Спорт у ізаляцыі. Чаго баяцца беларускія чыноўнікі, але не кажуць услых

Пасля пачатку вайны ва Украіне беларускі спорт амаль цалкам пазбаўлены магчымасці ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. І ўвесь гэты час спартыўныя чыноўнікі экстатычна распавядаюць у дзяржаўных медыях, якое цудоўнае цяпер настала жыццё. Як нашыя атлеты будуць перамагаць у сумесных турнірах з Расіяй. Якія вялікія грошы за гэты будуць атрымліваць. Як гаюча падзейнічаюць санкцыі на развіццё галіны.

686973759_0_0_3077_2048_600x0_80_0_1_af6eb9f3fb66dc3fb5366d3bcfe29ec9.jpg.jpg

Распавядзём, чаму ўсе гэтыя словы крывадушныя і што за імі насамрэч хаваецца.
Крывадушныя гэтыя словы таму, што нельга ў цвярозым розуме і здаровай памяці радавацца пазбаўленню самога сэнсу спорта — удзелу ў чэмпіянатах Еўропы і свету, у Алімпійскіх гульнях. Нельга шчыра хваліцца таму, што цяпер замест ЧЕ і ЧС спартсмены будуць шчыраваць на расійска-беларускіх Спартакіядах ва ўмоўных Сургуце альбо Ліпецку. Бо пясок кепская замена аўсу, як пісаў класік. Бо цяжка прыдумаць лепшую ілюстрацыю марнасці тваёй справы жыцця, чым спартландыя ў Сыктыўкары, якую ніхто ў свеце не заўважыць, рэкорды на якой не будуць нідзе зафіксаваныя і якая абсалютна нецікавая сусветнаму заўзятару.
Гэта так жа відавочна, як і тое, што сённяшні міністр спорта Сяргей Кавальчук у мінулым быў ахоўнікам Аляксандра Лукашэнкі.
Аднак той жа Кавальчук кажа ў інтэрв’ю: «Санкцыі прывядуць да таго, што беларускі спорт зверне самую пільную ўвагу на свае недахопы і недахопы, будзе з падвоенай энергіяй працаваць над іх ліквідацыяй, укараняць новае і прагрэсіўнае, а спаборніцтваў высокага ўзроўню, у якіх прымуць удзел усе нашы зоркі, ва ўсіх рэгіёнах Беларусі стане значна больш».
І жыццесцвярджальна дадае: «А гэта значыць, што папулярнасць, аўтарытэт і ўзровень усіх відаў спорту ў краіне шматкроць вырастуць».
У той ці іншай ступені аптымізм міністра — прынамсі ў публічнай рыторыцы — падзяляюць і іншыя кіраўнікі беларускага спорта. Маўляў, цяжкасці нас загартуюць, мы з Расіяй о-го-го, такія спаборніцтвы змайструем, што знешні свет памрэ ад зайздрасці.
Крывадушша падобных заяў навідавоку, і яго адчуваюць не толькі абазнаныя заўзятары ды дасведчаныя аналітыкі. Тут шмат розуму не трэба, і нават самыя маладыя спартсмены бачаць, што ў сённяшняй сітуацыі ў іх няма аніякіх перспектыў, няма шанцаў дасягнуць мараў і рэалізавацца ў абранай прафесіі.
Што таксама вельмі важна: няма шанцаў і зарабіць грошай, хаця кіраўніцтва і тут абяцае залатыя горы і запэўнівае, што заробкі застануцца на райнейшым узроўні, калі не вырастуць.
То ўзнікае пытанне: навошта тады чыноўнікі і функцыянеры так знарочыста лепяць гарбатага? Чаму так зацята цвердзяць, што ўсё добра — спорт будзе жыць лепей, жыць будзе весялей?
Прапануем такі адказ: яны проста баяцца, што спартсмены пабягуць з Беларусі. Пабягуць, як пабеглі медыкі, айцішнікі, кіроўцы, будаўнікі і прадстаўнікі іншых прафесій.
Толькі зыход медыкаў і айцішнікаў — гэта проста радок у сумнай статыстыцы. А атлет — чалавек публічны, медыйны. Рэлакацыя атлета будзе мець розгалас і сапсуе імідж той богаратуемай Беларусі, які так старанна малюе дзяржпрапаганда. Бо як жа: партыя і ўрад кажуць, што ў краіне для спартсменаў «созданы все условия», а тыя з’язджаюць і аддаюць перавагу выступам за іншыя краіны.
Што такі сцэнар цалкам верагодны, сведчыць нядаўняя заява аднаго з кіраўнікоў спартыўнага міністэрства Казахстана. Ён прама сказаў, што ўжо цяпер шэраг беларускіх атлетаў просіцца прыняць казахстанскае грамадзянства і выступаць за гэтую краіну. Недзе ў Мінску ад такіх слоў незаўважна ўздрыгнулі.
Варта адзначыць, што ў спорце «рэлакейт» досыць своеасаблівы. Каб атлеты не мянялі зборныя як пальчаткі, утылітарна абіраючы, дзе лепей кормяць, міжнародныя федэрацыі прадугледзелі адмысловы каранцін. Хоча беларус бегаць-прыгаць, скажам, за Швецыю — павінен вытрымаць плюс-мінус двухгадовы перапынак сваім у міжнародным графіку. Вытрымаў — бяжы-прыгай хоць за востраў Барнэа.
Такія правілы, вядома, многіх спыняюць, але прыкладаў, калі беларускія спартсмены пераходзілі пад сцягі іншых краін, усё роўна хапае. Гэта і гандбаліст Сяргей Рутэнка, і біятланістка Дар’я Блашко, і хакеіст Павел Карнаухаў, і футбаліст Арцём Мілеўскі. Спіс можна працягваць да самай Крысціны Ціманоўскай, якая вось-вось ужо пабяжыць за Польшчу.
Каранцін у беларускім спорце ўсталяваўся натуральным чынам — уласна, увесь беларускі спорт пасля 24 лютага і адпраўлены на каранцін. І, разумеючы, што ў бліжэйшы час ты не выйдзеш на арэну ў Берліне ці ў Амстэрдаме, а мусіш корпацца на пляцоўках у Бабруйску альбо Самары, то не-не, а думкі пра эміграцыю самі палезуць у галаву. І будзе тая галава лічыць месяцы ізаляцыі і разважаць над тым, якое грамадзянства ўзяць пасля дэдлайну. Можна і загадзя закінуць вуду ў Казахстан — спорт там фінансуюць добра і аніякіх санкцый няма.
Дык менавіта таго, што эміграцыя талентаў набудзе масавы характар, як падаецца, і баяцца беларускія спартыўныя бонзы. Таму і завіхаюцца на ніве ўхвалення даброт айчыннай мадэлі. І абяцаюць прывабныя заробкі, нягледзячы на санкцыі. І кажуць, што ў абдымках з Расіяй мы такую кузькіну маці пакажам паганаму Захаду, што ён яшчэ пашкадуе.
Калі так, то можна прагназаваць: ад віртуальных пернікаў, у смак якіх падначаленыя атлеты не вераць, дзяржслужбоўцы аднойчы пяройдуць да пугі. Ім нельга дапусціць шматлікага ад’езду спартсменаў за мяжу. Бо за адсутнасць медалёў ім па каптуры асабліва не прыляціць, а во за такую «здрадніцкую » рэлакацыю прыляціць яшчэ як.
Аднак прама цяпер яна падаецца непазбежнай. Таму што, кажуць, «зіма будзе доўгай» — санкцыі ў спорце зацягнуцца прынамсі на некалькі гадоў. І з кожным годам будзе сцірацца розніца паміж ізаляваным спартсменам і рэпрэсаваным медыкам, айцішнікам-экспатам альбо дальнабойшчыкам-гастарбайтэрам.
Усе людзі, усе разумеюць, куды насамрэч «квітнее» сённяшняя Беларусь.

Фота РІА «Новости».