Пачынаецца завочны суд над Ціханоўскай, Латушкам і іншымі сябрамі Каардынацыйная рады
Сёння ў Мінску пачнецца разгляд справы Каардынацыйнай рады. Абвінавачаныя — Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Вольга Кавалькова, Сяргей Дылеўскі і Марыя Мароз. Пачатак пасяджэння ў Вярхоўным судзе ў 10.00.
![photo_2023_01_16_21_50_30__2_.jpg photo_2023_01_16_21_50_30__2_.jpg](/img/v1/images/photo_2023_01_16_21_50_30__2_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пецярым абвінавачаным інкрымінуюцца каля паўтара артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Але адметнасць сітуацыі ў тым, што і Ціханоўская, і Латушка, і іншыя фігуранты знаходзяцца за мяжой і недасяжныя да лукашэнкаўскага «правасуддзя».
Суд над сабой яны ўжо неаднаразова высмейвалі і казалі, што не ўспрымаюць усур'ёз. Ціханоўская назвала «спецвытворчасць» фарсам, а Латушка неаднаразова прапаноўваў свой удзел у працэсе дыстанцыйна. Зразумела, што ў Мінску на такое пагадзіцца не маглі.
Напярэдадні першага пасяджэння стала вядома пра новае абвінавачанне, прад'яўленае Сяргей Ціханоўскаму — у «здзяйсненні злачынства супраць правасуддзя». Паводле Следчага камітэта, Ціханоўскі «сістэматычна дапускаў непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, правакаваў канфлікты, у тым ліку з сукамернікамі. За гэта неаднаразова падвяргаўся спагнанням». Відаць, гэта і ёсць «злачынства супраць правасуддзя». Цяпер палітвязню, асуджанаму да 18 гадоў, пагражае дадткова яшчэ два.
![Хронікі палітычнага пераследу ў Беларусі: 16 студзеня Хронікі рэпрэсій за 16 студзеня](/img/v1/images/_belarus_2022_drot_turma_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__2__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Якраз 17 студзеня, у першы дзень завочнага суда над сабой, Святлана Ціханоўская выступіць на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе (Швейцарыя). Гэты форум — найпрэстыжнейшае мерапрыемства ў галіне эканомікі і палітыкі, у якім бяруць удзел сусветныя лідары, буйныя і ўплывовыя эканамісты, палітыкі, бізнесоўцы, топ-менеджары, лідары меркаванняў. Няма сумневу, што тэму палітвязняў на трыбуне ў Давосе Ціханоўская падыме, а на фоне завочнага суда і новага абвінавачання мужу ёй будзе лягчэй пабудаваць выступ.
На новае абвінавачанне супраць мужа Святлана Ціханоўская адрэагавала ўчора вечарам у сваім тэлеграм-канале.
«Беларусы не
павінны пакутаваць, бо нехта хоча ўлады. Мікалаю Статкевічу, Анджэю Пачобуту,
Дар'і Лосік, Эдуарду Бабарыку і тысячам іншых людзей прыдумляюць новыя і новыя
неіснуючыя крымінальныя справы. Тыя ж людзі зрабілі Беларусь суагрэсарам у вайне
Расіі супраць Украіны. З-за гэтых жа людзей на Беларусь працягваюць накладваць
санкцыі», — адзначыла Ціханоўская.
Яна падкрэсліла, што «рсплачваюцца за ўсё гэта 9 мільёнаў беларусаў», «расплачваюцца ростам коштаў, пустымі кашалькамі, немагчымасцю спакойна жыць», «расплачваюцца сваёй бяспекай, сваім сапраўдным і будучым сваіх дзяцей», «хтосьці расплачваецца самым каштоўным — жыццём», а «хтосьці атрымлівае велізарныя тэрміны і праводзіць лепшыя гады жыцця ў турме».
«Ужо два з паловай гады майго мужа спрабуюць выставіць злачынцам. Як спрабуюць выставіць злачынцамі беларусаў за «завышаныя» на некалькі капеек кошты на курыцу, гульню на віяланчэлі на вуліцы ці каментары ў інтэрнэце. Але для сваіх дзяцей Сяргей — клапатлівы бацька. Для сваіх паслядоўнікаў Сяргей — лідар, якому важна слухаць і чуць людзей. А для народа Беларусі Сяргей — па-ранейшаму ўвасабленне гонару, сілы і харызмы. І ніякія абвінавачванні ніколі гэтага не зменяць», — напісала палітык.
![Першы «завочны» прысуд: Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна асудзілі да 12 гадоў калоніі Першы «завочны» прысуд: Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна асудзілі да 12 гадоў калоніі](/img/v1/images/screenshot_15.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Першыя завочныя прысуды ў Беларусі ўжо агучаныя. Заснавальнікам Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну ў межах спецвытворчасці прысуджаны па 12 гадоў «завочнай» калоніі.