Першы месяц шырокіх санкцый: беларускі экспарт у Еўропу ўпаў амаль на 50%

У чэрвені ўступіў у поўную сілу пакет еўрапейскіх санкцый па Беларусі. У пераходны перыяд Еўрасаюз дазваляў еўрапейскім кампаніям выконваць раней заключаныя кантракты. Якія вынікі знешняга гандлю Беларусі з ЕС за чэрвень-2022, калі заяўленыя еўрапейцамі негатыўныя эфекты санкцый павінны былі пачаць дзейнічаць?

sanktsii_3.png


У сакавіку ЕС увёў абмежаванні па таварах, што выкарыстоўваюцца для вырабу тытунёвых вырабаў, мінеральнага паліва, бітуму, газападобных вуглевадародных прадуктаў, хлорыстага калія, вырабаў з дрэва, цэменту, жалеза, сталі, гумовых вырабаў.

Акрамя таго былі ўведзеныя абмежаванні на экспарт у РБ тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння, а таксама тавараў і тэхналогій, якія могуць спрыяць ваеннаму, тэхналагічнаму развіццю і развіццю абароны і бяспекі Беларусі, абмежаванні на аказанне спадарожных паслуг, нагадваюць banki24.by.

У поўную сілу сакавіцкі пакет санкцый ЕС уступіў толькі з чэрвеня.

Згодна з Белстатам за 6 месяцаў экспарт тавараў з Беларусі ў ЕС склаў 3,149 млрд USD у эквіваленце, імпарт — 2,129 млрд USD. У гандлі на еўрапейскім кірунку ўтварылася пазітыўнае сальда ў памеры 1,020 млрд USD.

Па параўнанні з 2021 годам экспартныя патокі ў Еўрасаюз скараціліся на 30%, імпартныя з ЕС — на 32,1%. Памер пазітыўнага сальда адносна студзеня-чэрвеня мінулага года знізіўся на 346 млн USD.

На працягу ўсяго першага паўгоддзя дзейнічала прадуктовае «эмбарга» з боку Беларусі. Нагадаем «эмбарга» было зацверджана пастановай Саўміна № 700 ад 6 снежня 2021 года «Аб прымяненні спецыяльных мер у дачыненні да асобных відаў тавараў». Той дакумент утрымліваў пералік тавараў з ЕС і яго дзяржаў-членаў, ЗША, Канады, Нарвегіі, Албаніі, Ісландыі, Паўночнай Македоніі, Вялікабрытаніі, Чарнагорыі, Швейцарыі. Тавары па пераліку з 1 студзеня былі забароненыя да ўвозу ў Беларусь і рэалізацыі на тэрыторыі РБ. У спіс увайшлі разнастайныя прадукты харчавання (акрамя рыбы) і сыравіна. Таму трэба мець на ўвазе, што ў чэрвеньскай статыстыцы імпарту з ЕС ёсць і ўплыў абмежаванняў, прынятых у Беларусі.

Дык вось, за чэрвень беларускі экспарт у Еўрасаюз склаў 244 млн USD, імпарт з ЕС — 337 млн USD. У гандлі таварамі з ЕС утварылася адмоўнае сальда ў памеры 93 млн USD.

Параўнайце: за травень экспарт у ЕС можна ацаніць у 451 млн USD, імпарт — у 322 млн USD, за красавік — у 498 і 306 млн USD, за сакавік — у 593 і 368 млн USD, за люты — 645 і 446 млн USD, за студзень — 714 і 346 млн USD.

Прыкметна, што ўвоз тавараў з Еўрасаюза ў 2022 годзе адносна стабільны, тады як экспарт з Беларусі ў ЕС у чэрвені істотна скараціўся ў параўнанні з «дасанкцыйнымі» месяцамі: з траўнем — амаль удвая, а са студзенем і лютым — і больш за тое.