Аляксандр Фрыдман: Лукашэнка спадзяецца на такі вынік вайны, у які яму ўдасца ўпісацца
Беларускі правіцель разлічвае на такі вынік вайны, у які яму ўдасца ўпісацца і, як мінімум, уступіць у перамовы з Захадам наконт свайго ўласнага палітычнага лёсу.
Чаму Лукашэнка заклікае «беглых» вярнуцца, але пры гэтым стварае «загранатрад» на чале з генпракурорам, а ўнутры Беларусі анансуе «жорсткі адказ» усім, хто пасмее падняць галаву супраць улады? Чаму Лукашэнка смела заяўляе пра прапановы Украіны падпісаць пакт аб ненападзе, намякае на нейкія таемныя перамовы, якія Зяленскі каментуе пажаданнямі захаваць сваю незалежнасць? У рэшце рэшт, навошта Лукашэнка пагражае «каліноўцам» расправай па законах ваеннага часу, калі, умоўна кажучы, іх можна пералічыць па пальцах адной рукі?
«Новы Час» пагутарыў з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
Велікадушнасць «пераможцы»: дакажыце, што вы не вінаватыя
— Сам факт публічнага абмеркавання лёсу палітычных апанентаў сведчыць, што Лукашэнку хвалюе гэтая праблема. «Хто яшчэ ўчора выступаў супраць дзяржавы (мы ўсе памятаем 2020 год), пакінуў краіну, а сёння раскаяўся, але баіцца вярнуцца назад ці звяртаецца да мяне з просьбай аб памілаванні?» Але ці сапраўды беларускі рэжым думае над тым, як вярнуць з'ехаўшых (дэмаграфічную праблему трэба ж некаму вырашаць, а Лукашэнку з Качанавай гэта не пад сілу)? Ці наадварот, як гарантавана, як надзейна адгарадзіцца ад палітычнай эміграцыі?
— Прагматычны фактар, ці ўцечка мазгоў, Лукашэнку непакоіць. Але калі размова ідзе пра ўтрыманне ўлады, пра людзей, якіх улада лічыць пагрозай для сябе, то эканамічны прагматызм адыходзіць на другі план. Не думаю, што Лукашэнка кіруецца пераважна прагматычна-эканамічнымі матывамі, ці яго непакоіць ад'езд лепшых людзей з краіны. Ён лічыць іх сваімі праціўнікамі — ці рэальнымі, ці патэнцыйнымі праціўнікамі. Так што, як гаворыцца, паехалі — і паехалі…
Афарбоўка, у якой падаецца палітычная эміграцыя, прынцыпова не змянілася. Спецкамісію, якую Лукашэнка стварае, узначаліць генеральны пракурор, значыць, вяртанне беларусаў становіцца пракурорскай справай: людзі, якія жадаюць вярнуцца, павінны спачатку даказаць, што невінаватыя. Улада разважае прыкладна ў такім ключы: а мы яшчэ раз праверым, а яшчэ атрымаем ад іх дадатковую інфармацыю.
У гэтай гісторыі варта адзначыць уплыў расійскага фактара. У Расіі ад'езд людзей уяўляе яшчэ большую праблему, чым для Лукашэнкі. Паслухайце развагі расійскіх чыноўнікаў, скіраваныя да эміграцыі: вам не падабаецца вайна, таму вы з’ехалі, але на Захадзе вы ўсё адно рускія і ставяцца да вас як да ворагаў. Таму — вяртайцеся.
Мне падаецца, што Лукашэнка падхапіў гэты дыскурс і працягвае. Але для яго гэтая тэма носіць прапагандысцкі характар, бо дазваляе перахапіць увагу. Што ў асноўным абмяркоўвалася зараз? Вайна, роля Беларусі ў вайне, пытанне пра палітзняволеных. А тут узнікла падстава перахапіць ініцыятыву і заявіць: вось, глядзіце, яны гавораць, а мы робім. Канешне, вызваляць нікога ён не збіраецца, але ніхто не забараняе яму гаварыць, што ён дае магчымасць вярнуцца, што ён быццам ужо перагарнуў старонку.
Таму гэтая тэма і надалей будзе выкарыстоўвацца, але пераважна ў прапагандысцкіх мэтах.
— То-бок, Лукашэнка хоча паказаць сваю ўяўную велікадушнасць: я дараваў «беглым», а іхні лёс хай вызначаюць законнікі?
— Лукашэнка мае магчымасць паказаць: я не распальваю варажнечу ў грамадстве, я наадварот, гатовы размаўляць з тымі, хто выступаў супраць дзяржавы (ён жа не кажа, што яны выступалі супраць яго). Мы гатовыя дараваць, бо мы пераможцы, і як пераможцы мы даем ім такую магчымасць. Але цяпер мяч на іхным баку: хай дакажуць, што яны дастойныя, вартыя таго, каб вярнуцца. Гэты мэсэдж арыентаваны на тых людзей, якія падтрымліваюць Лукашэнку.
