Іван.
Як правіла, арганізатары і вядучыя ў Гродне сапраўды
сумяшчалі працу ў дзяржустановах і з прыватнымі заказчыкамі. Менавіта пасля
звальнення з дзяржструктур яны атрымлівалі адмовы па працы.
— Атрымліваецца, пры выбары выканаўцы адштурхваюцца не ад
прафесійных якасцяў, а ад бюракратычных — можна з ім супрацоўнічаць ці нельга,
— заключае Іван.
Паводле слоў Івана, адчуваецца вялікі адток артыстаў. Кагосьці «забаранілі», хтосьці з'ехаў. А некаторыя зараз не гатовыя выступаць.
Ніводнага канцэрту за год
Музыкант Аляксандр з Гродна за 2022 год не адыграў ніводнага канцэрта. У яго знікла жаданне займацца музыкай. Выступаць, паводле яго слоў, таксама няма дзе. «[На канцэрты] ходзяць «мянты» і Бондарава (праўладная актывістка-даносчыца). Па адчуваннях здаецца, што ўсе з'ехалі, усё распалася і ўсё бессэнсоўна і жахліва на фоне вайны», — распавёў музыка. Ён не гатовы выступаць, пакуль ідзе вайна.

У Беларусі групы распадаюцца з-за релакацыі або пераезду фронтмэна. Некаторыя музыкі едуць цэлымі камандамі. На думку крыніцы, у краіне засталіся толькі кавер-бэнды і «дрэнныя музычныя акцёры», якія не займаюць пазіцыю.
— Я не сацыёлаг, каб распаўсюджваць нейкія лічбы з паветра,
але на рок-музыцы ў РБ можна паставіць крыж, — мяркуе адзін з гарадзенскіх
музыкаў, вымушаны эміграваць. — Выехала велізарная колькасць: ад глыбокага
андэграўнду да Лявона Вольскага. У несвабоднай краіне не можа нічога
развівацца.
«Усюдыісныя страшныя спісы»
Цяпер нават для выступу танцавальнай школы ў гандлёвым цэнтры трэба атрымаць дазвол УУС і ўпраўлення культуры, падаць спісы вядучых і арганізатараў. «Калі браць нейкую мастацкую выставу, па той жа схеме: чытаюць, адглядаюць, хто мастак, хто даспадобы, не даспадобы. Усюдыісныя страшныя спісы», — распавёў Іван.
Выстава «СКУЛЬПТУРА» ў Гродне адкрылася і траўні і
праіснавала адзін дзень. Да ўладаў звярнулася актывістка Вольга Бондарава. Яна
заклапацілася» антыдзяржаўнымі выказваннямі» некаторых удзельнікаў
выставы. Куратару Івану Арцімовічу прапанавалі прыбраць частку экспанатаў — ён
адмовіўся. Выставу закрылі. А неўзабаве гандлёва-забаўляльны комплекс
«Triniti» скасаваў дамову з галерэяй «400 квадратаў».
Па «спісах» ва ўстановах культуры прайшлі звальненні перад
рэферэндумам, прысвечаным папраўкам у Канстытуцыю ў лютым 2022 года. Звольненыя
кажуць аб «тэчцы», якая ёсць на кожнага. Астатнія падпісваюць дакумент аб тым,
што яны не будуць удзельнічаць у мітынгах і падпісвацца на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы.

«Вычышчаюць у асноўным людзей, у якіх ярка выяўленая
жыццёвая пазіцыя. Гэта тыя людзі, у якіх фантазія ярчэй развітая, вобразнае
мысленне, крэатыўнасць. Сыходзяць больш яркія. І «рухавікі» сыходзяць, якія
могуць да нечага штурхаць, прыцягваць. Застаецца сярэднестатыстычнае звяно,
паслухмяная маса, якая хоча дажыць да пенсіі або не думаць аб заўтрашнім дні»,
— лічыць Іван.
Рэестр арганізатараў
Іван лічыць, што вярнуцца ў культуру для яго цяпер немагчыма. У тым ліку з-за неабходнасці атрымаць дазвол на сваю дзейнасць. З 1 жніўня 2022 года праводзіць мерапрыемствы могуць толькі ўключаныя ў рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. У рэестр уключаюць ІП, юрыдычных асоб і замежныя або міжнародныя арганізацыі. Вядзе яго Міністэрства культуры. Выключэнне ёсць для дзяржаўных органаў і мерапрыемстваў. Рэестр стаў яшчэ адным абмежаваннем для арганізатараў мерапрыемстваў.
«Аднаму знаёмаму, які шмат арганізоўваў, адмовілі. Чым
займацца — аднаму богу вядома», — мяркуе Іван.
Зараз у рэестры з Гродна каля 20 індывідуальных
прадпрымальнікаў, некалькі таварыстваў з абмежаванай адказнасцю, мясцовы
дабрачынны фонд захавання і развіцця Лютэранскай спадчыны, гандлёвае ўнітарнае
прадпрыемства «Тытунь», Гродзенская абласная арганізацыя Беларускага
прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Як нам цяпер адпачываць?
Працаваць арганізатарам, паводле назіранняў Івана, ёсць для каго. Гарадзенцы ва ўмовах рэпрэсій і вайны не адмаўляюцца ад адпачынку.
— Людзі заўсёды гатовыя [адпачываць] у большай сваёй масе. У старажытным Рыме паэт-сатырык Ювенал сказаў: «Хлеба і відовішчаў». Гэта
адзінае, што народу трэба. Каб была даступная ежа, мінімальны набор прадуктаў і
забавы. Пры гэтым мерапрыемствы носяць такі ж масавы характар, хоць людзей
стала менш хадзіць», — лічыць Іван.
Ён адзначае багацце мілітарызму і ваеннай тэхнікі на святах.
Святы суправаджаюць вядомыя гродзенцам па пратэстах цёмныя мікрааўтобусы і
аўтобусы, у якіх тады везлі затрыманых. Напрыклад, на апошнім фестывалі
нацыянальных культур службу ў горадзе неслі не менш за 200 сілавікоў.
У людзей сапраўды рознае стаўленне да адпачынку. Людзі
знаходзяцца ў розных стадыях свайго стану. «Адзін на стадыі, калі яму
трэба паклапоціцца пра сябе і адпачыць, а другі — калі трэба
рабіць-рабіць-рабіць. Трэці лічыць, што можа быць заўтра жыццё скончыцца — трэба адпачыць. А чацвёрты як забаўляўся, так і забаўляецца, — лічыць псіхолаг
з 15-гадовым вопытам, які пажадаў застацца ананімным. — Для таго, каб эфектыўна
працаваць, трэба клапоціцца аб сабе і потым дзяліцца гэтым з іншымі».

Тварыць для будучыні
Іван працаваў некаторыя час не па спецыяльнасці і прапіў лёгкія антыдэпрэсанты. У выніку змог знайсці рэалізацыю па-за культурай. Але часам падзарабляе ў сумежных з ёй абласцях.
Для творчых людзей патрэбныя асаблівыя рэкамендацыі,
распавёў псіхолаг. Ёсць тры разрэзы: творчая самарэалізацыя,
прызнанне і матэрыяльны складнік. Немагчымасць зарабляць на жыццё тым, што табе
падабаецца, б'е і па самаацэнцы і па пачуццю бяспекі. Гэтыя людзі прывыклі
трансляваць свой унутраны стан. Немагчымасць творча самарэалізоўвацца б'е па
гэтым канале. З'яўляецца самаабмежаванне.
Трэба знайсці варыянт, каб праз творчасць «даставаць» з сябе
падушаны настрой і канфлікты. Але чалавека, які прафесійна гэтым зарабляе, гэта
можа рэтраўмаваць. «Трэба
дапамагчы людзям паглядзець, а як яны могуць усё ж такі рэалізоўваць сваё
ўнутранае напружанне і пры гэтым атрымліваць прызнанне і «бяспеку» ствараць», — каментуе
псіхолаг. Ён раіць «адкладзеную» творчасць — пакуль тварыць «у стол» для будучыні.
— Калі чалавек самадастатковы, ён знойдзе рэалізацыю ў іншай
дзейнасці, нават калі яна не будзе мець прамога дачынення да культуры, — лічыць
Іван. — Ён знойдзе нейкія моманты, якія будуць яго радаваць, натхняць,
зацікавіцца, дзе ён зможа сябе рэалізаваць як чалавек.