Першыя завочныя палітычныя прысуды. Асудзілі Навошу і іншых фігурантаў справы «Чорнай кнігі Беларусі»

Суд у межах «спецыяльнай вытворчасці» па справе «Чорнай кнігі Беларусі» скончыўся завочным прысудам — па 12 гадоў калоніі.

Працэс па справе адміністратараў «Чорнай кнігі Беларусі» 12 снежня 2022 года

У Мінскім гарадскім судзе сёння, 18 студзеня, агучылі прысуд у межах першага завочнага суда. Суддзя Наталля Бугук засудзіла сузаснавальніка парталаў Tribuna.com і Sports.ru Дзмітрыя Навошу, а таксама Яніну Сазановіч, Даніілу Багдановіча, Валерыю Занямонскую і Вольгу Высоцкую да 12 гадоў калоніі кожнага. Менавіта такі прысуд запрошваў пракурор, паведамляюць праваабаронцы.

Пяць чалавек абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 3 арт. 203-1 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных даных) за адміністраванне Telegram-канала «Чорная кніга Беларусі».  

КДБ унёс фігурантаў у «тэрарыстычны спіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.


Згодна з версіяй абвінавачвання, абвінавачаныя і іншыя асобы не пазней за жнівень 2020 года «аб'ядналіся ў злачынную групу, у складзе якой стварылі і адміністравалі Telegram-канал «Чорная кніга Беларусі» і іншыя аналагічныя рэсурсы». Як адзначылі раней у Генпракуратуры, сярод асноўных мэтаў іх дзейнасці — дыскрэдытацыя ўлады і праваахоўных органаў, распальванне іншай сацыяльнай варожасці ў адносінах да прадстаўнікоў сілавога блоку і дзяржслужачым, а таксама іншым асобам, якія выступаюць за захаванне правапарадку і дзеючага канстытуцыйнага ладу ў краіне, распаўсюджванне паклёпніцкіх звестак пра іх, падбухторванне да злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці.

«Злачынная група незаконна сабрала і размясціла ў адкрытым доступе інфармацыю аб прыватным жыцці і персанальныя даныя сотняў грамадзян у сувязі з ажыццяўленнем імі прафесійнай дзейнасці. Сярод іх — супрацоўнікі органаў унутраных спраў, работнікі пракуратуры, суддзі, журналісты. Пасля публікацый у дачыненні да некаторых з іх былі здзейсненыя злачынствы, уключаючы знішчэнне і пашкоджанне маёмасці, пагрозы гвалтам», — гаворыцца ў абвінавачванні.


Нагадаем, кіраўнік Беларусі ў ліпені падпісаў закон аб зменах у Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія дазваляюць судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, завочна. Цяпер так нават можна прысудзіць да расстрэлу.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: