Святлана Ціханоўская: Саступкі Лукашэнку толькі ствараюць для яго пачуццё беспакаранасці

Дэмакратычная лідарка Беларусі ў сваім тэлеграм-канале адрэагавала на інфармацыю журналіста «Радыё Св*бода» Рыкарда Ёзвяка пра тое, што ЕС не пашырыў на Беларусь санкцыі 9-га пакета супраць Расіі па просьбе Украіны.

51400610519_1e1bac6bb3_b.jpg


«Мы разумеем, што ўлады Украіны не хочуць правакаваць Лукашэнку. Але думкі пра тое, што гэта яго спыніць — памылковыя. У пачатку 2022-га ён абяцаў Украіне, што не будзе нападу. Мы ведаем, да чаго гэта прывяло», — канстатуе Ціханоўская.

«Лукашэнка ніколі не трымае слова і будзе рабіць тое, што скажа Расія. Ён невыпадкова апынуўся ў такой сітуацыі. Ён не закладнік і не ахвяра — ён абраў інтэграцыю з Расіяй яшчэ ў 90-х, калі пачаліся падпісанні дакументаў пра саюзную дзяржаву. Ягоная палітыка прывяла да пачатку вайны супраць Украіны, а таксама да пагрозы незалежнасці Беларусі. Яго саўдзел у вайне дазволіў адбыцца генацыду ў Бучы, Ірпені, Чарнігаўскай і Кіеўскай абласцях», — зазначыла яна.

«Таму саступкі яму ў разгар вайны толькі ствараюць для яго пачуццё беспакаранасці. Так ён упэўніваецца, што можа і далей праводзіць рэпрэсіі, забіваць людзей і дазваляць нападаць на Украіну з тэрыторыі Беларусі. А задача цывілізаванага свету — пазбегнуць беспакаранасці. Вінаватыя павінны панесці адказнасць — і наша агульная задача гэтага дабіцца.

Беларусы, пра чые інтарэсы сапраўды трэба думаць — гэта беларускія актывісты, добраахвотнікі і валанцёры, якія дапамагаюць Украіне і змагаюцца супраць Расіі. Гэта людзі, якія сталі палітзняволенымі за свой пратэст супраць вайны ва Украіне і дыктатуры. Але дакладна гэта не Лукашэнка, які дае тэрыторыю Беларусі рускім салдатам і ракетам», — рэзюмуе Святлана Ціханоўская.