Беларускі варыянт «стваральнага разбурэння»

Шчасце, як сцвярджалася ў адным з савецкіх фільмаў, — гэта калі цябе разумеюць. Аднак, як паказаў час, у якасці крыніцы шчасця могуць выступіць і санкцыі.

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Няма дабра без ліха. Справядлівасць гэтай народнай мудрасці была пацверджаная 18 сакавіка падчас рабочай паездкі ў Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці: «Момант такі: з аднаго боку, вельмі цяжкая сітуацыя. Душыць нас будуць разам з Расіяй пастаянна. Вы ж бачыце, што яны нас уключаюць у спісы, каб Расія праз Беларусь не абышла санкцыі, гэта значыць за кампанію. Але мы ж разумеем, што ім трэба загубіць нас, давесці да ўзроўню Украіны і назаўжды разабрацца з гэтым. Аднак, з іншага боку, для вас, аграрыяў, і для тых, хто вырабляе сельгастэхніку, — шчасце».
У 2020 годзе ў сельскай, лясной і рыбнай гаспадарках было занята 8,7% працоўных рэсурсаў краіны. Не так і шмат, хоць у абсалютных лічбах гэта 375,9 тысячы чалавек. Падкрэслю, гаворка ідзе пра патэнцыйна шчаслівых людзей. І гэта ва ўмовах, калі «свет ламаецца на калена»!
Колькі да згаданай лічбы працоўных трэба прыплюсаваць вытворцаў сельгастэхнікі, я не ведаю. Але колькі б іх ні было, прапаную за іх парадавацца. Хай і не ў кожны дом, але ў сотні тысяч беларускіх дамоў шчасце ў 2022 годзе пастукаецца.
Як высветлілася 18 сакавіка, заходнія санкцыі — «гэта магчымасць, гэта шанец» айчыннай сельскай гаспадарцы «падняцца з каленяў, атрымаць прадукцыю і прадаць». Амаль тры дзясяткі гадоў такой магчымасці ў яго не было — «и вот опять» (дзякуй Віктару Чарнамырдзіну за геніяльны афарызм).
Пра варты жалю стан галіны ў дасанкцыйны перыяд на сустрэчы з актывам Віцебскай вобласці было сказана нямала. Прынятыя два гады таму рашэнні аб стварэнні сямі інтэграцыйных структур, нягледзячы на клятвенныя запэўніванні кіраўнікоў, «на добрае жыццё» так і не ўдалося вывесці. Не паспрыялі набліжэнню да такога жыцця і спісанні, адтэрміноўкі, растэрміноўкі, спецрахункі і іншыя маленькія фінансавыя хітрыкі.
Каб не быць абвінавачаным у стварэнні фэйкаў, зраблю падсумаванне з дапамогай цытаты: «Ні ў вытворчай частцы (ураджай, кармы, мяса, малако, загрузка вытворчасцяў), ні, самае галоўнае, у эканамічнай і фінансавай (прыбытак і рэнтабельнасць, экспарт, абслугоўванне даўгоў) вы не выйшлі. Лічу такое становішча надзвычай ненармальным, што ў цэлым па ўсіх аб’яднаннях за мінулы год атрыманыя страты ад рэалізацыі».
Вось такое яно, вельмі ненармальнае становішча ва ўмовах новай нармальнасці.

