Аляксандра Герасіменя: «Завочна вы мяне можаце нават расстраляць»
Сёння на адным з першых у гісторыі Беларусі завочных судоў адсутным на лаве падсудных стваральнікам Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандры Герасіменя і Аляксандру Апейкіну прысудзілі 12 гадоў зняволення. Герасіменя дала беларускім уладам адказ сапраўднай чэмпіёнкі.
![Аляксандра Герасіменя. Фота: facebook.com Аляксандра Герасіменя. Фота: facebook.com](/img/v1/images/239378283_6630561586969420_5971538697070465254_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аляксандра Герасіменя. Фота: facebook.com
Былую кіраўніцу БФСС і трохразовую алімпійскую чэмпіёнку Аляксандру Герасіменя і выканаўчага дырэктара фонду Аляксандра Апейкінапрызналі вінаватымі ў «закліках да санкцый і іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі».
Сутнасць абвінавачання палягае ў пераносе з Беларусі чэмпіянату свету па хакеі, чэмпіянату свету па пяцібор'і і чэмпіянату Еўропы па веласпорце на трэку (усе павінны былі прайсці ў 2021 годзе) — маўляў, менавіта Герасіменя і Апейкін вінаватыя ва ўвядзенні санкцый супраць рэжыму з боку міжнародных спартыўных структур.
![Што ўплывае на пазіцыю спартсменаў і іх выбар «Вельмі доўга нашы спартсмены хаваліся за прыдуманым прафесіяналізмам»: што ўплывае на выбар спартсмена і яго здольнасць гаварыць](/img/v1/images/2520_66677440138178_0.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У выніку суддзя Святлана Бандарэнка прызнала абодвух «вінаватымі» і вынесла «прысуд» тэрмінам па 12 гадоў пазбаўлення волі кожнаму: Герасімені — ва ўмовах агульнага рэжыму, Апейкіну — узмоцненага.
Каб задаволіць грамадзянскі пазоў на суму больш за 700 тысяч рублёў, суд арыштаваў маёмасць Герасімені, пра маёмасць Апейкіна не сказана ні слова.
Пад арышт трапляюць: кватэра ў Мінску з машына-месцам, аўтамабіль «Land Rover», два мабільныя тэлефоны, халадзільнік, два тэлевізары, акустычная сістэма, духавая шафа, 49 тысяч долараў з банкаўскага рахунку.
![Аляксандра Герасіменя: Будзе свабоднай Украіна — зможа стаць свабоднай і Беларусь Аляксандра Герасіменя: Будзе свабоднай Украіна — зможа стаць свабоднай і Беларусь](/img/v1/images/aljaksandra_herasimenja_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Сама Аляксандра ўжо адрэагавала на гэты прысуд:
«Пачыталі прысуд, пасмяяліся, і працягнулі далей святкаваць. Як гаворыцца, завочна вы мяне можаце нават расстраляць», — напісала яна ў сваіх сацсетках.