Беларусаў судзяць за ўдзел у дваровых чатах. Хронікі рэпрэсій 3 лістапада

Сем жыхароў Смаргоні і дзевяць з Ваўкавыска атрымалі калонію і вялізныя штрафы за ўдзел у «экстрэмісцкіх» дваровых чатах. На фоне масавых прысудаў працягваюцца рэпрэсіі супраць вікіпедыстаў, анархістаў і вернікаў.

1_1097_1.png

У Гродзенскім абласным судзе 14 кастрычніка быў абвешчаны прысуд сямі жыхарам Смаргоні па справе «дваровых чатаў». Гэтым разам судзілі ўдзельнікаў і ўдзельніц закрытага Telegram-чата «ВИЛИЯ», які ўваходзіў у дваровую кааліцыю «Ордэн» і ў кастрычніку 2024 года быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем».

Шэсць жанчын і аднаго мужчыну прызналі вінаватымі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Жыхароў Смаргоні адправілі ў калонію і прызначылі буйныя штрафы. Прысуд вынес Юрый Казакевіч. 

Па справе «дваровых чатаў» у Гродзенскім абласным судзе асудзілі дзевяць жыхароў Ваўкавыску. Шэсць жанчын і трох мужчын абвінавацілі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК) і прызначылі калонію і штрафы ў памеры 800 базавых велічыняў (33 600 беларускіх рублёў) кожнаму.

Такі жорсткі прысуд Зінаіда Барцэвіч вынесла за ўдзел жыхароў Ваўкавыска ў дваровым Telegram-чаце «Вольныя ваўкі». Фігуранты справы ўтрымліваюцца пад вартай з канца кастрычніка 2024 года.

Агулам Ліліі Юруць, Людміле Шрубок, Вользе Пракопчык, Алене Жукавай, Ірыне Дабрыновіч, Віктару Турчэніку, Наталлі Краўчук, Іллю Ходасу і Віталю Цынкелю прызначылі 23 гады і тры месяцы зняволення, а таксама штраф у памеры 302 400 рублёў (прыкладна 77 200 еўра).

Па звестках праваабаронцаў «Вясны» па справе «дваровых чатаў» фігуруе мінімум 34 чалавекі па ўсёй Беларусі.

«Вікіпедыя» папярэджвае пра магчымую небяспеку для рэдактараў з Беларусі

Як паведамляе @euroradio, энцыклапедыя лічыць Беларусь і Расію небяспечнымі краінамі.

Пры стварэнні ўліковага запісу на рускамоўнай старонцы энцыклапедыі з'яўляецца папярэджанне: калі вы знаходзіцеся ў Расіі ці ў Беларусі, нікнэйм трэба выбраць так, каб праз яго немагчыма было вылічыць асобу рэдактара. Напрыклад, нельга выкарыстоўваць псеўданім, пад якім вы ўжо вядомы на іншых сайтах ці ў сацсетках.

Нагадаем, з пачатку году стала вядома пра знікненне адміністратараў Беларускай Вікіпедыі — некаторыя з іх у выніку былі асуджаныя ў адміністрацыйным парадку, у дачыненні да іншых распачалі крымінальныя справы.

Палітзняволенага Ігара Аліневіча змясцілі ў ПКТ 

Паводле @a_partisans, у памяшканне камернага тыпу Ігара адправілі пасля двух месяцаў у ШІЗА. 

У жніўні 2025 году скончыўся тэрмін турэмнага рэжыму Аліневіча, пасля чаго яго адправілі ў мазырскую калонію № 20.

Нагадаем, Ігар — актывіст анархічнага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У выніку Ігара асудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Напрыканцы кастрычніка была разгледжана апеляцыя па справе гомельскага пастара Алега Лойкі

Прысуд быў пакінуты без зменаў, а апеляцыйная скарга без задавальнення. У хуткім часе палітвязня адправяць у калонію.

Нагадаем, 49-гадовага пастара Алега Лойку асудзілі па «справе Гаюна». Яго абвінавацілі паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і прызначылі тры з паловай гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Такі прысуд вынес Сяргей Сакалоўскі. На судзе палітвязень не прызнаў, што зрабіў злачынства. 

Пастар шмат гадоў займаўся рэабілітацыяй людзей з наркатычнай залежнасцю ў рамках місіі «Вяртанне». Дзякуючы яго дзейнасці сотні чалавек вярнуліся да нармальнага жыцця. Пра мужчыну раней неаднаразова з захапленнем пісалі дзяржаўныя СМІ.

На мінулым тыдні Алега Лойку дадалі ў «спіс экстрэмістаў».

Палітвязня Паўла Шпетнага асудзілі па новай крымінальнай справе яшчэ на два гады зняволення 

У Бабруйску 8 кастрычніка адбыўся суд над палітзняволеным актывістам анархісцкага руху Паўлам Шпетным. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суд Бабруйска і Бабруйскага раёна прызначыў Паўлу яшчэ два гады зняволення ў дадатак да шасці гадоў калоніі, піша @belarus_abc.

Павел — жыхар Брэста. Яго затрымалі 2 сакавіка 2021 у межах крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху з Брэсцкай вобласці. У верасні 2022 года Паўлу прызначылі шэсць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў).