«Санкцыі не працуюць»: да 2026 года авіяпарк Расіі можа паменшыцца больш чым удвая
Санкцыі слаба працуюць у бліжэйшай перспектыве, але добра спрацоўваюць у сярэдне- і доўгатэрміновай гульні. Напрыклад, парк самалётаў Расіі да канца 2026 года можа знізіцца ўдвая, і там ужо афіцыйна разбіраюць адны самалёты на запчасткі да другіх самалётаў. А ЕС рыхтуе новы санкцыйны пакет. Ідуць 1320-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота з pikabu.ru
Цягам мінулага дня ва Украіне зафіксавана 188 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 5 кастрычніка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 60 штурмаў расіян у раёнах Уладзіміраўкі, Шахава, Залатога Калодзежу, Радзінскага, Зверава, Ніканораўкі, Чырвонага Ліману, Лісоўка, Котліна, Удачнага, Дачнага, Міралюбаўкі, Філіі і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейсніў 34 атакі каля Сасноўкі, Зялёнага Гаю, Студзеньскага, Ялты, Паддубнага, Новамікалаеўкі, Тэрнаў і іншых.
На Ліманскім кірунку арсмія РФ атакавала 19 разоў паблізу Шандрыгалава, Рэдкадубу, Сярэдняга, Карпаўкі, Навасёлаўкі, Торскага.
На Паўднёва-Слабажанскім, Сіверскім і Тарэцкім кірунках абаронцы Украіны спынілі 12 па атак арміі РФ на кожным.
* * *
Узброеныя сілы Украіны стабілізавалі сітуацыю ў раёне населенага пункта Ямпаль каля Лімана Данецкай вобласці, паведаміў галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі ў Telegram.
Паводле яго слоў, падраздзяленні Сілаў спецыяльных аперацый, УСУ і Нацгвардыі праводзяць у самім пасёлку ўдарна-пошукавыя дзеянні, каб выявіць і знішчыць рэшткі дыверсійных груп праціўніка.
* * *
У ноч на 5 кастрычніка Расія запусціла па Украіне больш за 50 ракет і каля 500 ударных дронаў. Пад атакай былі Львоўская, Івана-Франкоўская, Запарожская, Чарнігаўская, Сумская, Харкаўская, Херсонская, Адэская, Кіраваградская вобласці, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Facebook.
Зяленскі падкрэсліў, што расіяне білі па інфраструктуры, якая забяспечвае жыццё людзей, і заклікаў партнёраў даць больш абароны. Расія нанесла ўдары па энергетычнай інфраструктуры Украіны, з-за чаго значная колькасць спажыўцоў засталася без святла ў Запарожжы, Сумскай і Чарнігаўскай абласцях. Частка Львова таксама засталася без электразабеспячэння.
Ужо вядома, што пяць чалавек загінулі, яшчэ 10 пацярпелі. У прыватнасці, у выніку трапляння ракеты ў вёсцы Лапаеўка Львоўскай вобласці разбураны жылы дом, пад заваламі загінула сям'я з чатырох чалавек, сярод іх — 15-гадовая дзяўчынка.
* * *

* * *
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што расійскія войскі, верагодна, выкарыстоўваюць «накапляльную» тактыку адносна балістычных і крылатых ракет для серыі маштабных камбінаваных удараў па тэрыторыі Украіны. Аналітыкі звярнулі ўвагу, што ў верасні 2025 года расіяне нерэгулярна запускалі ракеты ў рамках начных удараў супраць Украіны. «Расійскія войскі, відавочна, назапашваюць балістычныя і крылатыя ракеты амаль штодня, а потым запускаюць вялікую колькасць ракет разам з вялікай колькасцю беспілотнікаў, што, верагодна, перагрузіць украінскія сістэмы СПА», — указваюць аналітыкі.
