Масавыя звальненні ў музеі Азгура: з дырэктаркай сыходзяць 60% спецыялістаў

З 1 лютага Аксана Багданава больш не будзе дырэктаркай музея Азгура ў Мінску. Улады ўзяліся за музей-майстэрню і пастанавілі «забяспечыць пастаянны кантроль за зместам культурніцкіх мерапрыемстваў з мэтай недапушчэння аднаўлення паказаў спектакляў, канцэртаў з удзелам дэструктыўна настроеных творчых работнікаў».

azgur2_logo_1.jpg


Спачатку ўлады звыкла пачалі са «звальненняў па ўласным жаданні», піша адна «экстрэмісцкая» культурніцкая ініцыятыва.

Разам з Аксанай Багданавай праз рэпрэсіі калектыву звальняюцца адразу 5 спецыялістаў — гэта 60% навуковых і творчых супрацоўнікаў музея Азгура.

Пры цяперашнім кіраўніцтве музей-майстэрня Заіра Азгура праіснавала 19 гадоў. За гэты час тут сфарміравалася сучасная культурная прастора, у якой праходзілі канцэрты, выставы, фестывалі і іншыя імпрэзы.

Раней была інфармацыя, што музей-майстэрню Азгура плануюць далучыць да Музея гісторыі Мінска па прычыне нібыта «невялікіх плошчаў для экспазіцый», што будзе азначаць завяршэнне працы цэнтра як самастойнай культурніцкай установы. Папярэдне далучэнне мусіць адбыцца ў красавіку гэтага года.


Сам будынак узведзены ў 1984 годзе па праекце архітэктара Аладава. Ён уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Канцэпцыя музея (як мемарыяльнага, манаграфічнага, мастацкага) была распрацавана на стадыі яго стварэння і абумоўлена спецыфікай збору твораў, які быў бясплатна перададзены дзяржаве сям’ёй скульптара пасля яго смерці. Варта адзначыць, што гэта адзіны манаграфічны музей у Рэспубліцы Беларусь, заснаваны на базе творчай майстэрні Акадэміі мастацтваў СССР і асабістай майстэрні мастака.

Асноўны фонд музея на 2012 год налічваў 4009 адзінак захоўвання, ён уключае дзве часткі: выяўленчыя калекцыі і мемарыяльны фонд.