Святлана Ціханоўская: «Я бачу кожны дзень, што беларусы не здаліся»

Лідарка дэмакратычнай Беларусі дала вялікае інтэрв'ю «Е*рарадыё», у якім падвяла вынікі 2022 года, распавяла пра скандалы ў дэмсілах, якім бачыць магчымае вызваленне палітвязняў, пра стаўленне да санкцый і незалежных СМІ і працу, якую трэба працягваць.

51400610519_1e1bac6bb3_b.jpg


Прыводзім некаторыя найбольш важныя фрагменты з гэтай гутаркі.

***

— Год быў не проста цяжкім, як мы прывыклі казаць — ён быў жудасным. Напрыканцы 2021-га, сустракаючы Каляды, многія без сваіх родных, хто зазнаў рэпрэсіі, быў у турмах, мы думалі, што горш ужо і быць не можа. Але ў 2022 годзе пачалася вайна.

Беларусь стала суагрэсарам у гэтай вайне, і трэба вельмі шмат часу, каб упэўніць свет у тым, што беларусы і рэжым Лукашэнкі — гэта розныя людзі.

Нават калі хочаш знайсці нейкія пазітыўныя навіны, нешта добрае — няма такога. Але я бачу кожны дзень, што беларусы не здаліся. І вельмі многія, хто выступіў за перамены, працягваюць працаваць на тое, каб быў шанец перамены атрымаць. Гэта надае і мне энергію.

***

— Галоўныя мэты — вызваленне палітвязняў і новыя выбары — на жаль, не дасягнутыя.

Я казала аб тым, што буду рабіць усё, што магу. Але ж гэта пытанне да кожнага: што кожны з нас робіць, які ўнёсак у агульную справу. Там, дзе я магу прыцягнуць увагу да праблемы палітвязняў у Беларусі, да гуманітарнага крызісу, да адказнасці рэжыму за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць беларусаў — я гэта раблю.

Мы прапануем розным арганізацыям, людзям, краінам, каб яны сталі медыятарамі ў пытанні вызвалення палітвязняў. Але зараз бачым, што няма такой магчымасці, і з боку рэжыму няма ахвоты. Мне здаецца, там думаюць, што вызваленне нават некаторых палітвязняў будзе паказваць іх слабасць, таму трымаюць людзей у закладніках, каб потым, мабыць, «прадаць» іх па большай цане.

Калі ёсць людзі, якія могуць паўплываць на рэжым (не хачу называць гэта «гандлем», бо гэта абражае нашых палітзняволеных), то такія спробы мы віталі б. Але няма ніякага інтарэсу сёння са стараны рэжыму — і думаю, прычына ў тым, што ціск недастатковы, ёсць, значыць, прастора для манеўру.

***

— Беларускі рэжым ужо ў руках Крамля, і новыя ці не новыя санкцыі не штурхаюць яго больш у гэтыя абдымкі.

Еўрасаюзу трэба выпрацаваць механізм супраць абыходу санкцый — вось гэтага не хапае зараз.

52424798485_bae457350d_b.jpg


***

Задача СМІ — канешне, крытыкаваць і дэмакратычных прадстаўнікоў, і прадстаўнікоў рэжыму. Вы — так бы мовіць, нашае сіта. Трэба толькі (але гэта не да СМІ), каб крытыка кампетэнцый не пераходзіла ў крытыку асобы, у абразы.

Калі вы прыходзіце ў публічную прастору з крытыкай — то вы і прапаноўвайце, а не толькі кажыце, маўляў, тыя так і так дрэнна робяць. А як трэба рабіць? Можа, у вас добрыя ініцыятывы ёсць — так мы далучымся да іх.

Калі апускаюцца рукі, дык менавіта з гэтых прычын — здаецца, мы ўсе павінны ісці ў адным напрамку, а часта бачыш, як кідаюць смецце адно ў аднаго.

Крытыка Офісу чуецца ад адных і тых жа людзей, хоць ужо ў 2020 годзе можна было працаваць разам дзеля перамен у Беларусі. Але некаторыя людзі, не хачу ўдавацца ў падрабязнасці і называць прозвішчы, вырашылі працаваць супраць Офіса ці супраць Ціханоўскай.

Аднойчы, калі ўсё гэта скончыцца, у мяне будзе магчымасць распавесці, як гэта развівалася на самай справе.

