Святлана Ціханоўская: Беларусь адклалі на «потым»

Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе дала інтэрв'ю «Deutsche Welle», дзе расказала пра свой «завочны суд» і супрацу з міжнароднымі партнёрамі.

Святлана Ціханоўская. Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц

Святлана Ціханоўская. Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц


Святлану Ціханоўскую, якая стала адной з лідараў беларускай апазіцыі падчас масавых пратэстаў супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года і апынулася ў вымушанай эміграцыі ў Літве, цяпер абвінавачваюць у «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». 17 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся завочны працэс па справе палітыка.

«Усе «суды» ў Беларусі цяпер — гэта судзілішчы»

— Святлана, чаго вы чакаеце ад завочнага суда ў Мінску? І якога рашэння больш за ўсё баіцеся?

— Нічога не чакаю і рашэння ніякага не баюся, таму што я ведаю, што так званыя суддзі абвесцяць прысуд, які загадана абвясціць. Як сёння высветлілі мае адвакаты, мне пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі. Гэта прадказальна. Я не чакаю, што там будзе справядлівы суд, што адвакат, назначаны гэтым рэжымам, будзе хоць неяк мяне абараняць. Але мне вельмі важна ўдзельнічаць у гэтым фарсе, каб сабраць дакументы і потым прасіць з імі міжнароднай абароны.

Вядома, дадуць тэрмін. І, натуральна, я не магу вярнуцца ў Беларусь, пакуль гэты рэжым не зменіцца. Таму што ўсё, што цяпер адбываецца ў Беларусі, усе гэтыя так званыя «суды» — гэта судзілішчы. Гэта тычыцца не толькі мяне і завочных судоў. (…)


Цяпер у Беларусі па 15-17 чалавек кожны дзень затрымліваюць: за ўкраінскія песні, за ўдзел у маршах, за праўкраінскую пазіцыю — тут шмат падстаў не трэба. Гэта патрэбна, каб пастаянна трымаць беларусаў у страху. Гэта значыць, людзі ўвесь час знаходзяцца ў чаканні, што па іх могуць прыйсці, таму што большасць беларусаў удзельнічалі ў мітынгах, большасць беларусаў — за Украіну і супраць гэтай вайны.

— Якія наступствы гэты суд можа мець для вас і вашай сям'і?

— Я разумею сама і спадзяюся, што і ўсе разумеюць, што гэты «суд» у Беларусі не мае ніякага дачынення да правасуддзя. Гэта фарс, каб адпомсціць тым, хто выступіў супраць рэжыму. Паколькі я жыву ў выгнанні, то спадзяюся, што ён не паўплывае на мяне, хоць і разумею, што вынікі гэтага «суда» могуць быць перададзены, напрыклад, у Інтэрпол, і ў арганізацый (да яго падобных. Заўв. рэд.) узнікнуць пытанні пры здзяйсненні мною паездак. Але мы працуем з Інтэрполам, і яны ведаюць пра сітуацыю ў нашай краіне.

Гэта ўжо другі завочны судовы працэс у Беларусі. Першы быў праведзены па справе нашай алімпійскай прызёркі па плаванні Аляксандры Герасімені. Думаю, што такія «суды» пачасцяцца, але гэта парушэнне асноўных правоў чалавека. І я хачу, каб свет зразумеў, што гэта праблема заслугоўвае ўвагі.

Больш за тое, гэты рэжым можа пачаць пазбаўляць людзей грамадзянства, і ўжо вельмі хутка. Тых, каго яны палічаць «тэрарыстамі» і «экстрэмістамі», а такіх людзей нямала. І тады нам давядзецца вырашаць праблему з іх прававым статусам. Але я спадзяюся, што дэмакратычны свет будзе адкрыты для стварэння новых механізмаў. Бо, каб пражываць за мяжой, неабходны дакументы. Так што мы працуем над гэтым пытаннем. Перад намі яшчэ шмат выклікаў. Аднак дэмакратычны свет разумее, што адбываецца ў нашай краіне: рэпрэсіі, беззаконне. Думаю, мы знойдзем рашэнне.

«Без дэмакратычнай Беларусі немагчыма бяспека рэгіёна»

— Тут, на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, міжнародная ўвага сканцэнтравана на Украіне. Наколькі важна для вас, каб увага сусветных лідараў была накіравана і на Беларусь, і ці складана вам цяпер гэтага дамагчыся?

— На мой погляд, цяпер увага да Беларусі аслабла, і Давос — гэта адна з платформаў, на якой можна нагадаць людзям — палітыкам, журналістам, прадпрымальнікам — пра Беларусь, каб яны прынялі больш рашучыя крокі ў дачыненні да нашай краіны. Зараз здаецца, што Беларусь адклалі на «потым», таму што спачатку трэба разабрацца з крызісам ва Украіне.

Я гэта падтрымліваю, аднак лічу, што Беларусь неабходна захоўваць у цэнтры ўвагі, таму што гэта вельмі важная краіна ў нашым рэгіёне. Бо без свабоднай Беларусі будзе існаваць пастаянная пагроза для нашых заходніх суседзяў. Таму што Лукашэнка — хаўруснік Пуціна, і разам яны будуць парушаць бяспеку ўсяго рэгіёна.


Акрамя таго, Давос — гэта важная магчымасць абмеркаваць эканамічную будучыню нашай краіны. Бо мы хочам бачыць Беларусь не толькі дэмакратычнай, але і квітнеючай, багатай краінай. І я ўпэўнена, што ў нас ёсць магчымасць дамагчыся гэтага, маючы добры менеджмент і ўлічваючы, якія ў нас выдатныя, працавітыя, вельмі дысцыплінаваныя людзі. Думаю, мы зможам пабудаваць квітнеючую Беларусь. Нам будуць патрэбны інвестыцыі, эканамічныя рэформы. І мы маем намер выкарыстоўваць мерапрыемствы на палях форуму, каб абмеркаваць асобна Беларусь, эканамічную сітуацыю ў ёй і нашы будучыя эканамічныя мэты.

— Ці адкрыты лідары, з якімі вы сустракаецеся тут, для размоў з вамі на ўсе гэтыя тэмы?

— Вядома, беларуская тэма не цалкам забытая. Асабліва палітыкі разумеюць значэнне свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. Але часам прамаўляецца шмат слоў без таго, каб за імі ішлі справы. Вядома, гэта тычыцца не ўсіх. Напрыклад, у нас выдатныя адносіны з кіраўніцай МЗС Германіі Аналенай Бербак, яна — сябар Беларусі. З яе дапамогай мы змаглі адправіць ва Украіну мабільны шпіталь, дзе працуюць беларускія медыкі-добраахвотнікі.

Цяпер у Бундэстагу фарміруецца група, якая спецыялізуецца на пытаннях, звязаных з Беларуссю (пра стварэнне груп «За дэмакратычную Беларусь» у парламентах шэрагу заходніх краін у канцы снежня 2022 года паведаміў прадстаўнік Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька. — Заўв. рэд.). І я спадзяюся, што тэма Беларусі стане больш заўважнай у парламенце ФРГ.

Што нам трэба цяпер — дык гэта аформіць адносіны з рознымі арганізацыямі, як гэта ўжо адбылося з Саветам Еўропы, дзе была сфарміравана кантактная група па Беларусі. Беларускі рэжым больш не ўдзельнічае ў Савеце Еўропы, замест гэтага была створана кантактная група па супрацоўніцтве з беларускай грамадзянскай супольнасцю.

Тое ж можна зрабіць у дачыненні да АБСЕ, структур ААН, розных міжнародных арганізацый, якія сталі б працаваць з Беларуссю не на ўзроўні дыктатара, але на ўзроўні свабодных беларусаў. Для гэтага патрэбна палітычная воля.

Іншая праблема, з якой мы сутыкнуліся — мы пакуль не бачым яснай стратэгіі (Захаду. Заўв. рэд.) у дачыненні да Беларусі. Думаю, гэта звязана з тым, што Беларусь многія гады ўспрымалі як прыдатак Расіі. Нам трэба гэта змяніць.

«Лукашэнка пабаіцца накіроўваць войскі ва Украіну, не ведаючы наступстваў»

— Ёсць асцярогі, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін можа пачаць новы наступ на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Наколькі вы занепакоеныя тым, што Беларусь можа аказацца яшчэ мацней уцягнутай у гэтую вайну?

— Мы пастаянна атрымліваем інфармацыю ад сеткі нашых валанцёраў, якія назіраюць за вайсковымі вучэннямі, прыбыццём эшалонаў з ваеннай тэхнікай і расійскімі салдатамі. Яны заўважаць, калі будзе праведзены запуск ракет. Цяпер мы бачым прысутнасць на нашай тэрыторыі 12 000 расійскіх вайскоўцаў. Яны ўвесь час займаюцца вучэннямі.

Але я думаю, што прысутнасць расійскіх вайскоўцаў у Беларусі на гэты момант служыць таму, каб трымаць беларусаў у страху, атрымаць кантроль над Беларуссю шляхам паўзучай акупацыі і працягваць ціснуць на ўкраінцаў, прымусіўшы іх перамясціць сваю ўвагу з усходу на поўнач.

Наша задача ў тым, каб не дапусціць уцягвання беларускіх Узброеных сіл у гэтую вайну. Мы ведаем, што беларускія салдаты не хочуць ваяваць з украінцамі. Яны — не нашы ворагі. І Лукашэнка таксама ведае гэта. Ён не адчувае падтрымкі з боку народа і арміі. Думаю, ён пабаіцца накіроўваць войскі ва Украіну, не ведаючы магчымых наступстваў гэтага кроку.

Я часта чую, што Пуцін цісне на Лукашэнку, а той не саступае. Але гэта няпраўда. Лукашэнка і Пуцін насамрэч саюзнікі. Магчыма, статус-кво зручны для іх абодвух: беларусаў трымаюць у страху, а ўкраінцаў — пад ціскам. Таму яны і ладзяць гэтае шоу з вучэннямі, не збіраючыся прадпрымаць нейкіх практычных крокаў. І тым не менш — з тэрыторыі Беларусі могуць быць запушчаны ракеты, іранскія дроны і ўсё што заўгодна.