Tor band цяпер — «экстрэмісцкае фармаванне»
Рагачоўскі гурт Tor band КДБ абвясціла «экстрэмісцкім фармаваннем».

Адпаведнае рашэнне пра прызнанне «экстрэмісцкім фармаваннем» прыняў КДБ 16 студзеня, паведамляюць праваабаронцы.
Нагадаем, удзельнікаў гурта Tor Band разам з жонкамі затрымалі 28 кастрычніка ў Рагачове. У канцы снежня паведамлялася, што яны не выйшлі на волю пасля 60 сутак арышту.
Tor band — вядомы беларускі гурт. Іх кліпы на песні «Мы — не "народец"», «Жыве», «Кто, если не ты?!» набралі больш за мільён праглядаў на YouTube.

Музыкаў пасля выбараў 2020 года рэжым Лукашэнкі рэпрэсуе оптам і ўраздроб. Шмат хто з артыстаў прайшоў праз «суткі» і потым эміграваў. Некаторыя трапілі пад крымінальны пераслед. Litesound, удзельнікі гуртоў Irdorath (лідары каманды Надзея і Уладзімір Калачы дагэтуль за кратамі паводле прысуду), Tor Band, Мэрыем Герасіменка і іншыя.

Аднак не толькі КДБ сёння пашчыраваў. У «Спіс экстрэмістаў» МУС дадало яшчэ 39 чалавек — цяпер у ім 2350 чалавек.
Сёння таксама стала вядома, што 20 студзеня чарговы раз абнавілі «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».Акрамя іншых, у спіс дадалі грамадзяніна Латвіі Дмітрыйса Міхайлаўса, краязнаўца Ігара Хмару, а таксама фігурантаў «справы БелаПАН» — палітзняволеных Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава, Ірыну Злобіну і Ірыну Леўшыну.