Урсула фон дэр Ляен: Еўрасаюз увядзе новыя санкцыі супраць Беларусі

Кіраўніца Еўрапейскай камісіі анансавала ўзмацненне санкцый супраць Беларусі. Пра гэта яна заявіла на прэс-канферэнцыі пасля падпісання новай дэкларацыі аб супрацоўніцтве ЕС і NATO.

berlin_sankcii_1_logo.jpg


Па яе словах, Еўрасаюз узмоцніць падтрымку Украіны, а таксама працягне аказваць ціск на Расію і тых, хто падтрымлівае яе ваенным шляхам.

«Еўрапейскі Саюз працягне рабіць што ў яго сілах, каб падтрымаць адважны народ Украіны. Мы працягнем ціск на Крэмль столькі, колькі гэта спатрэбіцца, удараючы па рэжыме санкцыямі. Мы пашырым санкцыі на тых, хто вайсковым чынам падтрымлівае расійскую вайну, гэта значыць Беларусь і Іран. Мы прасунемся далей з новымі санкцыямі супраць Беларусі, адказваючы на яе ўцягванне ў гэтую расійскую вайну ва Украіне», — сказала яна.

У сваім выступленні, кажучы пра пагрозы бяспекі ЕС, якія ўзніклі ў апошні час, яна таксама згадала міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і ЕС, арганізаваны, па яе словах, рэжымам Лукашэнкі.

Нагадаем, што ЕС увёў некалькі пакетаў санкцый адносна Беларусі яшчэ да расійскага ўварвання ва Украіну — за парушэнне правоў чалавека ў краіне і фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў. Аднак найбольшыя санкцыі краіна займела праз падтрымку ўварвання Расіі ва Украіну. Пад санкцыі трапляюць нафта і нафтапрадукты, некаторыя артыкулы калійных угнаенняў, ёсць забарона на транспарціроўку калію праз Еўропу, некалькі беларускіх банкаў былі адключаны ад міжнароднай сістэмы фінансавых пераводаў SWIFT.

Таксама пад санкцыямі аказаліся некалькі буйнейшых прадпрыемстваў Беларусі і амаль усе прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу. Існуе забарона на пастаўкі ў Беларусь мікраэлектронікі, прадукцыі двайнога прызначэння.


У траўні мінулага года прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка сказаў, што «праз санкцыі аказаўся заблакіраваны практычна ўвесь экспарт Беларусі ў краіны Еўрапейскага саюза і Паўночнай Амерыкі; гэта сума, якая ўмоўна раўняецца ў год 16-18 млрд долараў».

Гэта прыкладна траціна ўсяго экспарту Беларусі.