І, напэўна, часткова адрасаваны тым, хто канчаткова не вызначыўся яшчэ: з'язджаць ім з Беларусі ці застацца. Лукашэнка паказвае яшчэ раз: тым, хто выехаў, дрэнна за мяжой, а тым, хто задумваецца пра выезд, трэба падумаць, ці варта гэта рабіць. Лукашэнка падае сігнал, што, маўляў, больш варажнечу ў грамадстве распальваць не будзем, то, можа, і з'язджаць не варта?
Лукашэнка зноў разыгрывае карту вайну
— Жаданне Лукашэнкі відавочнае: «Нам трэба сплаціцца зараз, каб, не дай Бог, тут не лёталі ракеты і не кідалі на нас бомбы». Ці можа Лукашэнка стаць сцягам, вакол якога аб’яднаюцца беларусы? Сцягам, які адначасова пагражае, што «мы ніколі не дапусцім гэтага хістання 2020 года»?
— Гэта традыцыйная рыторыка Лукашэнкі. Ён працягвае разыгрываць карту вайны — гэта ён рабіў з 2013-2014 года, і паспяхова рабіў. Ён казаў: у нас спакойна, у нас няма вайны, у нас усё ціха. Лукашэнка паспяхова разыгрываў карту вайны з 2013-2014 года і цяпер імкнецца зрабіць гэта яшчэ раз. Але не думаю, што гэта атрымаецца ў новых умовах.
Ідзе вайна, і Беларусь у яе ўцягнутая, ніхто пра гэта не забыў, як ніхто не забыўся, што расійскія войскі знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Усе бачаць: нават калі Лукашэнка і жадаў у 2022 годзе прадухіліць уступленне Беларусі ў вайну, у яго не атрымалася. Не ведаю, ці сапраўды жадаў Лукашэнка пазбегнуць прамога ўдзелу ў вайне ці не, ці проста падыгрываў Расіі і выконваў усе яе пажаданні, рабіў ён гэта пад ціскам Масквы ці з уласнага жадання. За гэты час ён паказаў, што не з'яўляецца гаспадаром становішча. І сёння таксама гаварыў, маўляў, кажуць, што Беларуссю кіруюць ці то сілавікі, ці то Пуцін. Яму трэба паказаць, што ён галоўны, што ён будзе вырашаць, хто можа вярнуцца ў Беларусь, а каму дарога туды закрыта. І нібыта ён вырашае пытанні міру і вайны: мы разам пераадолеем гэты перыяд, толькі не падштурхоўвайце мяне. Але сітуацыя такая: апошняе слова відавочна не за Лукашэнкам, апошняе слова за Масквой.
І міжнародная сітуацыя змянілася: ідзе не гібрыдная вайна, як у 2013-2014 гадах, а ідзе адкрытая вайна, адкрытае процістаянне фактычна паміж Расіяй і Захадам.
Таму ўся рыторыка Лукашэнкі можа пераканаць тых, хто яго падтрымлівае, можа пераканаць частку грамадства, якая не мае выразнай палітычнай пазіцыі, ці нават яе большасць. Але частка грамадства, якая адкідае Лукашэнку, для якой Лукашэнка пасля 2020 года канчаткова скончыўся, якая не можа дараваць яму 2020-ы год, — на гэтых людзей заявы Лукашэнкі ніяк не ўздзейнічаюць.
— Ці разумее сам Лукашэнка, што завёў краіну ў тупік? Ці бачыць ён нейкае выйсце з тупіка? Ці, як заўжды, спадзяецца праслізнуць паміж кроплямі дажджу і выйсці сухім?
— Лукашэнка спадзяецца на такі вынік вайны, у які яму ўдасца ўпісацца. Як заўсёды, ён імкнецца ўсядзець на некалькі крэслах адначасова.
Калі пераможа Расія, то ён быў з самага пачатку на расійскім баку — за гэта яму належыць.
Калі Расія і не пераможа, але не дойдзе да поўнай паразы Расіі і страты Крыму, калі сітуацыя вернецца да сітуацыі 24 лютага 2022 года, і значэнне Лукашэнкі не зменшыцца, нават наадварот, вырасце — і нешта атрымае ад Расіі. А можа, што ў такой сітуацыі нешта атрымае і ад Захаду.
Калі ж вайна скончыцца вельмі кепска для Расіі, нават палітычнай катастрофай, то і ў гэтым выпадку ў Лукашэнкі ёсць шанцы хаця б на тое, каб пагандлявацца з Захадам. У вайну ён пакуль не ўступіў, па-другое, у яго ёсць палітзняволеныя — гэта козыр, які дазваляе яму гандлявацца. Ён можа ўступіць у перамовы з Захадам, прынамсі, наконт свайго ўласнага палітычнага лёсу.
