«Вельмі доўга нашы спартсмены хаваліся за прыдуманым прафесіяналізмам»: што ўплывае на выбар спартсмена і яго здольнасць гаварыць
Чаму адны спартсмены падпісваюць «праўладныя» лісты і крыўдуюць на народную нелюбоў, а іншыя ідуць супраць сістэмы і застаюцца любімцамі заўзятараў?
Беларускім спарстменам нельга дазваляць «заставацца з краю», піша Алег Гаруновіч на «Тр*буне». Адны спартсмены і спартыўныя функцыянеры абсалютна спакойна ездзяць на спаборніцтвы ў Расію і радуюцца дзяржаўным прэміям, патрымліваюць палітыку Лукашэнкі і ўпісваюцца за рэжым у «праўладных» лістах. Іншыя выбіраюць супрацьстаянне сістэме, якой адкрыта кідаюць выклік, часам губляючы ўсё: спакойнае жыццё, працу, дом, радзіму. Што ўплывае на выбар? Адкуль «растуць ногі» ў здольнасці падпарадкавацца і нежадання быць рабамі ў беларускіх спартсменаў?
Адказ на гэтыя пытанні Гаруновіч шукае ў адукацыі. На думку аўтара, лёгкасць, з якой сённяшнім «зоркам» айчыннага спорту дастаюцца «корачкі» ВНУ, прывучае некаторых да «кармушкі», і таму ім выбіраць «кватэру, машыну, дачу», а не сваё сумленне.
«Мяне ўразіў кавалачак біяграфіі нашага заўважнага футбаліста Паўла Савіцкага, які выступае ў вышэйшай лізе з 16 гадоў, — піша аўтар. — Неяк упусціў гэтыя дзіўныя факты, а як на днях прачытаў, дык адразу падумаў: ну хіба гэта не разгадка?
Значыць, экзамены ў школе Савіцкі не здаваў, бо быў у зборнай Беларусі — таму яму па прадметах праставілі сярэднія балы. Тым не менш футбаліст вырашыў паступаць у гродзенскую ВНУ на факультэт фізічнай культуры. Тэст па рускай мове здаў на 16 балаў са 100 (а можна было і на 10), а па біялогіі набраў 24 — і "спакойна прайшоў" па конкурсе. Нават страшна ўявіць, як Савіцкі вучыўся ва ўніверсітэце, бо футбольных спраў пасля школы ў яго значна паболела. А як Савіцкі адрэагаваў на падзеі ў Беларусі пасля выбараў і на вайну ва Украіне? Ды ніяк не адрэагаваў».
Адмаўляючыся ад свайго меркавання, такія людзі ўпадаюць у залежнасць ад рукі, якая корміць, — у дадзеным выпадку ад дзяржавы. Дзяржавы, якая не мае сувязі з грамадствам і не дазваляе гэтую сувязь іншым.
І наадварот: калі ад пачатку спартсмен выбірае веды і самаразвіццё — не толькі ў кірунку алімпійскіх медалёў, — яму прасцей несці адказнасць за ўласны выбар, за сваё жыццё:
«Баскетбаліст Ягор Мешчаракоў не проста меў шанцы на драфт у НБА, а з поўнай аддачай вучыўся ў Вашынгтонскім універсітэце імя Вашынгтона (нават прыпыняў кар’еру, каб скончыць адукацыю). Выкладчыкі з яго патрабавалi гэтак сама, як з астатніх студэнтаў. Спартыўныя актыўнасці дазвалялі не плаціць за навучанне (вось у чым крыецца сапраўдны бонус за спартыўны талент!), але лайдачыць, быць невукам нікому не дазволена. Не хочаш вучыцца — нагой пад зад, нават калі ты плаціш грошы, і вельмі малаверагодна, што нейкія спартыўныя дасягненні абібока ад такога фінала ўратуюць.
Аляксандра Герасіменя пасля школы паступіла не ў халяўны ўніверсітэт фізкультуры, а ў БДЭУ. Магчыма, у "наргасе" і быў нейкі дысконт па патрабаваннях з улікам статусу спартсменкі, але ж пасля ВНУ Герасіменю не раз бачылі на розных адукацыйных курсах, куды яна хадзіла дзеля ўласнага развіцця».
Вядома, што беларуская адукацыя таксама далёка не без граху, і прэтэнзій да яе зараз больш, чым калі б тое ні было. Але вельмі многае таксама залежыць і ад самога чалавека. Вельмі доўга, лічыць аўтар, нашы спартсмены хаваліся за прыдуманым прафесіяналізмам, які «купляла» дзяржава ў абмен на душу. І не дзіва, што пасля на міжнародных спаборніцтвах яны выглядалі далёка не самымі моцнымі.