«Расія і Беларусь будуць адкінутыя на паўстагоддзя назад»

Праз вайну ва Украіне і еўрапейскія санкцыі ў дачыненні да Расіі ўжо сёння беларусы губляюць працу.


Пра тых, хто застаўся без працы сёння, і беларускую эканоміку заўтра — у гутарцы «экстрэмісцкага» ў Беларусі радыё з чытачамі і эканамістам.


«Каго не звольнілі, таго скарацілі ці перавялі на 3-дзённы працоўны тыдзень»

Чытачка працавала на ААТ «Элема» ў Мінску. «Я была на выпрабавальным тэрміне. На пачатку сакавіка са мной развіталіся. Сказалі: складаная сітуацыя, няма продажу, невядома, што будзе далей. Звольнілі не толькі мяне, але і тых, у каго падыходзіў да канца кантракт, хто трапіў пад скарачэнне. Іншых перавялі на 3-дзённы тыдзень», — кажа беларуска.

«Я працаваў на сумесным беларуска-ўкраінскім прадпрыемстве дрэваапрацоўкі. Вытворчасць закрываецца. Кіраўніцтва сказала нам: “Да пабачэння”. Гэта некалькі соцень чалавек», — расказаў чытач.

Засталася без працы фрылансерка, якая займалася апрацоўкай відэа. Замежная кампанія спыніла супрацоўніцтва з беларусамі. «Працаваць наўпрост з кліентамі немагчыма — не засталося спосабаў адпраўляць аплату на карткі беларускіх банкаў», — удакладніла яна.

Чытач працаваў у кампаніі «Шате-М плюс», якая займаецца пастаўкай запчастак для аўто. «Закрываюцца рэгіянальныя склады, работнікаў вымушаюць звальняцца на ўласнае жаданне. Каб не плаціць кампенсацыі, афіцыйна гэта не ліквідацыя складоў. Калі адмаўляешся звальняцца, тады пераводзяць на 0,1 стаўкі да канца кантракту. Пры звальненні на ўласнае жаданне абяцаюць кампенсацыю ў памеры тысячы рублёў», — кажа беларус.

Таксама чытачы паведамляюць, што працу страцілі:

  • некаторыя індывідуальныя прадпрымальнікі, якія атрымлівалі аплату ад заказчыкаў праз расійскія карткі;
  • уласнікі дробнага бізнесу: бо ўзляцелі цэны на сыравіну, або яе немагчыма купіць (напрыклад, раней яе набывалі ў Еўрасаюзе ці ва Украіне);
  • таргетолагі, якія працавалі на расійскіх кліентаў у Instagram ці Facebook;
  • супрацоўнікі міжнародных кампаній, што займаюцца перавозкамі.


«Гэта міна запаволенага дзеяння, крызіс будзе толькі нарастаць»

Эканаміст Аляксей Харкевіч суправаджаў у Беларусі розныя інвестыцыйныя праекты, кажа:

«Ніводзін з іх не меркаваў выкарыстоўваць беларускія ці расійскія тэхналогіі. Можна ганарыцца беларускай “малочкай”, але яна мадэрнізаваная за кошт еўрапейскіх тэхналогій. Малако запакоўваецца ў шведскі Tetra Pak, для сыроў выкарыстоўваюцца імпартныя бактэрыі і закваскі. У сельскай гаспадарцы ўсё трымаецца на імпартным насенні. Ці засталося нешта ад свайго фонду насення, гэта вялікае пытанне», — кажа эканаміст.

Ён кажа, што Беларусь за 30 гадоў прайшла вялікі шлях, каб убудавацца ў сусветную эканоміку. «Цяпер, калі разарваць гэты ланцужок, выйдуць са строю не 1-2 звяны, а прыкладна палова ланцужка. Вярнуць як было ні праз год, ні праз дзесяць будзе немагчыма. Расія і Беларусь будуць адкінутыя на паўстагоддзя назад — у тыя часы, па якіх так настальгуюць нашы бабулі і дзядулі», — кажа Аляксей.

Ён лічыць, што беларускую эканоміку чакае калапс, асабліва калі беларускія войскі пойдуць ва Украіну.

«Мы ж мяжуем з Украінай. І пасля васьмі гадоў канфлікту Расіі і Украіны былі такой своеасаблівай “пракладкай” у нафтавай сферы. Было шмат напрацавана схем гандлю палівам праз беларускія НПЗ. Цяпер гэта ўсё бурыцца, гэта вялікія страты для бюджэту, каласальныя сумы. Значыць, пацярпяць і бюджэтнікі, бо ў нашай эканомікі моцны сацыяльны складнік», — кажа эканаміст.

«Непрыемнасці» чакаюць і міжнародныя перавозкі. «Мы развілі лагістыку, станавіліся такім хабам. А што будзе цяпер, калі мы не можам ехаць ва Украіну, краіны Еўропы? Каму мы патрэбныя? — задаецца пытаннем эканаміст. — І вялізная фінансавая праблема, калі немагчыма правесці плацяжы. Гэта тычыцца ўсіх, хто працуе на Еўропу. Сёння яшчэ, можа, і працуюць, але заўтра еўрапейцы не захочуць мець справы з беларусамі, у тым ліку праз складанасці з праводам аплаты».


«Голаду пакуль не будзе»

Эканаміст прагназуе праблемы і ў будаўнічай сферы, бо тэхніка (пагрузчыкі, бульдозеры, асфальтаўкладчыкі) і інструмент закупляецца ў краінах Захаду, Японіі ці ЗША.

«У нас проста няма такой якаснай тэхнікі. Ну, пакуль тэхніка ёсць, пакуль працуе. А запчасткі для яе дзе браць? Будзе падаць узровень жыцця. Гэта пацягне за сабой зніжэнне попыту на жытло, сацыяльныя аб’екты. А ў нас шмат працуе людзей у сферы будаўніцтва, і яны мелі для Беларусі адносна добрыя прыбыткі», — зазначае Аляксей Харкевіч.

Кажучы пра прадукты харчавання, Аляксей ужывае выраз «адтэрмінаваныя рызыкі» і прагназуе, што пакуль голаду ў Беларусі не будзе.

«Базавыя прадукты будуць. Але шмат чаго ў Беларусі проста не вырошчваецца, імпартуецца. Напрыклад, тая ж рыба, апельсіны, дый вялікі пералік іншых тавараў. Ёсць такая тэорыя, што калі людзі бяднеюць, яны павялічваюць ужыванне базавых прадуктаў. Будзем за кошт сваёй бульбы выжываць. Прыйдзецца перагледзець рацыён харчавання. Але сёння яшчэ сітуацыя не крытычная», — дадаў Аляксей Харкевіч.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: