Першы «завочны» прысуд: Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна асудзілі да 12 гадоў калоніі

Самі абвінавачаныя на судзе не прысутнічалі, яны знаходзяцца за мяжой з восені 2020 года. Гэта першы прысуд у Беларусі па крымінальнай справе, якая расследавалася ў межах «спецвытворчасці».

screenshot_15.jpg

Экс-старшыню BSSF Аляксандру Герасіменю і выканаўчага дырэктара фонда Аляксандра Апейкіна прызналі вінаватымі ў закліках да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі. Справу разглядзела суддзя Святлана Бандарэнка, працэс пачаўся 19 снежня.
Згодна з інфармацыяй праўладных каналаў, спартоўцаў прызналі вінаватымі ў тым, што яны стварылі «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці», які прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім», і «распаўсюджвалі ілжывыя звесткі аб падзеях у Беларусі пасля выбараў-2020» са жніўня 2020 года па 20 траўня 2022 года. Таксама ім у віну ставілася тое, што яны патрабавалі санкцый супраць НАК Беларусі і іншых спартыўных арганізацый, настойвалі на пераносе міжнародных спаборніцтваў, у прыватнасці чэмпіянату свету па хакеі, заклікалі адмовіцца ад іх спансіравання.
Паводле абвінавачання, праз дзеянні Апейкіна і Герасімені некаторыя міжнародныя турніры ў Беларусі былі адмененыя. Акрамя таго, абвінавачаныя заклікалі не дапускаць спартсменаў беларускай зборнай да спаборніцтваў, у тым ліку на Алімпійскія гульні, а таксама не выступаць пад чырвона-зялёным сцягам.
У кастрычніку Аляксандр Апейкін выказаўся наконт завочных судоў у інтэрв’ю Е*рарадыё:
«Я думаю, у гэтым ёсць персанальная помста. Але ніякай асаблівай рэакцыі ў мяне не было. У такіх падзеях, у якіх мы зараз знаходзімся, гэта не ўспрымаецца як нешта асаблівае. Гэта перш за ўсё не ўспрымаецца як нейкі легітымны працэс».
Згодна з рашэннем суда ў Герасімені арыштавалі кватэру, машыну і нават акустычную сістэму
У Аляксандры арыштавалі грошы на рахунках (больш за 48 тысяч долараў), машыну Land Rover, мабільныя тэлефоны «Айфон» і «Самсунг», кватэру, машынамесца, лядоўню, акустычную сістэму і г.д.
Усё гэта пайшло на сплату грамадзянскага пазову.