У Еўропе пачалі ўсведамляць, што Лукашэнка ніколі не трымае свайго слова
Любы з еўрапейскіх лідараў, які сядзе з Лукашэнкам за стол перамоваў, рызыкуе страціць падтрымку сваіх выбаршчыкаў, лічыць палітолаг Дзмітрый Балкунец.
![roulette1.png roulette1.png](/img/v1/images/roulette1.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Святлана Ціханоўская просіць Швейцарыю арганізаваць перамовы па вызваленні беларускіх палітвязняў. А Лукашэнка тым часам пра палітвязняў нават не згадвае. Леташняя амністыя, якая прызначалася ў тым ліку і для палітвязняў, захлынулася: на волю выйшлі толькі крымінальнікі.
![Як вызваліць палітвязняў? Пётр Рудкоўскі: Рэжым Лукашэнкі хоча прызнання — гэтым можна скарыстацца](/img/v1/images/img_2820_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Тым часам правіцель не ўпершыню абяцае вяртанне «беглых» ад палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Хаця далей пустаслоўя справы пакуль не зрушыліся.
Калі ж Лукашэнка пачне вызваляць палітвязняў? Спыталіся ў палітолага Дзмітрыя Балкунца.
— Чаму просьба Ціханоўскай адрасавана не віноўніку палітычнага крызісу ў Беларусі, а міжнароднаму пасярэдніку?
— Адна швейцарская арганізацыя з 2020 года выступае медыятарам у вырашэнні палітычнага крызісу ў Беларусі. Іх задача заключаецца ў арганізацыі перамоваў. Ёсць такая ж арганізацыя і ў Аўстрыі. Пакуль ніхто з іх не змог дасягнуць поспеху.
— Ці пойдзе Захад на перамовы па вызваленні беларускіх палітвязняў?
— Для Захаду цікавыя ў першую чаргу свае грамадзяне. Таму магчымы асобныя выпадкі вызвалення замежнікаў або асоб з падвойным грамадзянствам. Любы з еўрапейскіх лідараў, які сядзе з Лукашэнкам за стол перамоваў, рызыкуе страціць падтрымку сваіх выбаршчыкаў. За шмат гадоў у Еўропе пачалі ўсведамляць, што Лукашэнка ніколі не трымае свайго слова.
![Ци трэба дамаўляцца з Лукашэнкам? Фрыдман: Зменіцца рэальнасць — Лукашэнка сам пабяжыць шукаць пасярэднікаў](/img/v1/images/_szkola___adukacyja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__11__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
— Амністыя, якая прайшла мінулай восенню, па задуме яе аўтараў, павінна была закрануць і частку палітвязняў. Аднак ніводзін палітычны не выйшаў на волю. Чаму?
— Рэжым Лукашэнкі разлічыў, што размовы аб амністыі палітычных зняволеных выклічуць цікавасць на Захадзе. У Мінску зацікаўлены ў адмене санкцый, а не проста так гатовы будуць адпускаць палітычных.
— Ці гатовы Лукашэнка сёння наогул размаўляць аб вызваленні палітвязняў? І якую цану ён можа запрасіць?
— Лукашэнка мае надзвычай помслівы характар. Магчыма, адбіваецца досвед працы турэмным наглядчыкам. Ён будзе гатовы пайсці на такія меры ў выпадку, калі перад ім пакаюцца, прызнаюць прэзідэнтам ці «бацькам нацыі», а таксама будуць адменены санкцыі. У іншым выпадку ён будзе працягваць рэпрэсіі.