Галоўны апазіцыянер — Лукашэнка?

Лукашэнка не адзін раз заяўляў, што ён у Беларусі «адзіны палітык». Ён шмат казаў і пра тое, што апазіцыя ў Беларусі слабая і нягеглая. І, падаецца, ён вырашыў стаць не толькі адзіным палітыкам, але і галоўным апазіцыянерам.

scale_1200_46.jpg


Ужо больш за тыдзень трывае вайна ва Украіне, да якой далучыліся і беларускія ўлады. Сапраўды, беларускія войскі (пакуль?) не ўдзельнічаюць у нападзе непасрэдна, але, як пісалася раней, прадстаўленне сваёй тэрыторыі для ажыццяўлення агрэсіі таксама ёсць падстава для прызнання краіны агрэсарам.
Расійскі план па «ўтаймаванні Кіева», відавочна, сарваўся. За тыдзень вайны ва Украіне расійскія войскі не здолелі захапіць ніводнага абласнога цэнтра. Не ўдалося дэзарганізаваць і дэмаралізаваць ані ўкраінскае войска, ані ўкраінскі народ. Адбылося ўсё з дакладнасцю да наадварот: калі напачатку вайны рэйтынг Зяленскага быў у раёне 20%, то цяпер яго дзеянні па адбіванні расійскай агрэсіі падтрымліваюць 90% украінцаў. Астатнія 10%, напэўна, прыходзяцца на жыхароў Крыма і Данбаса.
Ва Украіне заўважылі тэхніку з новым азначэннем — белым колам. Раней на бартах бачылі толькі літары «V» i «Z». Спачатку ўкраінцы ўзбудзіліся, — маўляў, гэта беларускія войскі. Але потым «ІнфармНапалм» расшыфраваў гэтую пазнаку як «мабільны рэзерв» расійскай арміі. Уявіце: за сем дзён вайны Расія вымушаная ўводзіць у вайну рэзервы! Якія таксама не бясконцыя.
Але, калі вяртацца да «нашых баранаў», то тое, што за паўтары гады не здолела зрабіць беларуская апазіцыя, усяго за тыдзень зрабіў Аляксандр Лукашэнка — проста прыяднаўшыся да расійскай агрэсіі.
Паўтары гады беларуская апазіцыя сцвярджала, што санкцыі ЕС — «дзіравыя». Што ўведзеных пакетаў недастаткова. Што санкцыі тычацца толькі 20% беларускага калію. Што адзін з самых эфектыўных метадаў — спыненне экспарту нафтапрадуктаў. Паўтары гады яны ўгаворвалі ЕС адмовіцца ад «прагматычнай пазіцыі» і «realpolitik» у дачыненні да беларускага рэжыму. ЕС на гэта пераважна заплюшчваў вочы.
Але ў сувязі з беларускай падтрымкай дзеянняў Расіі ЕС, па факце, зрабіў усё тое, чаго дамагаліся і не маглі дамагчыся паўтары гады. Новыя санкцыі цалкам (а не на 20%) забароняць экспарт калію, — прычым, абмежаванні закрануць не толькі новыя кантракты, як было ў папярэдніх пакетах, але і кантракты, падпісаныя да ўвядзення санкцый.
Санкцыі закранаюць такія сектары як драўніна, сталь і жалеза, цэмент, гума і (увага) нафтапрадукты. Па факце, забараняецца каля 70% усяго беларускага экспарту ў ЕС.
У інтэрнэтах ужо ходзяць чуткі, што на «Нафтане» спыняецца перапрацоўка, бо запоўненыя ўсе сховішчы. Мозырскі НПЗ таксама, нібыта, скарачае працу. «Беларуськалій» на чарзе?
А ўзгадайце, колькі разоў розныя беларускія апазіцыянеры звярталіся да Украіны з просьбамі далучыцца да санкцый ЕС. Колькі яны казалі пра тое, што нельга набываць аўтобусы падсанкцынага МАЗу, што няма чаго пераганяць той жа калій і нафтапрадукты праз порт у Адэсе. Як яны прасілі далучыцца да абмежаванняў у сувязі з прымусовай пасадкай у Мінску рэйсу Ryanair. Паслухаў іх хіба толькі мэр Львова Садовы. Усе астатнія пляскалі ў ладкі і казалі, якія прыгожыя і добрыя МАЗаўскія аўтобусы.
Паводле звестак Белстата ў студзені-лістападзе 2021 года тавараабарот паміж Украінай і Беларуссю склаў больш за $6 млрд, пры гэтым у дачыненні да такога ж перыяду 2020 года рост склаў амаль 50% (46,6%, калі быць дакладным). Экспарт з Беларусі ва Украіну за гэты перыяд вырас на 68% (для параўнання — імпарт украінскіх тавараў у Беларусь вырас толькі на 7,6%), а станоўчае сальда ў гандлі з Украінай у Беларусі дасягнула $3,4 млрд. Украіна знаходзілася на першым месцы ў свеце па станоўчым сальда знешняга гандлю з Сінявокай.
