Пётр Рудкоўскі: Рэжым Лукашэнкі хоча прызнання — гэтым можна скарыстацца
Сам факт перамоў, сустрэчы з прадстаўнікамі рэжыму, выбарачнае паслабленне санкцый — гэта магло б стаць штуршком для вызвалення палітвязняў, але не цаной запэўнення рэжыму ў беспакаранасці. Акадэмічны дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі ў інтэрв’ю «Новаму Часу» разважае пра шанцы на вызваленне палітвязняў.
— Святлана Ціханоўская просіць Швейцарыю арганізаваць дыялог (перамовы) па вызваленні беларускіх палітвязняў. Чаму зварот адрасаваны не наўпрост Лукашэнку, а міжнароднаму пасрэдніку?
— Чаму не наўпрост Лукашэнку? Бо эфект ад гэтага быў бы прыблізна такі ж, што і ад кідання гароху ў сценку. А чаму менавіта такі быў бы эфект? Гэта звязана як з палітычнымі, так і псіхалагічнымі момантамі. У той сістэме, якую стварыў Лукашэнка і якой сам цяпер мусіць падпарадкоўвацца, дыялог з ворагамі (а менавіта такімі прынята ў той сістэме лічыць Ціханоўскую і яе саюзнікаў) азначае прызнанне сваёй слабасці. Апроч таго, такі ход напэўна не быў бы ўхвалены Крамлём, пытанне толькі, што Крэмль зробіць у адказ. Гэта па-першае.
Па-другое, ёсць і псіхалагічныя фактары. У жніўні 2020-га Лукашэнку давялося перажыць жудаснае прыніжэнне. Нават калі ён і не паверыў у перамогу Ціханоўскай, то ўсё ж мусіў прызнаць, што яна стала рэальным канкурэнтам для яго. Хатняя гаспадыня, палітычна недасведчаная жанчына кінула яму выклік, які прымусіў яго моцна папацець, каб неяк утрымацца ва ўладзе. Гэта вельмі прыніжальны досвед для яго.
— Ці дазваляе цяперашні ўзровень кантактаў паміж беларускім рэжымам і Захадам наладзіць падобныя перамовы?
— Захад — занадта масіўнае паняцце. Паміж такімі краінамі, як Літва або Польшча, з аднаго боку, і беларускім рэжымам — з іншага, наўрад ці магчымы цяпер перамовы. Паміж Швейцарыяй і нашым рэжымам — тут нейкія шанцы ёсць. Як слушна прыкмеціў (калі не памыляюся) Мацукевіч, рэжыму дужа патрэбна прызнанне. Думаю, што на поўнае прызнанне (напрыклад, легітымнасці выбараў 2020 года) ніхто не пойдзе, у тым ліку Швейцарыя, але нейкія перамовы могуць пачацца. Перамовы — гэта ўжо якаясьці форма прызнання.
— Як паказала практыка прэзідэнцкіх кампаній у Беларусі, магчыма ўсё, у тым ліку і выкуп палітвязняў (аналогіі з абменам палоннымі ў часе вайны мне здаюцца некарэктнымі, бо палонныя ёсць толькі ў аднаго боку — у рэжыму). Аднак усё ўпіраецца ў кошт пытання. Што захоча афіцыйны Мінск за вызваленне палітвязняў і што можа прапанаваць Захад?
— Аналогія з абменам палоннымі палягае ў тым, што праціўніку робіцца нейкая саступка. А менавіта — перадача жаўнераў, якія, магчыма, здзейснілі шмат злачынстваў супраць тваёй краіны і твайго народа, з усведамленнем, што гэтыя жаўнеры пазбегнуць справядлівага пакарання і могуць нават вярнуцца зноў на тваю зямлю забіваць і знішчаць. Маральна і псіхалагічна можа быць цяжка ісці на такія саступкі. Але тады мы думаем пра вызваленне тых, хто, абараняючы сваю зямлю, трапіў у палон і каму пагражаюць катаванні, калецтва або смерць. Паводле аналогіі да абмену палоннымі — у нашай сітуацыі таксама варта зандзіраваць магчымасці падобных... як тут назваць: кампрамісаў? саступак?
Што рэжым «хоча»? Ну, у плане хацення няцяжка здагадацца: прызнанне легітымнасці Лукашэнкі і зняцце ўсіх санкцый. Такога тыпу саступка была б неапраўданай, бо папросту замацавала б у рэжыму пачуццё беспакаранасці. Перакананы, што ніхто на такія саступкі не пойдзе. Але тут ёсць мноства прамежкавых крокаў: сам факт перамоў, сустрэчы з прадстаўнікамі рэжыму, выбарачнае паслабленне санкцый — гэта магло б стаць штуршком для вызвалення палітвязняў, але не цаной запэўнення рэжыму ў беспакаранасці.
— Увогуле апошнім часам стала модна згадваць, як ФРГ выкупляла вязняў у ГДР. Але ці можа прынесці такая стратэгія плён у Беларусі? Хто дасць гарантыі, што нават пры ўмове выпускання сёння ўсіх палітвязняў заўтра ў беларускіх турмах не апынецца яшчэ больш палонных?
— Гарантыі ніхто не дасць, але стаўкай з'яўляюцца лёсы нявінных выдатных людзей, а таксама іх сем'яў. Беручы пад увагу іх каштоўнасць, можа мець сэнс ажыццяўленне пэўных дзеянняў без гарантый. Іншая справа — мець напагатове пакаральныя інструменты. Перспектыва вяртання да жорсткага санкцыйнага ціску павінна заставацца. Калі сфармуляваць гэта схематычна: паслабленне санкцый —> вызваленне хаця б часткі палітвязняў —> з'яўленне новых палітвязняў —> увядзенне нашмат больш жорсткіх санкцый, чым было ў зыходнай сітуацыі. Я разумею, што на практыцы гэта не так проста ажыццявіць, але агульны прынцып павінен быць такі. Ён не гарантуе адсутнасці рэцыдыву, але зніжае яго імавернасць.
— Ці бачыцца вам выйсце з гэтага тупіка? Ці існуе рэальная магчымасць вызваліць беларускіх палітвязняў — тут і цяпер?
— Без саступак рэжыму — хутчэй за ўсё, не. З саступкамі — думаю, што такая магчымасць ёсць. Беларуская эканоміка закрыла 2022 год амаль з пяціпрацэнтным мінусам. Рэжым беспрэцэдэнтна ізаляваны на міжнароднай арэне, а пры гэтым паглыбляецца залежнасць ад Крамля. Набліжаецца рашаючы этап ініцыяванай самім рэжымам сістэмнай рэформы (запуск УНС, рэформа партыйнай сістэмы і інш.). У наступным годзе — лакальныя і парламенцкія выбары, не за гарамі — прэзідэнцкія выбары. У любы момант гэты працэс можа выйсці з-пад кантролю, асабліва калі сацыяльна-эканамічная сітуацыя будзе пагаршацца. Таму рэжым, хоць усяк хавае гэта, дужа зацікаўлены ў нейкай форме міжнароднага прызнання і паслаблення санкцыйнага ціску. Гэта можна выкарыстоўваць. І, думаю, трэба. Не дзеля рэжыму, канешне, а дзеля выбітных беларусаў і беларусак, якія вымушаны ў холадзе і атмасферы прыніжэння праводзіць свае дні...