Сёння Лукашэнка выглядае больш упэўненым, чым у лютым мінулага года, калі расійскія войскі праз Беларусь пайшлі ва Украіну. Падавалася, што лёс Лукашэнкі канчаткова звязаны з лёсам Пуціна і лёсам Расіі. Але падзеі 2022 года паказалі, што першы этап расійскага ўварвання скончыўся, а ўжо ў наступных фазах расійскай вайны Беларусь адыгрывае другасную ролю. І пакуль Лукашэнка захаваў гэты статус-кво, пакуль ён не стаў часткай гэтай вайны, у яго застаюцца магчымасці. І ён гэта разумее. Таму ён карыстаецца кожнай магчымасцю, каб падкрэсліць: ён не жадае ўдзельнічаць у гэтай вайне. Што цікава, Лукашэнка жадае, каб ува ўсіх нас, хто назірае за ходам вайны, замацавалася гэтае ўяўленне: ён не жадае ўдзельнічаць у вайне. І нават тады, калі гэта адбудзецца, пазней ён патлумачыць: я заўсёды выступаў супраць вайны, мяне прымусілі. Таму пры любой нагодзе ён падкрэслівае, што не жадае ўдзельнічаць у вайне. І сапраўды не жадае, бо ніякай карысці з уступлення Беларусі ў вайну яму няма — адны толькі праблемы.
Лічыць сябе гульцом сусветнага маштабу
— Лукашэнка выдаў «сенсацыю»: маўляў, Украіна прасіла заключыць пакт пра ненападзенне. Зяленскі тактоўна ні пацвердзіў, ні абверг ягоныя словы, але нават не згадаў прозвішча Лукашэнкі. Раней беларускі правіцель намякаў на таемныя перамовы паміж Кіевам і Мінскам. Ці не выкарыстоўвае Лукашэнка «ўкраінскі кейс», каб апраўдаць сваю палітычную недзеяздольнасць?
— Лукашэнка выкарыстоўвае ўкраінскую тэму, каб паказаць, што мае сур'ёзнае значэнне.
Фразу пра пакт аб ненападзе аналітыкі трактуюць па-рознаму. Некаторыя адзначаюць, што ён меў на ўвазе Украіну, іншыя не зразумелі, каго ён меў на ўвазе насамрэч, хто яму рабіў прапанову — Захад прапаноўваў, Кіеў прапаноўваў?
Але гэта другасная рэч. Лукашэнка хацеў падкрэсліць, што яго па-ранейшаму ўспрымаюць як сур'ёзную палітычную фігуру, як гаспадара і на Захадзе, і ў Кіеве. Што ён увогуле не марыянетка Пуціна, бо калі жадаюць дамовіцца, то жадаюць дамовіцца менавіта з ім, прапановы робяць яму.
Ён прагаворвае свае таемныя жаданні. Яму было б вельмі прыемна, калі б патэлефанаваў Макрон, Шольц альбо Зяленскі, нават Дуда, каб яму нешта прапанавалі. Ён любіць такую ўвагу да сваёй персоны, ён лічыць сябе гульцом сусветнага маштабу, палітыкам сусветнай велічыні, а не проста правінцыйным дыктатарам, якога ніхто ўсур'ёз не ўспрымае.
Пад такім соусам яму важна было данесці мэсэдж, што ён не збіраецца ні на каго нападаць, што яму вайна не патрэбная.
Ну, а адказ Зяленскага гучыць прыкладна так: мы цябе зразумелі. Зяленскі ўвогуле праігнараваў выказванні пра нейкія «пакты», бо ўсё гэта выглядае несур'ёзна. Лукашэнка нешта пераблытаў з эпохамі: мы жывём у ХХІ стагоддзі, а не ў ХХ, і тым больш не напярэдадні Другой сусветнай вайны, калі заключаліся розныя пакты аб ненападзе. Украіна вуснамі Зяленскага адказала: мы ведаем, мы бачым, што ты не жадаеш вайны. Украіна не збіраецца нападаць на Беларусь, і жадае захаваць незалежнасць, каб пазбегнуць ганебнага ўступлення ў гэтую вайну.
Але гэта толькі частка ўкраінскага мэсэджу. Другая частка: мы зразумелі, што не ўсё ад цябе залежыць, мабыць, прынцыпова ад цябе ўвогуле нічога не залежыць. Тады пра што з табой дамаўляцца? Хто будзе заключаць дамовы з Лукашэнкам, які запрасіў на тэрыторыю Беларусі расійскія войскі, і расійскіх мабілізаваных, з якімі працуе беларускае войска? Якія пакты можна заключаць з Лукашэнкам? Гэта нічога агульнага з нейкай логікай не мае.
Як патлумачыць страх Лукашэнкі перад «тыктокаўскімі войскамі»?
— Як можна патлумачыць страх Лукашэнкі перад палком Каліноўскага? Пагрозы разабрацца з «каліноўцамі» па «законах ваеннага часу» сведчаць пра страх. Але чаго канкрэтна баіцца, калі ягоная персанальная служба бяспекі не меншая, чым полк Каліноўскага?
— Лукашэнка баіцца, што разам з «каліноўцамі» могуць прыйсці і ўкраінскія войскі. Калі Украіна пераможа ў вайне і вырашыць, што суіснаванне з рэжымам Лукашэнкі немагчымае. Пакуль такі сцэнар выглядае абсалютна неверагодна, хаця тэарэтычна і магчымы.
У Лукашэнкі няма ўпэўненасці ва ўласных сілавіках. Так, у 20-м годзе сілавы сцэнар спрацаваў, але, мабыць, спрацаваў горш, чым чакаў сам Лукашэнка. Так, сілавікі выконвалі загады, Лукашэнка ўтрымаўся ва ўладзе, але былі людзі — і ў міліцыі, і ў іншых сілавых структурах, якія адмаўляліся выконваць загады. Сілавыя структуры выглядалі маналітна, але былі і тыя, хто пакінуў шэрагі спецслужбаў. За мінулы час многае змянілася: і рэпрэсіі ў самой Беларусі, і ўцягванне ў вайну. Таму, магчыма, Лукашэнка ўжо не так упэўнены ва ўласных сілавіках.
Акрамя таго (а хто яго ведае?) на каго сёння арыентуюцца сілавікі, наколькі моцныя расійскія ўплывы, ці гатовы яны па-ранейшаму выконваць загады Лукашэнкі ці ўжо чакаюць загадаў з Масквы?
Лукашэнка нервуецца. З аднаго боку, прапаганда называе беларускіх дабравольцаў «тыктокаўскімі войскамі», а з другога боку, «каліноўцам» надаецца вялікая ўвага. У мяне складваецца такое ўяўленне, што дзяржаўныя СМІ пішуць пра «каліноўцаў» (адмоўна, зразумела) нават не менш, можа, трошкі менш, чым недзяржаўныя СМІ. Гэта паказвае, што дабравольцамі і цікавяцца, і апасаюцца.
Не трэба забываць пра тое, Лукашэнка па сваім характары канспіролаг і схільны маляваць зусім змрочныя карціны. Я магу сабе ўявіць, што ён перабольшвае значэнне «каліноўцаў»: перабольшвае моц «каліноўцаў», падрыхтоўку «каліноўцаў». Яму ж за «каліноўцамі» мрояцца польскія спецслужбы, ЦРУ, і гэтак далей. Вось і ўявіце сабе карціну свету, якая існуе ў галаве гэтага чалавека.
Акрамя таго, цяжка ацаніць сітуацыю ў беларускім грамадстве. Што, напрыклад, адбудзецца ў беларускім грамадстве, калі «каліноўцы» сапраўды зробяць сваю справу ва Украіне і як яны пойдуць вызваляць Беларусь.
Ці магчымыя сцэнары, якія апісваў Церцель: у Беларусь уваходзіць атрад «каліноўцаў» і бярэ пад кантроль Маларыту, а пасля паспрабуе арганізаваць паўстанне. Як успрыме грамадства з'яўленне ўзброенага супраціву ўжо на тэрыторыі Беларусі? Як павядзе сябе насельніцтва? Ці захаваюць спецслужбы вернасць Лукашэнку? Такі сцэнар стане праверкай рэжыму на трываласць, вельмі непрыемнай праверкай. Лукашэнка не жадае, каб дайшло да такой праверкі. Яго мара палягае ў тым, каб «каліноўцы» былі проста знішчаны на тэрыторыі Украіны — і гэтая небяспека, нават такая фантомная небяспека, я б сказаў, знікла.
Трэба адзначыць, што мы не валодаем паўнатой інфармацыі пра «каліноўцаў». Ёсць інфармацыя, якую яны самі запускаюць і ў якой, што цалкам магчыма, яны перабольшваюць свае ўплывы і магчымасці. З іншага боку, рэжым Лукашэнкі, наадварот, хоча паказаць, што іх зусім мала. І ёсць толькі эпізадычныя публікацыі ў заходняй прэсе, у якіх нават ацэнкі колькасці «каліноўцаў» вельмі моцна вагаюцца.
Таму ацаніць рэальны ўплыў «каліноўцаў» — вельмі цяжкая справа.