Павел Усаў: Улада прапануе не мір, а дацісканне апанентаў
Палітолаг Павел Усаў разважае пра нараду ў Лукашэнкі і прапанаваную там імітацыю амністыі.
Раптоўна Лукашэнка закрануў тэму апазіцыі, сённяшняй палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Чарговы раз было ўзнята пытанне рэінтэграцыі праціўнікаў рэжыму ў сістэму, але на жорсткіх умовах. Быў нават прадстаўлены шлях «вяртання».
а) пакаянне;
б) маральная і псіхалагічная перабудова асабовасці;
в) татальны нагляд і дзейнасць на карысць сістэмы.
Адмыслова будуць створаны фільтры, фабрыка па перафарматаванні асобы ў лепшых традыцыях таталітарнай еўгенікі. Будзе сфарміравана нейкая камісія, куды ўвойдуць прапагандысты і чыноўнікі. Лічыце — ІНКВІЗІЦЫЯ. Грыша Азаронак, магчыма, будзе назначаны яе кіраўніком.
Але! Давайце паразважаем над тым, як гэта будзе выглядаць, што павінна пазбавіць ілюзій жадаючых вярнуцца ў Беларусь.
Па-першае, ніякага закона, дэкрэта пра амністыю няма. Усе, хто вяртаюцца, патэнцыйныя цэлі для затрымання і арышту ўжо на мяжы.
Па-другое, няма ніякага дзяржаўнага органа, структуры з шырокімі паўнамоцтвамі, з якім можна «кантактаваць», акрамя клеркаў з ГУБАЗіКа ці КДБ, і які можа даць гарантыі спакойнага вяртання дадому.
Па-трэцяе, працэдура пакаяння не дае ніякіх гарантый спакойнага жыцця. Менавіта камісія Грышы будзе вырашаць, пакараць ці памілаваць чалавека, зыходзячы выключна з уласных жаданняў і капрызаў, нельга выключаць маральнага і фінансавага шантажу.
На сённяшні момант няма прыкладу чалавечага вяртання пратэстоўцаў, актывістаў да ранейшага жыцця — і не будзе.
Па-чацвёртае, ключавым механізмам уздзеяння на чалавека будзе маральна-псіхалагічнае яго прыніжэнне: таптанне бел-чырвона-белага сцягу, цалаванне партрэта Лукашэнкі і ўсе гэта з запісамі на відэа.
Пабачыце, у аснове лукашэнкаўскага «працэсу вяртання» будзе не хрысціянскі канцэпт вяртання «блуднага сына», а інквізітарскі — цалаванне крыжа на вогнішчы.
Лукашэнка разумее, што вярнуць прыхільнасць грамадзян немагчыма і што трэба зламаць іх індывідуальнасць, псіхічную і маральную цэласнасць.
Лукашэнка не збіраецца ісці на міравую, а прагне толькі даціскання. Улады адчуваюць узрослую стомленасць беларусаў як за мяжой, так і ўнутры краіны і намагаюцца гэта выкарыстаць, але ізноў тапорна, так, як дзейнічалі ў перыяд CОVID.
Таксама ўлады разумеюць, што адбываецца вымыванне спецыялістаў з Беларусі, што ў будучым можа стварыць праблемы для сістэмы.
Нягледзячы на падаўленне грамадства, Лукашэнка імкнецца перабудаваць сацыяльную базу пратэсту будучага (паглыбленне крызісу, паражэнне Расіі ў вайне): пасіянарыяў трэба альбо цалкам нейтралізаваць, альбо перарабіць псіхалагічна, зрабіць часткай сістэмы.