Чаму не цяпер? Я сыходжу з меркавання, што такія гісторыі зараз нам не дапамогуць і ўнёску ў дэмакратычны рух не прыўнясуць, толькі могуць пасварыць каго яшчэ больш. І людзі будуць думаць зусім не над тым, што можна зрабіць для Беларусі, запусціць яшчэ адзін збор для дапамогі нашым зняволеным ці добраахвотнікам, а над тым, што сказала Ціханоўская, ці праўда гэта — навошта, каб энергія прападала ў гэтым балоце.

***

— Помню той момант, калі апынулася ў Вільні і была ўпэўненая, што кожны беларус будзе казаць: маўляў, здрадзіла, з’ехала. А пачула столькі слоў падтрымкі, — «Святлана, як добра, што вы ў бяспецы, што вы можаце быць нашым голасам». Хоць я разумею, што галасавалі не за мяне, галасавалі за перамены.

Тая падтрымка людзей дала мне штуршок, каб рухацца.

***

— Мы сустракаемся з усімі, хто падтрымлівае незалежную Беларусь. Не магу сказаць, што дзверы адміністрацыі Зяленскага зачыненыя — пару тыдняў таму мы сустракаліся з людзьмі, якія ў вельмі блізкім атачэнні да прэзідэнта Украіны. Калі гэтыя дзверы будуць адчыненыя ім самім, калі ўкраінскія ўлады прыйдуць да думкі, што нам патрэбная сустрэча — то мы адкрытыя заўжды.

Але незалежна ад таго, будзем мы камунікаваць з прэзідэнтам напрасткі ці не будзем камунікаваць увогуле, нельга спыняць падтрымку Украіны. Яе перамога — у нацыянальных інтарэсах Беларусі, у інтарэсах іншых краін, і наша задача — падтрымліваць, як толькі можам: у медыя, добраахвотнікамі, антываеннымі акцыямі.

Мы разумеем украінскі бок і не спыняем падтрымку.

***

— Я веру ў беларускую армію, што яны таксама не хочуць удзельнічаць у гэтай вайне, не хочуць паміраць і забіваць за амбіцыі двух узурпатараў. Але ж такая сітуацыя можа і адбыцца, і мы павінны быць падрыхтаванымі да таго моманту. Таму думаем, што можна зрабіць у новых умовах.

Шмат залежыць ад таго, якія гэта будуць войскі, якая колькасць, ці лаяльныя рэжыму 2-3 тысячы людзей, ці ўся армія… Зараз выпрацоўваюцца рэкамендацыі, што можна будзе зрабіць у Беларусі і па-за межамі, каб у пэўны момант мы былі гатовыя.

Вельмі шмат намаганняў спатрэбіцца на міжнароднай арэне, бо, канешне, гэта будзе «чорная метка» для Беларусі. І калі нам удалося адбіць рэакцыю на тое, што Беларусь стала суагрэсарам, то тут праца будзе нашмат цяжэйшая.

52559874660_249d09ab18_b.jpg


***

— Украінцы дазваляюць сабе і ўсміхацца, і жартаваць, і спяваць — бо яны разам, улады і народ. Гэта тое, што надае ім сілы.

А ў нашым выпадку ловіш сябе на думцы, што ты не маеш права нават усміхацца, не маеш права адпачываць і гэтак далей, калі ў тваёй краіне адбываецца такое. Яшчэ да некаторага часу таму я не дазваляла скарыстоўваць у медыя здымкі, дзе я ўсміхаюся, бо ўжо ўяўляю, якая будзе рэакцыя ад рэжыму: людзі ў турмах, вайна, — а яна ўсміхаецца.

***

— Зараз што ні скажы, будзе гучаць банальна. Але насамрэч хачу сказаць беларусам, каб яны сябе не недаацэньвалі.

Пакуль мы будзем сябе лічыць маленькімі людзьмі, не здатнымі ні да чога, то нічога і не будзе. Усвядомьце, што кожны з вас — вялікі чалавек. Мы вельмі моцная нацыя, мы гэта ўжо даказалі і працягваем даказваць.

Не сварыцеся з тымі, хто на тым баку, спакойна даносьце сваё меркаванне, хоць зараз гэта вельмі цяжка, не прыпадабняйцеся да тых, хто гвалтам і дубінкамі спрабуе данесці свой пункт гледжання.

Ганарыцеся тым, што вы — беларусы. І помніце, што толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцця.

Паводле Салідарнасці