Павел Усаў: Беспакаранасць памнажае зло
Палітолаг Павел Усаў разважае ў сваім тэлеграме, ці варта забываць і дараваць зло.
“Лічу, што нельга забываць і дараваць зло. Дзякуючы гэтаму яно памнажаецца. У 2017 годзе напісаў такі вось кароценькі тэкст.
Паспешлівае і неабдуманае рашэнне аб зняцці ўсіх санкцый з беларускіх уладаў і персаналу, што абслуговае рэжым (суддзяў, пракурораў, міліцыі, чыноўнікаў), прывяло толькі да таго, што яны сталі яшчэ больш упэўненымі ў сваёй беспакаранасці.
Яны адчуваюць сябе поўнымі пераможцамі і над тымі, каго збівалі, прыніжалі, пазбаўлялі свабоды, а гэтак жа над Захадам, які размахвае папяровым сцягам свабоды і дэмакратыі.
За грошы, які ўвесь гэты кантынгент чыноўнікаў-сілавікоў-фальсіфікатараў зарабіў — за тое, што збівалі, падманвалі і засуджвалі, — яны едуць у Еўропу і, папіваючы каву на Елісейскіх палях або Пьяцца-дэль-Попала, думаюць пра тое, што жыццё атрымалася.
А калі нап’юцца гэтай кавы, надыхаюцца "прагнілым" паветрам Захаду, яны вяртаюцца ў Беларусь і працягваюць з яшчэ большым азвярэннем збіваць, саджаць, фальсіфікаваць, — і мараць пра тое, што наступны свой сумленна заслужаны адпачынак яны правядуць у Празе або Вене.
Працягвайце і далей весці дыялог, заклікаць да дыялогу і трываць тых, хто выступае за дыялог з гэтай уладай, каб увесь гэты зброд мог працягваць атрымліваць асалоду ад жыцця і "культурна" развівацца.