Прэм’ер Раман Галоўчанка называе вышэйшую лічбу гандлю з Украінай — $5,5 млрд, адзначае, што ва Украіну ішло 13% (!) беларускага экспарту, і даручае «пераарыентаваць» гэты экспарт куды-небудзь. «Па разліках Мінэканомікі, прыняць гэтыя аб'ёмы могуць Расія і КНР на суму $1,9 млрд і $1,7 млрд адпаведна», — сказаў прэм'ер
Тут ёсць шмат «але». Па-першае, «могуць прыняць» — не азначае, што прымуць, інакш бы мы ўжо пастаўлялі туды такія ж тавары. Па-другое, хто гатовы прыняць яшчэ $2 млрд экспарту — тыя, што засталіся? І па-трэцяе: Расія. Вы сур’ёзна?
З 12 сакавіка некаторыя расійскія банкі будуць адключаныя ад SWIFT. Еўропа і Амерыка замарожваюць актывы буйных расійскіх банкаў з Банкам Расіі і ВЭБ.РФ уключна — то-бок, «адсякаюць» Расію ад часткі золатавалютных рэзерваў, якія знаходзяцца за мяжой (па розных падліках, гэта ад паловы да двух трацінаў ЗВР РФ). ЕС ужо забараніў перавоз у Расію папяровых еўра, — будуць праблемы нават з наяўнай валютай. Расійскі рубель робіцца «драўляным» — і за гэтыя грошы мы будзем з імі гандляваць?
Дарэчы, пра SWIFT. Беларускія дэмакратычныя сілы яшчэ год таму высоўвалі ідэю адключыць ад SWIFT беларускую банкаўскую сістэму. Але еўрапейцы ад гэтага варацілі насы — нібыта, занадта жорсткія санкцыі. І цяпер пакуль не ідзе гаворка пра адключэнне ад гэтай сістэмы Беларусі. Аднак не выключаны «мультыплікацыйны» эфект. Таму што асноўныя беларускія камерцыйныя банкі — гэта «дачкі» расійскіх банкаў, кшталту «Сбера» і «БелВЭБа». Імаверна, адключэнне SWIFT будзе тычыцца і іх. «Альфа-банк» пад санкцыі пакуль, падаецца, не трапляе.
Многія беларусы ўжо сутыкнуліся з немагчымасцю разлічыцца сваімі карткамі ў розных інтэрнэт-сервісах ці правесці аперацыі ў валюце. Раптам выявілася, што, напрыклад, РРБ-банк эмітаваў свае карткі праз ВЭБ, а таму санкцыі па ВЭБу ўдарылі і па кліентах РРБ — гэта той самы «мультыплікацыйны эфект».
І галоўнае: знешні дзярждоўг Беларусі. Прыкладна 75% беларускага знешняга доўгу, які складае на 1 лютага $17,9 млрд, намінавана ў валюце. Раней мы маглі «рэструктураваць» гэты доўг, бяручы пазыкі ў Расіі, каб аддаць іх Расіі жа. Цяпер, імаверна, «лавачка прыкрылася»: па-першае, у Расіі ў самой не будзе грошай на новыя крэдыты і падтрымку беларускай эканомікі. Па-другое, у яе будзе нястача валюты, што аўтаматам можа азначаць заканчэнне палітыкі «рэструктуравання» даўгоў. Ад нас, хутчэй за ўсё, запатрабуюць аддаць усе даўгі — і добра, калі згодна з графікам іх пагашэння, а не заўчасна.
ЗВР Беларусі, канешне, складаюць $8,5 млрд. Але цяпер Нацбанк іх актыўна выдаткоўвае на падтрыманне (дакладней, «ручное кіраванне») курсу беларускага рубля. Выплаты па знешнім дзярждоўгу, якія трэба сплаціць у 2022 годзе, складаюць каля $5,58 млрд.
Я ўжо не кажу пра такую «дробязь», як забарона на пастаўкі электронікі і мікрачыпаў у РБ і РФ. «Атлант», «Гарызонт», «Віцязь», — усе, хто робіць «айчынныя» мікрахвалёўкі, пральныя машыны ды тэлевізары, робяць іх з замежных камплектуючых, тых жа чыпаў. Ім можна проста цяпер ставіць вытворчасць «на паўзу».
Ужо цяпер аналітыкі JP Morgan кажуць пра тое, што Расіі можа пагражаць дэфолт, а рэйтынгавае агенцтва Moody's панізіла рэйтынгі даўгоў РФ да пераддэфолтнага ўзроўню. І пытанне толькі ў тым, хто абвесціць дэфолт раней: Расія ці Беларусь?
Ну, скажыце, хто дамогся такіх маштабных санкцый у дачыненні да Беларусі? Хто прывёў краіну да пераддэфолтнага стану? Хіба Ціханоўская?