Цёмная ноч у Маскоўскай вобласці: атака беспілотнікаў паралізавала аэрапорты і пакінула гарады без святла

У Маскоўскай вобласці былі зарэгістраваныя сур'ёзныя адключэнні электраэнергіі, на вуліцах апусцілася цемра. Ідуць 1347-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйная выява. Крыніца: pixabay.com

Ілюстрацыйная выява. Крыніца: pixabay.com

Расійскія вайскоўцы паведамляюць пра збіццё амаль 100 беспілотнікаў, але наступствы нападу бачныя на энергетычнай інфраструктуры.

Паводле звестак «Украінскай праўды», у ноч з пятніцы на суботу былі закрытыя аэрапорты ў пяці гарадах Расійскай Федэрацыі з-за паведамленняў пра масіраваную атаку беспілотнікаў на расійскую тэрыторыю.

Расія абвясціла аб часовых абмежаваннях паветранага руху ў аэрапортах Пензы, Самары і Саратава. Рашэнне было абгрунтавана заклапочанасцю бяспекай палётаў пасля паведамленняў аб актыўнасці беспілотнікаў. Падобны крок быў прыняты ў аэрапортах Калугі і Тамбова.

Расійскія вайскоўцы паведамілі, што сродкі супрацьпаветранай абароны збілі 98 беспілотнікаў , у тым ліку некалькі над Масквой. Паводле звестак уладаў, 35 беспілотнікаў былі знішчаны над Белгарадскай вобласцю.

Украінскае агенцтва «Уніан» паведаміла са спасылкай на інфармацыю ад жыхароў, што ў Маскоўскай вобласці нечакана знікла святло. Раней у горадзе Жукоўскі паведамлялася пра чутны выбух.

«У Жукоўскім і некалькіх іншых раёнах на поўдзень ад сталіцы Расіі Масквы адбыліся буйныя адключэнні электраэнергіі пасля маштабнай атакі, здзейсненай сёння ўвечары сотнямі беспілотнікаў, запушчаных з Украіны, на ваенныя аб'екты і энергетычную інфраструктуру ў Маскоўскай вобласці», — паведаміў OSINTdefender на платформе X. 

Выведзены са строю расійскі нафтапрадуктавод «Кальцавы»

ГУР Міністэрства абароны Украіны паведаміла пра спецаперацыю, у выніку якой 31 кастрычніка ўвечары быў знішчаны нафтапрадуктаправод «Кальцавы» ў раёне Масквы.

Усе тры ніткі, якімі расейцы транспартавалі на фрот бензін, дызель і авіяцыйнае паліва, адначасова ўзарваліся. 

Антыдронавая сетка і абарона аб'екта ваенізаванай аховай не дапамаглі.

Даўжыня магістральнага нафтапрадуктаправода «Кальцавы» — 400 кіламетраў. Паліва для транспарціроўкі па трубаправодзе паступала з Разанскага, Ніжагародскага і Маскоўскага нафтаперапрацоўчых заводаў. Штогод «Кальцавы» быў здольны перапампоўваць да 3 млн.тон авіяцыйнага паліва, да 2,8 млн. тон дызпаліва і да 1,6 млн. тон бензіну.

Украінская разведка пачала штурмавую аперацыю ў Пакроўску

Галоўнае ўпраўленне выведкі пачало дэсантную аперацыю ў раёнах Пакроўска, якія Расія абвясціла «падкантрольнымі». Дзеяннямі кіруе асабіста кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў, паведамляе Суспільне са спасылкай на суразмоўцаў у сілах абароны.

Дэсантную аперацыю праводзяць Авіяцыя ваеннай разведкі і яе спецпадраздзяленні, прыцягнутыя некалькі верталётаў. Штурмавікі ўвайшлі ў тыя раёны Пакроўска, якія раней расійскія генералы абвясцілі «захопленымі».

Па словах суразмоўцаў выдання, гэтыя раёны лічацца стратэгічна важнымі для лагістыкі ўкраінскіх вайскоўцаў. Буданаў нібыта знаходзіцца на месцы і асабіста кіруе ходам аперацыі.

Верагодная мэта аперацыі — аднавіць працу ключавых лагістычных ліній.

Падчас брыфінгу 31 кастрычніка Уладзімір Зяленскі паведаміў, што войскі РФ засяродзілі паблізу Пакроўска каля 170 тысяч вайскоўцаў. Сітуацыя ў горадзе застаецца складанай.

Расійскія дыверсійна-выведвальныя групы спрабавалі трапіць у Пакроўск Данецкай вобласці з лета 2025 года. 18 ліпеня пра спробу ДРГ зайсці ў горад распавёў галоўнакамандуючы Аляксандр Сырскі. Тады групы ўдалося зачысціць.

У жніўні на подступах да Пакроўску руская армія засяродзіла каля 110 тысяч асабовага складу.

Увосень 2025 года ДРГ арміі РФ зноў узмацнілі спробы прарвацца да гарадской забудовы Пакроўска. У кастрычніку адна з груп расстраляла двух мужчын у раёне чыгуначнага вакзала, яшчэ адну жанчыну паранілі.

26 кастрычніка Генштаб УСУ заявіў, што ў Пакроўск прабраліся блізу 200 расейскіх вайскоўцаў, у горадзе пачаліся стралковыя баі. Па стане на 27 кастрычніка, акупанты не кантралююць ніводнага мікрараёна Пакроўска і спрабуюць дайсці да поўначы горада.

Канада падала ў суд, каб канфіскаваць расійскі Ан-124: плануе перадаць Украіне

Канада плануе накіраваць ва Украіну расійскі грузавы самалёт Ан-124, калі выйграе судовы працэс па афіцыйным арышце лайнера. Пра гэта паведаміла агенцтва Bloomberg, піша Ліга.

Міністр замежных спраў Канады Аніта Ананд заявіла ў пятніцу, што яе ўрад падаў судовы пазоў аб канфіскацыі зарэгістраванага ў Расіі самалёта Ан-124, які быў на прыпынку ў міжнародным аэрапорце Таронта Пірсан з лютага 2022 года. Самалёт належыць групе «Волга-Днепр», на якую Канада наклала санкцыі.

Па словах Ананд, разблытванне структуры ўласнасці самалёта было складанай задачай. Яе ўрад пачаў судовы працэс у пачатку гэтага года. Міністр дадала, што Канада імкнецца максімальна дапамагчы Украіне ў цяжкі для яе час.

Урад разглядае некалькі варыянтаў перанакіравання самалёта ва Украіну, што, акрамя судовага разбору, можа ахопліваць заканадаўчы працэс, сказала Ананд.

СПА абясшкодзіла 206 дронаў, якімі Расія атакавала Украіну

У ноч на 1 лістапада расейскія войскі атакавалі Украіну 223 ударнымі БПЛА тыпу Shahed, «Гербера» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветраная абарона абясшкодзіла 206 мэтаў.

Пра гэта паведамілі ў паветраных сілах УСУ.

РФ запускала дроны з Курска, Мілерава, Бранска, Арла, Прыморска-Ахтарска, а таксама з Гвардзейскага, што ў часова акупаваным Крыме. Каля 140 з запушчаных дронаў былі «шахедамі».

Супрацьпаветраная абарона абясшкодзіла 206 варожых БПЛА тыпу Shahed, «Гербера» і дронаў іншых тыпаў на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.

Вайскоўцы зафіксавалі трапленне 17 беспілотнікаў на 7 лакацыях. 

Сітуацыя на фронце

На фронце за мінулыя суткі адбылося 157 баявых сутыкненняў. Самая складаная сітуацыя на Пакроўскім кірунку. За суткі на вайне ва Украіне армія РФ страціла 900 вайскоўцаў. У цэлым, па даных Генштаба ВСУ, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расія страціла каля 1142730 салдат.

Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ 1 лістапада.

«Учора праціўнік нанёс 60 авіяцыйных удараў, скінуў 132 кіраваныя авіяцыйныя бомбы. Акрамя гэтага, здзейсніў 4160 абстрэлаў, у тым ліку 108 — з рэактыўных сістэм залпавага агню, і прыцягнуў для паразы 5404 дроны-камікадзэ», — гаворыцца ў паведамленні.

За мінулыя суткі авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя Сіл абароны пабілі 4 раёны засяроджвання асабістага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі, 1 артылерыйскі сродак і 3 іншыя важныя аб'екты праціўніка.

Агульныя сутачныя страты расейскіх войскаў за мінулыя суткі склалі 900 чалавек. Таксама УСУ абясшкодзілі 6 танкаў, 2 баявыя браніраваныя машыны, 9 артылерыйскіх сістэм, 1 рэактыўную сістэму залпавага агню, 2 сродкі супрацьпаветранай абароны, 349 беспілотных лятальных апаратаў аператыўна-тактычнага ўзроўню, 58 адзінак аўтамабільнай і адзінку спецыяльнай тэхнікі акупантаў.

photo_2025_11_01_12_13_03.jpg

*****

Агульная колькасць страт войскаў РФ, якія пацверджаныя афіцыйнымі паведамленнямі, некралогамі сваякоў або памятнымі дошкамі і сабраныя неабыякавымі грамадзянамі, перасекла адзнаку ў 150 тысяч і на 18:00, сёння, 31 кастрычніка, дасягнула 150 282 вайскоўцаў, піша Елісей Хадалоўскі.

Дадаткова таксама ўстаноўлены даныя 858 замежных наймітаў і мабілізаваных з ЛДНР.

Таксама месячная колькасць страт расійскай арміі перасекла адзнаку ў 10 000 і склала 10232 вайскоўцаў, смерць якіх была дакументальна пацверджана. 

10232 дакументальна зафіксаваных знішчаных расейскіх вайскоўцаў за месяц — гэта 330 вайскоўцаў за дзень, а гэта значыць, што колькасць штодня выяўленых нябожчыкаў ужо можа перавышаць колькасць штодня знішчаных расейцаў у зводках Генштаба (не будзем забываць, што там і загінулыя, і параненыя).

Варта адзначыць, што такі вал трупаў не азначае, што УСУ пачалі знішчаць удвая-ўтрая больш ворага на працягу лета.

У абсалютнай большасці некралогаў гаворыцца пра загінулых на працягу вялікага перыяду, пачынаючы з лета 2024 і па сённяшні дзень, гэта значыць знішчаных за ўвесь час вайны расейцаў сталі лепш лічыць, адзначае даследчык-валанцёр.

150 282 загінулых — гэта больш, чым насельніцтва горада Салават у Башкартастане, дзе вораг вырабляе ракетнае паліва — 144 970 жыхароў, і амаль дасягае колькасці насельніцтва горада Дамадзедава Маскоўскай вобласці, — 156 681 жыхароў.