На беларускім заводзе «Штадлер» звальняюць работнікаў
Швейцарская кампанія Stadler Rail не плануе зачыняць свой завод у Беларусі. Пра гэта заявіў старшыня савета дырэктараў кампаніі Пітэр Шпулер. Аднак прадпрыемства пацярпела ад санкцый.

Бізнесовец прызнаў, што прадпрыемства пацярпела ад санкцый, уведзеных супраць беларускай улады. Завод у Беларусі пазбавіўся доступу да еўрапейскіх электронных кампанентаў, якія выкарыстоўваюцца, напрыклад, у кандыцыянерах цягнікоў, сістэме інфармавання, піша Еўрарадыё са спасылкай на swissinfo.ch.
Таму «Штадлер» вымушаны перанесці частку зборачных аперацый з Беларусі ў Польшчу і Швейцарыю. Вытворчасць у Фаніпалі будзе надалей скарачацца.
Ужо цяпер з ранейшых 1700 супрацоўнікаў засталося 1150 чалавек. Але плануюцца і далейшыя значныя скарачэнні: цягам трох месяцаў кампанія мяркуе скараціць персанал прыкладна да 700-800 чалавек.