Па іх падліках, расійскія войскі ў верасні 2025 года здзейснілі толькі чатыры начныя ўдары, якія ўтрымлівалі больш за 10 ракет, і нанеслі адзін начны ўдар, які ўтрымліваў больш за 40 ракет.
«Расійскія войскі працягваюць выкарыстоўваць больш крылатых ракет і менш балістычных ракет у камбінаваных ударах і, верагодна, працягваюць спадзявацца на балістычныя ракеты для нанясення кропкавых удараў па канкрэтных мэтах, адначасова выкарыстоўваючы дроны і крылатыя ракеты для пераадолення ўкраінскай супрацьпаветранай абароны», — лічаць у ISW.
На думку экспертаў, сістэмы СПА Patriot застаюцца адзінымі сістэмамі СПА Украіны, якія могуць збіваць расійскія балістычныя ракеты. Расіяне могуць мэтанакіравана цэліцца на гарады і энергетычную інфраструктуру, якія актыўна не абараняюцца сістэмамі Patriot, каб павялічыць шанцы на паспяховае паражэнне цэляў.
* * *
У новым 19-м пакеце санкцый Еўрапейскага Саюза супраць Расіі прадугледжваецца пашырэнне спісу суднаў так званага «ценевага флоту» РФ на прыкладна 120 адзінак, піша EU Observer.
Паводле інфармацыі выдання, карыстаючыся свабодай суднаходства, танкеры «ценевага флоту» не заходзяць у еўрапейскія парты і не карыстаюцца паслугамі еўрапейскіх страхавых і іншых кампаній, што робіць санкцыі малаэфектыўнымі. Яны могуць свабодна плаваць па балтыйскіх водах дзяржаў ЕС, перавозячы расійскую нафту кліентам у Азіі, дзякуючы «праву мірнага праходу», замацаванаму ў Канвенцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па марскім праве.
Аднак артыкул 110 той жа Канвенцыі ААН па марскім праве, якая гарантуе такую свабоду суднаходства, таксама дазваляе перахопліваць судны «без нацыянальнай прыналежнасці». І цяпер Еўрапейскі Саюз рыхтуе прававыя падставы для спынення танкераў «ценевага флоту» Расіі ў Балтыйскім моры.
* * *
Да 2026 года грамадзянскі авіяпарк Расіі можа паменшыцца больш чым удвая з-за хранічнага дэфіцыту запчастак, выкліканага міжнароднымі санкцыямі, паведамляе Служба знешняй разведкі Украіны.
СВР адзначае нядаўняе пагадненне паміж грузавой авіякампаніяй «Волга-Дняпро» і «Аэрафлотам». Згодна з дакументамі, «Аэрафлот» атрымае восем самалётаў Boeing выключна для разбору на запчасткі, каб падтрымліваць тэхнічны стан і працягнуць эксплуатацыю свайго дзеючага флоту.
Кошт здзелкі ацэньваецца ў каля 130 млн долараў, а фінансаванне забяспечыць Фонд нацыянальнага дабрабыту РФ.
У пачатку 2022 года ў Расіі эксплуатавалася прыкладна 1500 — 1800 грамадзянскіх самалётаў заходняй вытворчасці, аднак з-за міжнародных санкцый гэтая колькасць істотна скарацілася. Забарона на пастаўкі новых самалётаў і арыгінальных камплектуючых вымушае перавозчыкаў здымаць частку бартоў з рэйсаў, купляць запчасткі праз «шэрыя» схемы або разбіраць спраўныя самалёты для рамонту іншых.
Дамоўленасць паміж «Волга-Дняпро» і «Аэрафлотам» стала першым выпадкам у РФ, калі пасажырскі перавозчык атрымлівае самалёты выключна для разбору на дэталі. У перспектыве гэта прывядзе да далейшага скарачэння авіяпарку, падаражання білетаў і заняпаду грамадзянскай авіяцыі. Калі санкцыйны ціск захаваецца, да 2026 года колькасць самалётаў у Расіі можа паменшыцца больш чым удвая.