Хронікі рэпрэсій. Суд прызнаў пратэснай сімволікай балонік чырвонага колеру
З дапамогай праваабаронцаў і іншых незалежных крыніц сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 20 студзеня.
Расійскую журналістку Кацярыну Яньшыну, якая адседзела 15 сутак у ІЧУ Мінска па абвінавачванні ў дробным хуліганстве, пасля арышту дэпартавалі ў Маскву.
Яньшына супрацоўнічае з расійскім цэнтрам абароны правоў чалавека «Мемарыял». Яна прыехала ў Беларусь, каб асвятліць працэс «Вясны». Яе затрымалі пасля заканчэння судовага пасяджэння на выхадзе з залы суда, нібыта за парушэнне парадку падчас пасяджэння.
Галоўная рэдактарка выдання «Адвакацкая вуліца» Кацярына Гарбунова прыехала сустракаць Яньшыну пасля заканчэння арышту на выхадзе з ізалятара, аднак там яе не аказалася. Гарбуновай заявілі, што Яньшыну адпусцілі на свабоду, але сувязі з ёй не было, і Гарбунова звярнулася ў амбасаду Расіі. Там ёй сказалі, што Яньшына ўжо ляціць у Маскву.
Пазней Яньшына выйшла на сувязь са сваякамі з маскоўскага аэрапорта. Усе яе асабістыя рэчы беларуская міліцыя пакінула сабе.
* * *
Да трох гадоў «хатняй хіміі» асудзілі спявачку Мэрыем Герасіменка. Дзяўчыну абвінавачвалі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса ў грубым парушэнні грамадскага парадку. Справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня, вядомая мноствам палітычных прысудаў.
Мэрыем Герасіменка затрымалі ў пачатку жніўня мінулага года пасля таго, як яна на тэрасе бара «Банкі-бутэлькі» ў цэнтры Мінска, на вуліцы Зыбіцкай, спявала песні ўкраінскага гурта «Акіян Эльзы». Дзяўчыну асудзілі спачатку на 15 сутак, потым яшчэ раз на той жа тэрмін, але на волю яна так і не выйшла.
Акрамя спявачкі, сілавікі таксама затрымалі ўладальніка бара Андрэя Жука і некалькіх супрацоўнікаў (а пазней і жонку ўладальніка). З тых часоў бар зачынены.
* * *
Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі ў Мінску 49-гадовага мужчыну родам з Расіі: ён нібыта пакінуў 7687 каментароў у «дэструктыўных» тэлеграм-каналах.
Такая інфармацыя з'явілася ў адным з неафіцыйных каналаў сілавікоў. Паведамляецца, што ў каментарах мужчына абражаў міліцыянтаў, дзеючую беларускую ўладу і жыхароў Расіі.
* * *
Уладальнік гасцініцы для жывёл у Гродне Павел Свірбутовіч асуджаны да двух з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму за паклёп і абразу Лукашэнкі. Паўла абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў «абразлівую інфармацыю, звязаную з абвінавачваннямі ва ўчыненні асабліва цяжкіх злачынстваў, у сацыяльнай сетцы «Укантакце». Абраза заключалася ў карыкатуры.
* * *
36-гадовы жыхар Гродна Анатоль Лявонік атрымаў два з паловай гады калоніі за лайкі ў «Аднакласніках». Вырак агучыў суддзя Дзмітрый Кедаль.
Падчас судовага пасяджэння Анатоль заявіў, што лайкнуў пасты ў «Аднакласніках» са свайго мабільнага тэлефона — пасля гэтага яны з'явіліся на яго старонцы. Каб даказаць гэта, міліцыя нават правяла «следчы эксперымент»: падчас яго Анатоль «прадэманстраваў свае навыкі карыстальніка сацыяльнай сеткі і паказаў, як адзначае ўпадабаныя фатаграфіі».
* * *
Суд Ленінскага раёна Мінска 21 снежня асудзіў да двух з паловай гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу Алену Клімовіч, інваліда ІІ групы, па народным артыкуле 342 КК. Справу разглядала суддзя Юлія Шчоткіна.
Па матэрыялах абвінавачання, Алена Клімовіч, у перыяд са жніўня па верасень 2020 года двойчы прымала ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у Мінску, а ў якасці пратэснай сімволікі выкарыстоўвала балонік чырвонага колеру і бел-чырвона-белы сцяг.
Алену Клімовіч затрымалі 1 чэрвеня 2022 года на трое сутак, пазней была пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.
* * *
«Спіс экстрэмістаў» папоўніўся яшчэ на 39 асоб — цяпер у ім 2350 чалавек. Акрамя іншых, у спіс уключылі грамадзяніна Латвіі Дзмітрыя Міхайлаўса, краязнаўца Ігара Хмару, а таксама фігурантаў «справы БелаПАН» Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава, Ірыну Злобіну і Ірыну Леўшыну.
* * *
Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд кіраўніку ўпраўлення сувязей з грамадскасцю кампаніі «А1» Мікалаю Брэдзелеву. Мікалаю прысудзілі 4 гады калоніі за «прадастаўленне грашовых сродкаў для забеспячэння дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання».
* * *
У Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд палітвязням і былым супрацоўніцам «МТБанка» — Іне Глінскай і яе дачцэ Валерыі. Іх асудзілі адпаведна да 7 і 6,5 гадоў калоніі за перадачу звестак аб сілавіках у тэлеграм-канал «Ч*рная кніга Беларусі».
* * *
КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» рагачоўскі гурт «T*r Band». Музыкаў разам з жонкамі затрымалі 28 кастрычніка ў Рагачове. У канцы снежня паведамлялася, што яны не выйшлі на волю пасля 60 сутак арышту.
* * *
Братоў-музыкаў Змітра і Уладзіміра Каракіных з гурта «Litesound» затрымалі ў кастрычніку мінулага года разам з бацькамі. У зняволенні ў іх бацькі Юрыя здарыўся інсульт.
Раней паведамлялася, што затрыманы былі толькі музыкі. Высветлілася, што пры затрыманні сілавікі знайшлі ў сям'і сумесныя фатаграфіі з маршаў 2020 года. На ўсіх завялі крымінальную справу па артыкуле 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
У ІЧУ ў Юрыя Каракіна здарыўся інсульт, цяпер ён дома. Іншыя члены сям'і ўтрымліваюцца ў СІЗА на Валадарскага. Як мяркуецца, суд над усімі пройдзе ў канцы студзеня.
У 2012 годзе гурт «Litesound» выступаў ад Беларусі на музычным конкурсе «Еўрабачанне», дзе дайшоў да другога паўфінала.
* * *
Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі студэнтку чацвёртага курса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Яну Зябка. Сілавікі знайшлі ў Telegram дзяўчыны доступ да адміністравання чата «Св*боднага прафсаюза БДМУ» і спрабуюць абвінаваціць яе ў стварэнні гэтага чата, пагражаючы 8 гадамі пазбаўлення волі.
Кіраўніца «Св*боднага прафсаюза БДМУ» Анастасія Махамет сцвярджае, што Яна Зябка не мела ніякага дачынення да стварэння чата — на ёй проста «чамусьці вісела адмінка».
Яне Зябка 22 гады, да ўніверсітэта яна адвучылася ў медыцынскім каледжы, а вучобу ў БДМУ, мяркуючы па фатаграфіях у сацыяльнай сетцы, сумяшчала з працай на «хуткай дапамозе».