ЕС хоча да лютага прыняць 10-ты пакет санкцый супраць РФ і Беларусі. Ці будзе Украіна супраць?

Еўрасаюз паскорыў працу над дзясятым пакетам санкцый супраць Расіі і мае намер прыняць яго да саміту Украіна — ЕС у Кіеве, запланаванага на пачатак лютага, паведаміў пастаянны прадстаўнік Польшчы пры ЕС Анджэй Садось.

berlin_sankcii_2_logo.jpg


«Праца сапраўды паскорылася. Польшча ў групе краін-аднадумцаў цяпер прапануе далейшыя санкцыі. Узмацненне існуючых абмежаванняў таксама з'яўляецца пастаянным працэсам», — цытуе палітыка «АФН» са спасылкай на «PAP».

Дыпламаты ЕС неахвотна кажуць пра дэталі новага пакета, паколькі, падкрэсліваюць яны, важна не страціць эфект нечаканасці. «У чарговы раз робіцца спроба распаўсюдзіць санкцыі на экспарт расійскіх алмазаў. Кошт экспарту алмазаў у расійскі бюджэт ацэньваецца ў 4,5 млрд еўра. Гэта немалая сума», — адзначыў Садось.

Новыя санкцыі, як мяркуецца, будуць распаўсюджвацца на прадукцыю, якая патэнцыйна можа быць выкарыстана расійскімі вайскоўцамі. Санкцыйныя спісы таксама плануецца пашырыць, уключыўшы ў іх больш асоб, адказных за агрэсію Расіі супраць Украіны і ваенныя злачынствы.

Беларусь таксама будзе падвергнута новым санкцыям за працяг падтрымкі ваенных дзеянняў Расіі супраць Украіны. У дадзеным выпадку, па словах аднаго з дыпламатаў, гаворка ідзе пра «сінхранізацыю беларускіх санкцый з расійскімі, асабліва сектаральнымі, у тых сферах, дзе Мінск супрацоўнічае з Масквой у ваенным плане».

Між тым, журналіст «Radio Free Europe / Radio Liberty» Рыкард Ёзвяк паведаміў сёння, што Беларусь не трапіла ў папярэдні (9-ты) пакет санкцый ЕС, бо аб гэтым папрасіла Украіна.

«Адна з прычын, чаму Беларусь не трапіла пад санкцыі разам з Расіяй у апошнім санкцыйным пакеце ЕС, заключаецца ў тым, што Украіна папрасіла не ўключаць Мінск», — напісаў Ёзвяк у сваім Твітары.

Дзявяты пакет санкцый ЕС супраць Расіі быў прыняты ў снежні 2022 года. Ён уключаў забарону экспарту з РФ, замарозку актываў двух расійскіх банкаў, забарону вяшчання расійскіх тэлеканалаў у ЕС, а таксама індывідуальныя санкцыі супраць расійскіх кампаній і фізічных асоб.

Нагадаем, што ЕС увёў некалькі пакетаў санкцый адносна Беларусі яшчэ да расійскага ўварвання ва Украіну — за парушэнне правоў чалавека ў краіне і фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў. Аднак найбольшыя санкцыі краіна займела праз падтрымку ўварвання Расіі ва Украіну. Пад санкцыі трапляюць нафта і нафтапрадукты, некаторыя артыкулы калійных угнаенняў, ёсць забарона на транспарціроўку калію праз Еўропу, некалькі беларускіх банкаў былі адключаны ад міжнароднай сістэмы фінансавых пераводаў SWIFT.

Таксама пад санкцыямі аказаліся некалькі буйнейшых прадпрыемстваў Беларусі і амаль усе прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу. Існуе забарона на пастаўкі ў Беларусь мікраэлектронікі, прадукцыі двайнога прызначэння.

У траўні мінулага года прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка сказаў, што «праз санкцыі аказаўся заблакіраваны практычна ўвесь экспарт Беларусі ў краіны Еўрапейскага саюза і Паўночнай Амерыкі; гэта сума, якая ўмоўна раўняецца ў год 16-18 млрд долараў».

Гэта прыкладна траціна ўсяго экспарту Беларусі.