«У шахцёраў заробкі ўпадуць ў 3-4 разы». Што зараз адбываецца на «Беларуськаліі»?
«Беларуськалій» прыпыніў працу аднаго з пяці рудаўпраўленняў. На прадпрыемстве тлумачаць гэта планавым рамонтам. Чаканыя тэрміны замены абсталявання і запуску вытворчасці не паведамляюцца. Паводле звестак «НН», можа быць прыпыненая праца яшчэ двух рудаўпраўленняў, аднак гэтую інфармацыю пацвердзіць не ўдалося. Самі шахцёры тым часам чакаюць падзення заробкаў праз зніжэнне вытворчасці на фоне цяжкасцей са збытам калію.
На другім рудаўпраўленні 21 сакавіка пачалі замяняць шахтавы скіп — спецыяльны пад'ёмнік выкапняў і пароды з шахт на паверхню. «Ужыванне
новага абсталявання дазволіць бяспечна і стабільна вырабляць адгрузку калійнай
руды», — паведамляюць у тэлеграм-канале «Беларуськалія».
«Гэта ўсе планавыя працы, у нас ніякіх збояў няма», —
патлумачыла блогу «Отражение» кіраўніцтва другога рудаўпраўлення. Ад
якіх-небудзь іншых каментароў у гэтым структурным падраздзяленні «Беларуськалія» адмовіліся.
«НН» тым часам паведамляе, што можа быць
прыпыненая праца яшчэ двух рудаўпраўленняў. Аднак пацвердзіць гэтую інфармацыю блогу не ўдалося. Толькі адзін шахцёр сцвярджае, што здабычу калія маглі спыніць
на чатырох рудніках (з улікам другога), астатнія работнікі, з якімі ўдалося пагутарыць, гэтыя даныя не пацвярджаюць.
У «Незалежным прафсаюзе гарнякоў» паведамілі, што
«прадпрыемства працуе», а па тлумачэнні параілі звярнуцца непасрэдна на
«Беларуськалій».
Атрымаць аператыўны каментар у кіраўніцтва прадпрыемства не
атрымалася. Пры гэтым там ні пацвердзілі, ні абверглі інфармацыю аб
прыпыненні здабычы на рудаўпраўленнях.
Некалькі работнікаў «Беларуськалія» распавялі, што
на астатніх рудніках скарацілі аб'ёмы вытворчасці, а на асобных — часткова
прыпынілі здабычу калію. Але гаворкі пра поўнае прыпыненне астатніх
рудаўпраўленняў, паводле іх слоў, не ідзе (акрамя другога). «На чацвёртым рудніку стаіць толькі ніжні гарызонт (адзін з узроўняў ў шахце), а верхні
— працуе», — распавялі двое работнікаў.
«З працай у выхадныя можна было атрымаць і 6-8
тысяч». Што з заробкамі?
Работнікі «Беларуськалія», з якімі ўдалося пагутарыць, чакаюць прыкметнага падзення заробкаў. Яны гэта звязваюць якраз са зніжэннем вытворчасці.
— У мінулым месяцы каля тыдня папрацавалі — інтэнсіўна
загрузілі склады. Нядаўна пару дзён ударна пасеклі (здабывалі калій) — і ўсё на гэтым у сакавіку, — кажа шахцёр аднаго з рудаўпраўленняў. — Людзі прыходзяць, займаюцца рамонтам, абслугоўваннем і гэтак далей.
Назапасілася шмат усяго. «Беларуськалій» колькі гадоў ужо працуе на
максімуме, рамонты ішлі на хаду проста, на каленцы фактычна. Задача была больш і
больш працаваць, дамагчыся лепшага выніку. Як праходзіць мой працоўны дзень?
Рамантую, чыню, гэта значыць, прыбіраецца ўсё тое, на што ў гады вельмі
высокага попыту вочы проста заплюшчваліся.
Паводле слоў гэтага работніка, больш за ўсё заўважаць падзенне
заробкаў шахцёры.
— Тыя, хто непасрэдна займаецца здабычай руды. Заробак у нас
складаецца з фіксаванай тарыфнай стаўкі і астатніх даплат. Яны залежаць ад
таго, як спрацавалі месяц. Зыходзячы з гэтага, налічваюцца прэміі, даплаты,
выслуга гадоў, начныя змены, выхадныя дні (трайная аплата) і гэтак далей, — тлумачыць суразмоўца. — Дарэчы, да санкцый праца ў выхадныя пастаянна
практыкавалася. Ды і шахцёры былі не супраць падзарабіць. Цяпер ты нічога звыш
атрымаць не можаш. Увесь сакавік фактычна такі. Таму можна разлічваць толькі на
голы тарыф. У «здабычнай» групы ён каля 2000 рублёў. Для параўнання: у добры месяц
з працай у выхадныя можна было атрымаць і 6-8 тысяч. За сакавік заробак у
шахцёраў упадзе ў 3-4 разы.
Яшчэ адзін работнік «Беларуськалія» паведаміў, што «пакуль выплаты па калектыўнай дамове ажыццяўляюцца ў поўнай меры, але
ўсе разумеюць, што скарачэнне выплат не за гарамі, бо ёсць праблемы з
пастаўкамі прадукцыі».
З якімі праблемамі сутыкнуўся «Беларуськалій»
У пачатку снежня мінулага года запрацавалі санкцыі ЗША супраць «Беларуськалія», якія ўвялі ў жніўні. У адрозненне ад еўрапейскіх абмежаванняў, пад забарону трапіла ўся прадукцыя гэтага прадпрыемства. Гэта прывяло да таго, што з 1 лютага 2022-га спыніўся транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз Літву.
Дапамагчы Мінску з перавозкай прадукцыі падахвоцілася
Масква. Сярод магчымых варыянтаў называліся пастаўкі праз порт Мурманска. Аднак
да запуску маршруту пакуль справа не дайшла. Варыянт пераарыентаваць транзіт на
Украіну таксама праваліўся.
Яшчэ адзін удар па «Беларуськалію» нанесла нарвежская «Yara» — кампанія паабяцала спыніць супрацоўніцтва з першага
красавіка.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Ёсць вялікая рызыка, што прасядуць пастаўкі на асноўныя рынкі збыту — у Індыю, Кітай і Бразілію. Апошняя краіна мае намер павялічыць здабычу ўласных выкапняў і прыкметна зрэзаць закупкі за мяжой. Індыя, як паведамляецца, пакуль не падпісала кантракт з «Беларуськаліем» з-за пытанняў па лагістыцы. З Кітаем, як і з Індыяй, падпісанне новага калійнага дагавора чакалася ў 2022 годзе, але пакуль навін пра гэта не было.