«Мяне прывезлі ўсяго ў крыві»: былы палітвязень — пра сваё затрыманне і адсідку

Былы палітзняволены Яўген Чарвінскі адседзеў 2 гады і 3 месяцы за «супраціў супрацоўнікам АМАПа». Ён выйшаў на волю 4 студзеня 2023 года, з'ехаў з краіны і, толькі апынуўшыся ў бяспецы, змог расказаць сваю гісторыю.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Фота мае ілюстрацыйны характар


Упершыню Яўген Чарвінскі выйшаў на мітынг 14 чэрвеня 2020 года, калі людзі па ўсёй Беларусі далучыліся да першых акцый пратэсту ў знак нязгоды з рашэннем Цэнтравыбаркама аб нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты. Тыя акцыі былі адметныя першымі сутыкненнямі пратэстоўцаў з сілавікамі, а таксама масавымі затрыманнямі. Тады хлопцу пашанцавала пазбегнуць затрымання. Але праз тры месяцы Яўген усё-ткі быў затрыманы.

«Увечары мітынгі перанесліся ў раёны Мінска. Я пабачыў, што ў нас на Кунцаўшчыне выходзіць пратэставаць шмат людзей, а ў Telegram я ўбачыў відэа са свайго раёна, дзе АМАП б'е людзей дубінкамі. Мне гэта не спадабалася. Пасля мітынгу нас усіх пачалі разганяць. У мяне з сабой быў пярцовы балончык, і калі я ўцякаў, то ў мэтах самаабароны пырскнуў ім амапаўцу ў твар, таму што сілавікі білі ўсіх агулам і без разбору: дзяцей і жанчын. У выніку мяне ўсё адно затрымалі і моцна збілі. Адразу на паркоўцы гандлёвага цэнтра "Скала", а потым адвялі да бусіка Ford Transit і там працягнулі збіваць. Пры гэтым амапавец распыліў мне свой пярцовы балончык у твар і сказаў: "Што, падабаецца, сука?!" Мяне збівалі да тае пары, пакуль я не пачаў задыхацца і крычаць. Потым мяне закінулі ў бусік на іншага затрыманага, які ляжаў паміж сядзеннямі. Пры гэтым сказалі: "Ляжы, не торгайся, іначай атрымаеш дубінкай!" У мяне былі траўмы сярэдняй цяжкасці».

Яўген Чарвінскі

Яўген Чарвінскі


Хлопца на бусе завезлі ў РУУС Фрунзенскага раёна, якое падчас пратэстаў у 2020 годзе «праславілася» катаваннямі і збіццём затрыманых. Праз гэта прайшоў і Яўген:

«Мяне прывезлі ўсяго ў крыві. У мяне кружылася галава, было трошкі млосна, таму што было страсенне мозгу. Я прасіў адваката, але яны проста сказалі, што ім по*уй. У актавай зале Фрунзенскага РУУС супрацоўнікі міліцыі мяне душылі: станавіліся каленам на горла. Мяне здымалі на відэа і хацелі, каб я расказаў, што браў удзел у мітынгах. Але я толькі сказаў, што адмаўляюся сведчыць супраць сябе, і прасіў адваката».


Тады хлопцу прысудзілі 15 сутак, і адразу пасля суду яго забрала «хуткая»:

«Мне дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму, шмат іншых пашкоджанняў і стан сярэдняй цяжкасці. У лякарні я меўся прабыць каля двух тыдняў, але ўжо на наступны дзень мяне забралі на Акрэсціна. Там я знаходзіўся ў цяжкім стане без медыцынскай дапамогі. Праз тры дні мяне перавезлі ў Жодзіна — тады я зразумеў, што ўжо буду сядзець доўга».

Потым на Яўгена завялі крымінальную справу, і 11 сакавіка 2021 года яго этапавалі ў віцебскую калонію №3, вядомую як «Віцьба».

«У першыя шэсць месяцаў у калоніі, калі нас, палітвязняў, было некалькі чалавек, то было складаней. Нам давалі мала званкоў, Skype наогул не давалі, кароткіх спатканняў не давалі. Але па меры таго, як людзі пачалі да нас прыязджаць, то пачалі больш нам гэта дазваляць. У кастрычніку 2021 года нам давалі ўжо Skype, а на пачатку 2022 года — працяглыя спатканні. Яно прадугледжваецца да трох сутак, але палітычным максімум двое сутак дазвалялі. Мне за ўвесь час ні разу не падпісалі "вынас" — гэта калі з працяглага спаткання можна нейкія прадукты забраць.


Але пры гэтым увесь гэты час супрацоўнікі адміністрацыі маніторылі "бэчэбэшнікаў" (так называе адміністрацыя асуджаных паводле палітычных артыкулаў). Шукалі іншых зняволеных, каб яны злівалі інфармацыю пра нас. На жаль, так часта і адбывалася. Ты размаўляеш з чалавекам, а потым ён ідзе ў штаб і ўсё дакладае на цябе. Калі ўбачаць, што палітычныя збіраюцца дзесьці разам на гарбату, то потым іх выклікаюць і пачынаюць пужаць ШІЗА, а часам прыходзяць кантралёры і адразу выпісваюць парушэнне. Там заўсёды зразумела, за што ты паехаў у ШІЗА. У калоніі спыняюцца любыя зборы і караюць за незадаволенасці ўладай».

За свой тэрмін былы палітвязень паспеў адседзець у ШІЗА 17 дзён. Агулам жа ў зняволенні Яўген прабыў 2 гады, 3 месяцы і 11 дзён. Вызваліўшыся з калоніі, праз 12 дзён хлопец з'ехаў з Беларусі:

«Калі я прыехаў дадому з калоніі, то мяне адразу выклікалі ў РУУС, каб адзначыцца. Я не хацеў гэтага рабіць, але бацькі настаялі, каб я схадзіў, і сказалі, што ўсё будзе нармальна. У РУУС мне сказалі, што я павінен прыходзіць да іх адзначацца кожныя тры дні, калі я не ўладкуюся на працу. Мне адразу ўручылі позву на наступны раз і паведамілі, што я невыязны з Беларусі. Супрацоўнікі сказалі, што будуць мне ўвесь час тэлефанаваць і кантраляваць мяне. Атрымліваецца, я адседзеў увесь тэрмін у калоніі, выйшаў, а тут ізноў тое самае адбываецца?


Цяпер перад сном думкі пра зону ў галаву лезуць. Гэта ўсё хочацца хутчэй забыць. Я цяпер знаходжуся ў лагеры ўцекачоў — здаецца, нармальнае месца, але ўсё адно ўсплываюць нейкія асацыяцыі.

Як мяне змяніў гэты час у зняволенні? Я быў супраць Лукашэнкі, а цяпер я катэгарычна супраць яго. Яны ўсе павінны адказаць за тое, што яны зрабілі. Мая пазіцыя ў гэтым толькі ўзмоцнілася.

Але цяпер бачу, што пераслед можа закрануць кожнага, хто супраць Лукашэнкі. І адзіны спосаб засцерагчы сябе — з'язджаць. Калі б нармальна асвятлялася тэма таго, у якіх умовах утрымліваюцца зняволеныя, то шмат хто вырашыў бы з'ехаць. У Беларусі немагчыма свабоднае выказванне меркавання».

Цалкам гісторыю Яўгена Чарвінскага можна пачытаць на сайце праваабарончага цэнтра «В*сна».