Пра сутнасць капіталізму

Жыў ды быў — прычым не проста жыў ды быў, а актыўна працаваў — у першай палове XX стагоддзя аўстрыйскі і амерыканскі эканаміст, палітолаг і сацыёлаг Ёзэф Шумпетэр (1883–1950). У сваёй кнізе «Капіталізм, сацыялізм і дэмакратыя», у адрозненне ад большасці сваіх калег, ён разглядаў рынкавую эканоміку як дынамічны працэс.
Абмяжуюся адным прыкладам: «Пяцьдзесят гадоў таму большасць амерыканскіх кампаній маглі пратрымацца на вяршыні індэкса “S&P 500” у сярэднім каля шасцідзесяці пяці гадоў. Сёння яны выбываюць адтуль ужо гадоў праз дзесяць».
Капіталізм паводле сваёй сутнасці — гэта форма эканамічных зменаў. Стацыянарны стан яму проціпаказаны.  «Адкрыццё новых рынкаў і развіццё эканамічнай арганізацыі ад рамеснай майстэрні і фабрыкі да такіх канцэрнаў, як “USSteel”, — тлумачыў Шумпетэр, — ілюструюць працэс эканамічнай мутацыі, які бесперапынна рэвалюцыянізуе эканамічную структуру знутры, руйнуючы старую структуру і ствараючы новую. Гэты працэс “стваральнага разбурэння” (вылучана. — С. Н.) з’яўляецца самой сутнасцю капіталізму, у яго рамках даводзіцца існаваць кожнаму капіталістычнаму канцэрну».
Час разбурэння старых структур і стварэння новых, закліканых забяспечыць размеркаванне беларускага экспарту паводле прынцыпу 1/3 — у Еўропу, 1/3 — у Расію, і 1/3 — у астатнія краіны, застаўся ў мінулым. У 2020 годзе, г. зн. задоўга да расійскай «спецаперацыі» і яе першых наступстваў, доля экспарту ў Расію склала рэкордныя 45,1%. На гэтым фоне непераканаўча выглядалі 18,7% экспарту ў краіны ЕС. Цікава, што застанецца ад апошняга паказчыка па выніках гэтага года?
Не варта, аднак, параўноўваць прынцыпова непараўнальнае. Інтэграцыйныя структуры, сфарміраваныя ў рамках «беларускай мадэлі», пра якія гаворка ішла вышэй, да структураў капіталістычных дачынення не маюць. І ўжо ў сілу гэтага яны выведзеныя з-пад уздзеяння «стваральнага разбурэння». Выведзеныя ў тым ліку з дапамогай адтэрміновак, растэрміновак, спецрахункаў і гэтак далей. У нас свой тып разбурэння — нестваральны. Ён стагоддзямі ажыццяўляецца пад дэвізам «ламаць — не будаваць!».

Словы «прадпрымальнік» пошукавік не знайшоў

Цэнтральнай фігурай капіталізму, паводле Шумпетэра, яго рухаючай сілай з’яўляецца прадпрымальнік. Своеасаблівасць яго паводзін палягае ў двух момантах. Па-першае, быць прадпрымальнікам — значыць рабіць не тое, што робяць іншыя. Па-другое, быць прадпрымальнікам — значыць рабіць не так, як робяць іншыя.
Як першы, так і другі момант патрабуюць якасна іншых здольнасцяў. Адна справа — казаць, што рабіць, і раздаваць ацэнкі ў рамках звыклай руціны, і зусім іншае — тлумачыць, як трэба рабіць.
Прыгледзімся да ўдзельнікаў нарады ў Віцебскай вобласці. Людзі ўсе статусныя, «вертыкальныя». У першых шэрагах — губернатар, кіраўнікі Мінсельсгасхарча і віцебскага канцэрна «Мяса-малочныя прадукты», далей — «дырэктары аб’яднанняў, абласныя і раённыя начальнікі».
Усёй гэтай дружнай кампанія мясцовых умельцаў «рабіць не тое, што робяць іншыя» і «рабіць не так, як робяць іншыя» ў чарговы раз было даручана дэталёва разгледзець і ўзгадніць бізнес-планы развіцця мясцовых аб’яднанняў.
Знайшлося і сваё тлумачэнне адсутнасці «належнай фінансавай аддачы». У якасці крайняга быў вызначана час, якога крыху не хапіла, каб «дабудаваць пачатае і загрузіць ужо пабудаваныя аб’екты». Натуральна, было пастаўлена пытанне пра вырашэнне шэрагу фінансавых і кадравых пытанняў.
Пра каго ўдзельнікі нарады ні разу не згадалі, дык гэта пра прадпрымальнікаў. Ва ўсялякім разе, такога слова пошукавік у тэксце прэс-рэліза не знайшоў.
І гэта, мабыць, галоўная асаблівасць беларускай мадэлі. Сваім поспехам яна абавязаная варушэнню вертыкалі («ад членаў урада да даяркі»). Так бы яна і плыла па інерцыі, калі б не цяперашні «шыкоўны момант» з яго выдатнымі магчымасцямі.