Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 25 студзеня

«Чысткі», затрыманні, суды — галоўнае, што адбылося за сённяшні дзень унутры краіны.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Стала вядомая дата суду па новай справе над фігурантам «справы Аўтуховіча» Уладзімірам Гундарам. Вязня пачнуць судзіць 31 студзеня. За «абразу пракурора» (арт.369 Крымінальнага кодэкса) Гундару могуць «накінуць» да трох гадоў у дадатак да папярэдняга тэрміну ў 18 гадоў зняволення.

Працягваюцца чысткі ў музейнай сферы. Гэтым разам «чысцяць» музей Азгура — звальняюць яго кіраўніцу Аксану Багданаву. Разам з ёю сыходзяць яшчэ пяцёра супрацоўнікаў, а гэта 60% навуковых і творчых супрацоўнікаў музея. 

Не спыняецца і пераслед адвакацкай супольнасці. Мінюст паведамляе, што яшчэ дваіх адвакатаў — Таццяну Лішанкову і Дзмітрыя Пігуля — пазбавілі ліцэнзій «за здзяйсненне правін, не сумяшчальных са званнем адваката».

Прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Вольга Гарбунова прапанавала рэжыму выпусціць палітвязняў па так званым «гуманітарным спісе». Туды ўваходзяць людзі з інваліднасцю, цяжкімі захворваннямі, пенсіянеры, непаўнагадовыя, шматдзетныя бацькі, жанчыны. «Выпусціце гэтых людзей і пакажыце, што вы на самай справе гатовыя "зрабіць крок насустрач"»,заявіла Гарбунова. 

Крымінальная справа за «абразу Лукашэнкі» заведзеная на паэта і былога настаўніка «Смарт Скул» Дзмітрыя Юртаева. Мужчыну затрымалі ў верасні 2022 года і неаднаразова прысуджалі яму новыя «суткі». Зараз Юртаева перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманне сцэнарысткі серыялаў «Ивановы-Ивановы» і «Папины дочки» Юліі Грыцкевіч. Паводле праўладных ТГ-каналаў, дзяўчына «агітавала за падтрымку нацыяналістычных атрадаў» і «пакідала абразлівыя каментары на адрас беларускіх сілавікоў і ўрада».

Папаўненне ў «спісе экстрэмістаў»: паводле звестак праўладных ТГ-каналаў, «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» ў Беларусі прызнаныя «Народнае антыкрызіснае ўпраўленне» Паўла Латушкі і «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».

У Гродне затрыманы індывідуальны прадпрымальнік Антон Янкоўскі. У відэа, апублікаваным сілавікамі, мужчына кажа, што затрыманы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Таксама пры аглядзе мабільнага тэлефона нібыта быў выяўлены факт рэгістрацыі ў «Плане "П*рамога"». Сам Антон паведамляе на відэа, што аніякіх звязаных з ім дзеянняў не здзяйсняў. Вядома, што мужчына працуе ў студыі распрацоўкі настольных гульняў «Kubik».

Стала вядома імя яшчэ аднаго затрыманага па даносе з «Чат-рулеткі». Чарговай ахвярай чатрулетчыка Юрыя Комара стаў жыхар Кобрына Сяргей Церашкоў. Мужчыну 44 гады, ён родам з расійскага Арэнбурга.

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1436 палітвязняў. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1711 чалавек. Сярод іх — 191 жанчына і 6 непаўнагадовых. 13 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.